Ушачане приняли активное участие в Дне снега

Cпорт

Падняць людзей з канап у марозны студзеньскі выхадны ўпершыню вырашылі сем гадоў таму – ідэя належала Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту. З тых часоў Дзень снегу актыўна адзначаецца ў 80 краінах свету. Любяць яго і на Ушаччыне, што пацвердзіла масавае спартыўнае свята, якое прайшло ў мінулую суботу ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры.

Аматары зімніх відаў спорту пачалі сцякацца сюды з самай раніцы – адны дэталёва знаёміліся з лыжнай трасай, каб у адказны момант не згубіць арыенціры, другія, клапоцячыся пра найлепшую хуткасць ходу, шчыра вастрылі лёзы канькоў, рабілі абкатку. Узроставых абмежаванняў не існавала: і “аксакалы” з салідным спартыўным стажам, і тыя, хто толькі пачынае свае жыццёвыя і фізкультурныя дыстанцыі, аднолькава радаваліся снегу, уголас смяяліся, дружна стартавалі.

Паназіраць за ходам спартыўных баталій сабралася нямала ўшачан. “Я рада, што ў свае 64 гады маю магчымасць паўдзельнічаць у такім мерапрыемстве, – зазначыла жыхарка гарпасёлка Валянціна Дунік. – Завітала сюды не толькі ў якасці гледача – прыхапіла з сабой лыжы, буду падбадзёрвацца і аздараўляцца побач з канкурсантамі. Як былы медработнік разумею важнасць заняткаў спортам, таму і застаюся актыўнай”. Такі сур’ёзны падыход раздзялялі і прадстаўнікі маладога пакалення. “Сёння ад жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў спаборніцтвах па хакеі выступае наш муж і тата Юрый, – шукаючы зручныя глядацкія месцы для трохгадовай дачушкі Лізы і сыночка Цімафея, якому ўсяго год, расказала ўшачанка Ірына Ляўшова. – Жывём непадалёк, таму змерзнуць не баімся. Ніколі не прапускаем падобных мерапрыемстваў!”.

І вось ля “Юнацтва-Ушачы” выстраіліся прадстаўнікі ўсіх 14 каманд з 16 арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Падчас урачыстага адкрыцця свята аматараў зімовых відаў спорту прывітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта У.Г.Аўдошка, а сцяг спаборніцтваў пад гукі гімна краіны па традыцыі ўзнялі мінулагоднія пераможцы – газавікі. Зрэшты, аднымі з галоўных фаварытаў лічыліся яны і сёлета, што адразу пачалі пацвярджаць практычна ва ўсіх конкурсах. Вось толькі іх сапернікі загадзя аддаваць перамогу не збіраліся. Былі рашуча настроены дэбютанты спартыўнага мерапрыемства – работнікі КУСГП “Вялікадолецкае”, упершыню асобную каманду прадставіў райаддзел унутраных спраў, а баявую дружыну аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ўмацавалі прадстаўнікі аддзялення Дэпартамента аховы.

Арганізатары пастараліся спланаваць пяць відаў праграмы так, каб спаборніцтвы праходзілі паралельна. І ўсё ж самыя актыўныя паспелі прыняць удзел адразу ў некалькіх. Сярод іх – старшыня райвыканкама Уладзімір Аўдошка, які, паспяхова пераадолеўшы дыстанцыю па лыжным біятлоне, хутка пераабуўся ў канькі і выйшаў на лядовую пляцоўку.

Зрэшты, турнір па хакеі стаў найбольш працяглым па часе і, на думку балельшчыкаў, самым відовішчным. “Урэзаны” склад каманд з трох ігракоў не знізіў спартыўна-тэхнічны складнік і толькі дадаў эмоцый. Нельга было без захаплення назіраць за гульнёй намесніка пракурора В.Банеўскага, які прадстаўляў дружыну райвыканкама. Гэтым відам спорту Віталь Эдуардавіч захапляецца з сямі гадоў. Паспяхова стрымлівалі атакі нападаючых прадстаўнікі каманды аддзела па адукацыі райвыканкама, феерылі ў варотах Віталь Клімашэўскі з Ушацкай школы і Павел Пашкоў з УП ЖКГ. І ўсё ж “бронзу” турніру ўзяла напорыстая зборная райаддзела па надзвычайных сітуацыях і ТЦСАН. Цалкам выкладалася ў гульнях і заваявала “срэбра” каманда санаторыя “Лясныя азёры”. Ну а перамогу прадказальна атрымалі прадстаўнікі аховы – энергічныя Максім Аўдошка і Андрэй Бутоўскі, а таксама іх надзейны галкіпер Уладзімір Чумакоў, якія “засвяціліся” яшчэ на нядаўнім раённым чэмпіянаце па міні-футболе, даказалі сваю ўніверсальнасць. “Вас бы ў “Дынама-Мінск”! Далі б фору прафесіяналам!” – выкрыквалі падчас гульні гледачы.

Не менш гарачыя эмоцыі кіпелі на пляцоўцы, дзе сярод жанчын праходзіла эстафета на каньках. “Хоць знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку, не далучыцца да калег проста не магла – і вельмі гэтаму рада. Нібы вярнулася ў дзяцінства, калі пераадольвала на лёдзе выстаўленыя перашкоды!” – з захапленнем каменціравала дзейства прадстаўніца РАУС Юлія Гаўрылюк. У гэтым відзе самымі хуткімі, спрытнымі аказаліся каманды газавікоў, аддзела па адукацыі, а таксама зборная аховы і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Нікога не пакінулі абыякавым спаборніцтвы біятланістаў. “Хто ўжо з’явіўся на гарызонце? Спадзяюся: наш Косця?! Ён лыжнік вопытны, не павінен прапусціць сапернікаў!” – занепакоена назіраў за ходам па дыстанцыі К.Краснова Павел Пашкоў. Зрэшты, усе канкурсанты на лыжні паказалі высокую хуткасць, а вось трапнасць у паражэнні мішэняў адкінула многіх ад прызавых месцаў. У выніку перамога дасталася камандзе аддзела па адукацыі, другі вынік – у камунальнікаў, трэці – у аддзела міліцыі.

Дынамічныя конкурсы прапанавалі ўдзельнікам арганізатары жартоўнай эстафеты – райкам БРСМ. Прабегчы на імправізаваных лыжах, “правесці” клюшкай мяч, праскакаць на фіт-мячы хутчэй за іншых атрымалася ў зборнай ТЦСАН і РАНС, газавікоў і каманды аддзела па адукацыі.

Добрай традыцыяй і ўпрыгожаннем свята стаў конкурс “Снежныя фантазіі”, што праводзіўся пад эгідай раённага аб’яднання прафсаюзаў. Сёлета творчая экспазіцыя разгарнулася акурат перад будынкам спарткомплексу, што значна яго ўпрыгожыла. Перад абаяннем мультыплікацыйных герояў, створаных зборнай ТЦСАН і РАНС, нельга было ўстаяць – менавіта гэтай рабоце дасталіся лаўры пераможцы. “Срэбра” ж і “бронза” – у газавікоў і Ушацкай школы.

Падсумаваўшы набраныя ва ўсіх відах балы, арганізатары вызначылі трыумфатараў Дня снегу. Сёлета імі сталі зборныя РАНС і ТЦСАН (першае месца), аховы і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама (другое), Ушацкая сярэдняя школа (трэцяе). Хочацца сказаць добрыя словы і пра каманды райвыканкама, ЦРБ, райспажыўтаварыства, участка электрасувязі, ПУП “Малах Плюс” і КУСГП “Вялікадолецкае”, якія не атрымалі дыпломаў, але займелі значна большае – яркія эмоцыі, сяброўскія пачуцці, прыхільнасць балельшчыкаў. Спадзяемся, што працоўныя калектывы, якія не пажадалі сёлета далучыцца да свята, пашкадуюць пра гэта, прачытаўшы наш артыкул, і ў наступны раз не паўтораць сваёй памылкі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *