Ушачский спортивный клуб «Импульс» встретился с глубокским «Эдельвейсом» на базе «Юность-Ушачи»

Cпорт

За адносна невялікі час дзейнасці нашага спартыўнага комплексу ў ім ужо адбылося безліч падзей, было ўстаноўлена і нямала своеасаблівых рэкордаў. Да рангу апошніх можна было б далучыць мерапрыемства, на якім давялося прысутнічаць у адну з раніц лютага: у зале барацьбы агульна-фізічнымі практыкаваннямі адначасова займалася каля 70 жанчын “залатога” ўзросту – чым не рэкорд у намінацыі самая масавая трэніроўка!
Пастаўлены ж ён быў аб’яднанымі намаганнямі двух клубаў – нашага “Імпульса” і глыбоцкага “Эдэльвейса”. Жанчыны з суседняга раёна прыехалі да сваіх ушацкіх сябровак ужо ў другі раз, а першая сустрэча адбылася летась і стала своеасаблівым імпульсам для развіцця нашага аднайменнага спартыўнага клуба. Ушачанкі засталіся ў захапленні ад фізічнай формы сваіх глыбоцкіх равесніц і пачалі актыўна іх даганяць. І дасягнулі ў гэтым відавочнага поспеху: калі “глыбоцка-альпійскія кветачкі” разам умацоўваюць здароўе ўжо 11 год, то нашы “імпульсіўныя” фізкультурніцы за некалькі месяцаў пераўзышлі суседак па масавасці ды і фізічныя кандыцыі істотна падцягнулі.
У гэтым якраз можна было ўпэўніцца падчас сумеснай трэніроўкі. Выканаўшы насычаны комплекс практыкаванняў пад кіраўніцтвам трэнера Таццяны Леанідаўны Клопавай, прадстаўніцы абодвух клубаў, па маім меркаванні, павінны былі ў стоме прысесці на лаўкі, але замест гэтага… узброіліся гантэлямі для працягу заняткаў з кіраўніком глыбоцкага клуба Валянцінай Андрэеўнай Савіцкай. Скажу шчыра, у мяне б на такі фізічны марафон наўрад ці хапіла сіл, і я вельмі здзівілася, калі яна агучыла свой узрост. Такія лічбы жанчыны звычайна не афішуюць, а вось Валянціна Андрэеўна пра тое, што ёй 80, кажа з гонарам – чым не арыенцір для тых, хто, атрымаўшы статус пенсіянеркі, гатовы без бою здацца старасці і хваробам! Кіраўнік “Эдэльвейса” – чалавек з цікавым і няпростым лёсам. У юнацтве Валянціна прафесійна займалася гімнастыкай, выступала на адным памосце з алімпійскімі чэмпіёнкамі Ларысай Латынінай, Лідзіяй Івановай, была знаёма і з Вольгай Корбут. Самы складаны момант яе біяграфіі – 14 месяцаў работы ў чарнобыльскай зоне, але і там яна ўмудрылася стварыць фізкультурны клуб! “Тыя калегі, з якімі мы займаліся ў Брагіне, жывыя і зараз. Абсалютна ўпэўнена, што спартыўная актыўнасць, падтрымка арганізма ў тонусе – галоўныя фактары даўгалецця. Вам жа, ушачанам, пашчасціла мець такі храм спорту – карыстайцеся гэтым на поўную моц!” – рэзюміруе наша цікавая госця.
“На заняткі нас цягне магнітам, бо ў клубе мы не проста трэніруемся: мы тут жывём!” – адзначае ўдзельніца “Імпульса” Яўгенія Пятніца. “Паходы, экскурсіі, удзел у фестывалях, канцэртах, валанцёрскім руху – мы побач не толькі ў зале, а і ў жыцці”, – кажуць глыбачанкі Мая Завадская і Лілія Глушонак. Ну а сумесная трэніроўка жанчын стала рэкорднай не толькі па колькасці ўдзельніц, а і па шчырасці пазітыўных эмоцый, цеплыні сяброўскіх зносін, якія, несумненна, будуць працягвацца і ўмацоўвацца!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *