Сергей Сабин: «Служба в органах МВД — моё призвание!»

К профессиональному празднику

Сяргей Сабін добра памятае, як бацька прыходзіў з работы і падкідаў яго, малога, аж да столі, потым апускаў долу, адзяваў на галаву міліцэйскую фуражку і хваліў: “Малайчына! Не з баязліўцаў! Міліцыянерам вырасцеш”. І не памыліўся!

Старшы прапаршчык міліцыі Сяргей Сабін з дзяцінства засвоіў: служба ў органах – самая мужчынская справа. Ды і сямейную традыцыю парушаць не хацеў: яго бацька Міхаіл Мікалаевіч прысвяціў міліцыі амаль 30 гадоў.

Своеасаблівым знакам стала і тое, што пасля заканчэння Ушацкай школы Сяргей трапіў менавіта ва ўнутраныя войскі Рэспублікі Беларусь. Тут ён і набыў свае першыя “міліцэйскія” навыкі, якія пазней на працягу дзесяці гадоў прымяняў на службе ў Полацкім аддзеле Дэпартамента аховы, дзе быў міліцыянерам-вадзіцелем групы затрымання.

– З самага пачатку ўсвядоміў: гэта маё прызванне, – прызнаецца С.Сабін. – І таму, калі ў 2013-м разам з жонкай вярнуліся на малую радзіму, прыйшоў ва Ушацкі аддзел міліцыі, дзе быў назначаны памочнікам дзяжурнага АДС.

Службовая вахта гэтага спецыяліста доўжыцца суткі. У дзяжурнай часці функцыянуюць дзве тэлефонныя лініі 102, тэлефоны мабільных аператараў МТС і Вэлком, на якія рэгулярна паступаюць званкі. І на ўсе паведамленні неабходна хутка адрэагаваць.

– Памятаю, як даведаліся аб падзенні ля вёскі Лутава дэльтаплана і гібелі яго пілота, – расказвае памочнік дзяжурнага. – Тэрмінова на месца здарэння была накіравана следча-аператыўная група, выкліканы “хуткая дапамога” і РАНС – так робіцца заўжды пры падобных здарэннях.

Захоўваць і выдаваць зброю, сачыць за прапускным рэжымам у аддзеле і па камп’ютары за тым, што адбываецца ў камерах для затрыманых, у ізалятары часовага ўтрымання – далёка не ўвесь пералік абавязкаў аператыўна-дзяжурнай службы і Сяргея Міхайлавіча, у прыватнасці.

Нямала ў героя нашага аповеду “папяровых” спраў. Але ў гэтым ёсць свае плюсы. Перапісаная некалькі разоў інфармацыя, нібы тая таблічка множання, трывала асядае ў галаве. Бывае, паступае новае паведамленне і тут жа прыгадваюцца звесткі, з якімі працаваў год таму. І вось ужо па падказцы “дзяжуркі” раскрываецца злачынства.

Прынцыповасць, справядлівасць, уважлівыя адносіны да кожнага чалавека – якасці, без якіх, па меркаванні С.Сабіна, служыць у міліцыі немагчыма. І такі ўзважаны падыход дае свой плён – у паслужным спісе Сяргея Міхайлавіча нямала ўзнагарод, у тым ліку медаль “За бездакорную службу” ІІІ ступені.

…Вольны час герой нашага аповеду звычайна праводзіць з блізкімі, якія з павагай і цярпеннем адносяцца да яго прафесіі. Але і дома ён працягвае абдумваць нюансы здарэнняў, што адбыліся за суткі – такая ўжо раўнівая гэта “дзяжурка”: не адпускае тых, хто верна ёй служыць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *