Стабильное качество и гибкие скидки. В Ушачах открылся фирменный магазин ОАО «Знамя индустриализации»

Общество

“Тут няма памылкі? Яно сапраўды каштуе ўсяго 22 рублі?” – усклікалі першыя пакупнікі новай крамы “Адзенне”, збянтэжана прыглядаючыся да цэнніка на этыкетцы стыльнага мужчынскага дэмісезоннага паўпаліто. “Усё дакладна! – усміхалася ў адказ прадавец Жанна Пятроўна Падсаднік. – Бачыце, там пазначана, што на гэты тавар устаноўлена скідка 90 працэнтаў. Праходзьце, калі ласка, у прымерачную!”

Такую карціну давялося назіраць заўчора, пасля таго як намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак і начальнік філіяла Ушачы ААТ “Сцяг індустрыялізацыі” Міхаіл Мікалаевіч Лёля перарэзалі сімвалічную стужачку, адкрыўшы ў нашым гарпасёлку фірменны магазін знакамітага швейнага прадпрыемства. Размясцілася гандлёвая кропка на тэрыторыі прамкамбіната – як мы ўжо расказвалі, 4 снежня мінулага года ён афіцыйна стаў адасобленым структурным падраздзяленнем акцыянернага таварыства.

– Некалькі год таму наша прадпрыемства адкрыла фірменны магазін у абласным цэнтры, які хутка заваяваў папулярнасць у пакупнікоў, – расказвае намеснік начальніка аддзела маркетынгу і збыту таварыства Марына Мікалаеўна Вшыўкова. – Прыцягваюць людзей як высокая якасць тавара, так і цэны: гандлёвая надбаўка ў нас не больш 25 працэнтаў, да таго ж актыўна выкарыстоўваецца сістэма скідак: калі мадэль належыць мінуламу ці пазамінуламу сезону, кошт на яе істотна змяншаецца.

Усе гэтыя прынцыпы будуць працаваць і ва ўшацкім магазіне. Ён, дарэчы, стаў для прадпрыемства першай спробай стварэння фірменнай гандлёвай кропкі ў невялікім населеным пункце. Трэба сказаць, што “Сцяг індустрыялізацыі” мае філіялы таксама ў Обалі і Барані, якія спецыялізуюцца на пашыве трыкатажных вырабаў, аднак там крам пакуль няма.

Што датычыцца асартыменту новага магазіна, то ён даволі разнастайны: паліто і курткі, пінжакі і кардыганы, махровыя халаты і трыкатаж. Вядома ж, прадстаўлена і прадукцыя, якую выпускае ўшацкі філіял – у прыватнасці, стыльныя мужчынскія штаны з 70-працэнтаў бавоўны. Дыяпазон цэн – шырокі. Да слова, прыгаданы ў пачатку кошт на паўпаліто – не самы “рэкордны”: на вешалцы мы ўбачылі плашч усяго за тры (!) рублі.

– Вось гэтыя сукенкі нядаўна рэалізоўвалі на выставе-продажы ў Віцебску па значна большай цане: зараз жа на іх 60-працэнтная скідка і, адпаведна, лічбы на цэнніку – 18 рублёў 65 капеек, – расказвае Марына Мікалаеўна. – Маем намер абнаўляць асартымент прыкладна раз у два тыдні. Мяркуем таксама “дапрацаваць” інтэр’ер, каб зрабіць нашу краму “сямейнай”: як бачыце, у магазіне ўжо ёсць мяккая канапа, на якой мужчыны змогуць адпачыць, пакуль іх другія паловы прымяраюць гардэроб, а яшчэ абсталюем невялічкую гульнявую зону для дзетак.

Вядома ж, мы пацікавіліся ўражаннямі першых наведвальнікаў новай гандлёвай кропкі.

– Прыемна, што ў гарпасёлку з’явіўся такі магазін. Тавар фабрычны, якасны, не тое што рыначнае адзенне, на якім іншы раз распаўзаюцца строчкі. Дарэчы, мы ўжо прыгледзелі тут паліто і курткі для сыноў, збіраемся прывесці іх на прымерку, – паведамілі ўшачанкі Любоў Якаўлеўна Шарак і Валянціна Андрэеўна Бутоўская.
Ну а мне, напрыклад, спадабаліся недарагія баваўняныя баечкі на хлопчыкаў.
Застаецца толькі дадаць, што новы магазін размешчаны ў двары за вытворчым корпусам філіяла, а працаваць ён будзе па буднях з 9.00 да 17.30 з перапынкам на абед з 12.30 да 13.00.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *