Очередной День информирования в трудовых коллективах Ушаччины был посвящён теме предпринимательства

Общество

Прэзідэнт краіны А.Лукашэнка ў канцы 2017 года на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў агучыў патрабаванне да кантрольных і мясцовых органаў улады: “Калі чалавек нешта ды хоча рабіць – не перашкаджайце яму, а дапамажыце. Калі штосьці не ведае – растлумачце. Толькі такімі адносінамі мы зможам забяспечыць максімальную самазанятасць людзей”. Гэта меркаванне беларускага лідара, магчымасць грамадзян ажыццяўляць пэўныя віды дзейнасці без рэгістрацыі ў якасці суб’ектаў прадпрымальніцтва стала тэмай чарговага адзінага Дня інфармавання насельніцтва, які прайшоў у працоўных калектывах Ушаччыны на гэтым тыдні.

Яна вельмі важная, а для нашага сельскагаспадарчага раёна, дзе няма вялікіх прамысловых прадпрыемстваў, асабліва актуальная. Аб гэтым гаварылася на сустрэчы старшыні райвыканкама У.Г.Аўдошкі з калектывам цэнтральнай раённай бальніцы. Дзяржава сёння ўдзяляе шмат увагі садзейнічанню самазанятасці насельніцтва, развіццю малога і сярэдняга бізнесу, стварае ўмовы для прыцягальнасці адкрыцця ўласнай справы. Як адзначыў у сваім выступленні галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі П.А.Алексяёнак, заканадаўствам нашай краіны замацаваны гарантыі зарабіць усім жадаючым, нават займаючыся любімай справай.

Для гэтага ў краіне створана адпаведная заканадаўчая база. Галоўны дзяржаўны падатковы інспектар аддзела па рабоце з плацельшчыкамі ІМПЗ па Ушацкім раёне Т.У.Шчэрбік больш падрабязна расказала аб відах дзейнасці, пры ажыццяўленні якой не трэба рэгістравацца як суб’екту прадпрымальніцтва. Да такіх адносіцца, напрыклад, рамесніцтва. Вырабы, створаныя з выкарыстаннем ручной працы і інструмента (без прамысловага абсталявання) чалавек можа рэалізоўваць рознымі спосабамі: на базарах, кірмашах, праз інтэрнэт і іншымі шляхамі. Згодна Падатковага кодэксу краіны рамесная дзейнасць можа ажыццяўляцца пасля выплаты збору адзін раз у год у памеры ўсяго 1 базавай велічыні. Пералік жа відаў дзейнасці, якімі грамадзянін можа займацца па заяўленчым прынцыпе, утрымліваецца ва Указе Прэзідэнта краіны ад 9 кастрычніка 2017 г. № 364. На 1 студзеня 2019-га года ў нашым раёне зарэгістравана 54 рамеснікі, што на 9 больш, чым на пачатак мінулага года.

Таксама ў 2017 годзе быў прыняты Указ №365 “Аб развіцці аграэкатурызму”. Ён замацаваў права вяскоўцаў, якія маюць зямельныя ўчасткі, выдзялення для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў, займацца аграэкатурызмам без змянення мэтавага прызначэння гэтых участкаў – раней аказваць такія паслугі маглі толькі грамадзяне, што мелі ўчасткі для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі. Пры гэтым дапускаецца ўзвядзенне гасцявых домікаў, якія не ўключаюцца ў жыллёвы фонд, а жылы дом можа належыць і членам сям’і асоб, якія займаюцца аграэкатурызмам. Яны маюць права дадаткова аказваць паслугі (іх пералік зацверджаны Указам) і плацяць таксама 1 базавую велічыню ў год.

Ад падаткаабкладання вызваляюцца і даходы, атрыманыя грамадзянамі ад збору і рэалізацыі ягад, грыбоў, іншай дзікарослай расліннасці, ад рэалізацыі прадукцыі пчалярства, жывёлагадоўлі (акрамя пушніны), садавіны і агародніны, іншых раслін (акрамя дэкаратыўных дрэў, кустоў, кветак), малочных і кісламалочных прадуктаў (у тым ліку і ў перапрацаваным выглядзе) – трэба толькі мець даведку аб наяўнасці зямельнага ўчастка.

Не рэгіструючыся ў якасці прадпрымальніка, можна зарабіць, нават выпякаючы булкі ці аказваючы паслугі цырульніка або рамантуючы гадзіннікі – Указам Прэзідэнта ад 19 верасня 2017 г. №337 зацверджаны пералік з 30 відаў дзейнасці, якой грамадзяне фактычна могуць займацца дома. Да пачатку работы толькі трэба паведаміць у падатковы орган аб відзе дзейнасці, перыядзе і месцы яе ажыццяўлення і заплаціць адзіны падатак, які будзе разлічаны па фіксаваных стаўках. Па словах Т.У.Шчэрбік, ва Ушацкім раёне Указам №337 у мінулым годзе скарысталіся 50 чалавек. Таксама спецыяліст адзначыла, што любому грамадзяніну, які мае намер заняцца прадпрымальніцкай або рамесніцкай дзейнасцю, аказаннем паслуг ці агратурызмам, у падатковай службе заўсёды дадуць неабходную кансультацыю.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *