Пожарный аварийно-спасательный пост №11 агрогородка Великие Дольцы — самый молодой

Cлужба-101 К профессиональному празднику

Кожны дзень на пажарным аварыйна-выратавальным пасту №11 аграградака Вялікія Дольцы праходзіць па ўжо адным адладжаным сцэнарыі: пастраенне, праверка баявога абмундзіравання, прыняцце тэхнікі і памяшкання ад папярэдняй дзяжурнай змены, у склад якой уваходзяць 2 чалавекі. На службу па чарзе выходзяць тры каравулы. Усяго ж гэты невялікі калектыў складаецца з 8 чалавек, тут служаць Уладзімір Лабань, Канстанцін Пацэйка, Аляксандр Солтан, Сяргей Хамічонак, Сяргей Хрыпель, Юрый Кісель, Аляксандр Ярмош, а ўзначальвае калектыў малады выратавальнік Дзмітрый Глінскі. Дарэчы, гэта самы малады пост аддзела – палова яго супрацоўнікаў – члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, а Уладзімір Лабань узначальвае пярвічную маладзёжную арганізацыю ўсяго аддзела.

За 2014 год на тэрыторыі паста адбылося тры пажары, на жаль, загінуў адзін чалавек. Выратаваць мужчыну было немагчыма, хоць і ў лічаныя хвіліны пасля паведамлення вялікадолецкія супрацоўнікі выехалі на ліквідацыю вогненнай стыхіі, якая разгулялася ў аграгарадку 21 красавіка. Каля дваццаці разоў выязджалі выратавальнікі ПАВП №11 і на тушэнне сухой расліннасці. Скажыце – невялікія лічбы – так. І ў гэтым перш за ўсё заслуга выратавальнікаў, якія галоўны ўпор робяць на прафілактычную работу. Абследуюць домаўладанні, асабліва тыя, дзе пражываюць адзінокія людзі, інваліды, дзеці. Сочаць за тым, каб выконвалася супрацьпажарная бяспека – была спраўнай печ, калі трэба – заменена электраправодка, былі ўстаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. У перыяд ўборачнай кампаніі яны дзяжурылі ля зернеўборачных камбайнаў і мехдвароў – і як вынік – не было ніводнага ўзгарання падчас жніва.

І заступаючы на кожнае дзяжурства, яны гатовы ў любы момант выехаць на трывожнае паведамленне. У баявым разліку – дзве аўтацыстэрны, адна асноўная, другая – рэзервовая. Радыус выездаў, вядома, пакрывае тэрыторыі не толькі сельсавета, а намнога далей, нават суседнія раёны. А калі няма трывожных выклікаў, супрацоўнікі сочаць за належным станам тэхнікі, займаюцца тэарэтычнай і фізічнай падрыхтоўкай, адпрацоўкай аператыўных планаў, удзельнічаюць у вучэннях і спартыўных спаборніцтвах. Паколькі літаральна ўсе нарматывы па фізічнай і пажарна-выратавальнай падрыхтоўцы супрацоўнікі паста здаюць на «добра» ці «выдатна», то менавіта яны адстойваюць гонар аддзела на абласным узроўні – Уладзімір Лабань і Юрый Кісель у мінулым годзе прымалі ўдзел у конкурсе «Лепшы па прафесіі» і ўвайшлі ў дзясятку лепшых. А яшчэ гэтых статных юнакоў можна заўважыць на ўсіх масавых раённых мерапрыемствах. Паколькі менавіта яны з’яўляюцца сцяганосцамі на святкаванні Дня Перамогі і Дня Незалежнасці, дзякуючы ім каманда аддзела заўсёды на прызавых прыступках у спартыўных мерапрыемствах.

Пастаянная баявая гатоўнасць, пастаянна падтрымліваць сябе ў выдатнай фізічнай форме – гэта іх штодзённая задача.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: А.Солтан і С.Хрыпель.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *