Девятиклассник Никита Козловский мечтает стать мультипликатором

Мир увлечений Образование и молодежь

Свет захапленняў гэтага прывабнага юнака з адкрытай усмешкай сапраўды ўражвае. У свае чатырнаццаць гадоў Мікіта Казлоўскі займаецца лепкай, маляваннем, арыгамі, знаходзіць час на музыку і спевы.

Юны творца з аграгарадка Вяркуды прызнаецца, што цяга да прыгожага ў яго з дзяцінства – ужо ў садку хлопец не расставаўся з пластылінам. Калі ж падрос, стаў наведваць сельскі Дом культуры, вывучаць тэхнікі лепкі. Спрабаваў працаваць і з цестам, аднак гэты матэрыял горш трымаў форму…

Займаецца любімай справай М.Казлоўскі пераважна па выхадных, паколькі ў будні позна вяртаецца дамоў з Глыбачанскай школы. Цікавяць хлопца найперш персанажы вядомых фантастычных кінафільмаў, якія любіць паглядзець у вольны час.

– Перад блакітным экранам заўсёды звяртаю ўвагу на дэталі: адзенне, паводзіны і нават выраз твару герояў, – з захапленнем расказвае Мікіта. – Усё гэта пазней “пераношу” на пластылін. Каб дасягнуць максімальнай рэалістычнасці, напрыклад, не адзін дзень “падбіраў” вочы Чалавеку-Павуку, дапрацоўваў няпросты касцюм Бэтмэна.

Ёсць у дзевяцікласніка і ўласныя прыдумкі – у большасці сваёй персанажаў з гераічнай “біяграфіяй” ці з раздвоенай асобай. Пра кожнага з іх хлопец можа расказваць гадзінамі, па-дзіцячы фантазіруючы і па-даросламу філасофствуючы.

Работы Мікіты яркія, з разнастайнасцю колераў. Адчуваецца, што працаваў над імі натхнёна, старанна. Захоўвае сваю калекцыю хлопец дома ў спецыяльных скрынях. А нядаўна асмеліўся прадставіць некаторыя пластылінавыя шэдэўры на суд землякоў – у Вяркудскім СДК была наладжана адмысловая міні-выстава.

Цудоўныя вырабы атрымліваюцца ў яго і з паперы. На конкурс “Дом мары” хлопец прынёс ажно паўметровы экспанат, чым уразіў членаў журы.

А колькі ў творчым арсенале Мікіты малюнкаў – у школе, дома, СДК, асабістай старонцы ў сацсетках! Такое захапленне, па яго словах, перадалося яму ад бацькі, які таксама сябруе з алоўкамі, фарбамі.

На пытанне, колькі часу патрэбна на падзелку ці малюнак, хлопец адказвае, што ўсё залежыць ад натхнення. Калі “загарэцца” пэўнай задумай, то і ўвасобіць яе лёгка – дастаткова будзе гадзіны-дзвюх. У рэдкіх выпадках даводзіцца пасядзець і каля тыдня.

Акрамя “ручной” творчасці вабіць хлопца музыка, у прыватнасці, рок. Іграе на гітары, спявае і нават сам складае тэксты песень. Зрэшты, выйсці на сцэну для яго таксама не праблема, паколькі не першы год удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці як у школе, так і ў СДК.

Такая шматгранная творчая дзейнасць ніколькі не перашкаджае М.Казлоўскаму ў вучобе. Свой лёс ён хоча звязаць з не зусім прывычнай для большасці юнакоў і дзяўчат сферай:

– Мяркую стаць мультыплікатарам, – амбіцыйна зазначае хлопец. – Канчаткова ўпэўніўся ў гэтым на ўроках інфарматыкі, на якіх займаемся зараз камп’ютарным мадэліраваннем.

Пытанне, што падарыць Мікіту на 23 лютага, іншыя святы, у яго блізкіх, сяброў не ўзнікае – канечне ж, матэрыял для творчасці. Апошняя не толькі прыносіць юнаку асалоду, але і набліжае яго да спаўнення мары.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *