В Ушачах прошли соревнования по стритболу

Cпорт

Еўрапейскі спартыўны форум, што пройдзе гэтым летам у Мінску, прадстаўнікі некаторых відаў спорту разглядаюць у тым ліку ў якасці пляцоўкі, дзе можна выпрабаваць новаўвядзенні, якія ў хуткім часе дэбютуюць на Алімпійскіх гульнях. Да такіх, у прыватнасці, належыць стрытбол – “вулічны” варыянт баскетбола, дзе гульня ідзе тры на тры і на адно кальцо. Гэты дынамічны від спорту хутка набірае папулярнасць у свеце, а таму пазалетась быў афіцыйна ўключаны ў алімпійскую праграму. Такім чынам, турнір на Еўрагульнях стане своеасаблівай рэпетыцыяй да стрытбольных баталій у Токіа-2020. А пакуль яшчэ ёсць крыху часу, многія краіны імкнуцца падрыхтаваць канкурэнтаздольныя каманды па новым відзе. У іх ліку і Беларусь, якая памятае дастойныя алімпійскія выступленні жаночай баскетбольнай зборнай і спадзяецца на новыя поспехі. Асвойваюць папулярную гульню і ў беларускай глыбінцы. У мінулую суботу спарткомплекс “Юнацтва-Ушачы” прымаў першы раённы турнір па стрытболе.

Зрэшты, абсалютным дэбютам гэтага віду ва Ушачах спаборніцтвы не сталі: летась у зале комплексу праходзіла матчавая сустрэча паміж камандамі сектара фізічнай культуры, спорту і турызму і райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Названыя зборныя выйшлі на пляцоўку і ў гэты раз, а кампанію ім склалі дзве каманды юнакоў-актывістаў БРСМ. Прынамсі, менавіта раённы камітэт маладзёжнай арганізацыі стаў ініцыятарам правядзення спаборніцтваў: ушацкія старшакласнікі звярнуліся да яго старшыні Рыты Хрыпель з пажаданнем наладзіць баскетбольны турнір. У раённым фізкультурна-спартыўным клубе ідэю з гатоўнасцю падтрымалі і дапамаглі рэалізаваць, прапанаваўшы “кампактны” і відовішчны стрытбольны фармат. Лічыцца, што ў гэтым відзе гульні з аранжавым мячом антрапаметрычныя даныя не з’яўляюцца галоўным козырам, а на першы план выходзіць спрыт і індывідуальнае майстэрства. Тым не менш у першых матчах турніру фізічна больш моцныя зборныя сектара спорту і райаддзела МНС мелі прыкметную перавагу над камандамі “Норды”, складзенай з 11-класнікаў, і “Ірбіс”, за якую гулялі на год маладзейшыя хлопцы. Аднак у ходзе спаборніцтваў юнакі згуляліся, лепш засвоілі правілы. У выніку лёс матчу паміж выратавальнікамі і “Нордамі” вырашыла на карысць першых усяго адно ачко. Вельмі ўпартым аказаўся паядынак маладзёжных каманд, у якім вызначаліся ўладальнікі “бронзы”. Яго асноўны час зафіксаваў нічыю, а ў экстратайме перамогу вырваў “Ірбіс” – аўтарам выніковага кідка стаў Раман Долгі. Яшчэ больш відовішчным аказаўся матч за “золата”. Спачатку ініцыятывай у ім завалодалі выратавальнікі, у стане якіх асабліва вылучаліся Мікалай Шустроў і Андрэй Каз’янін, і калі ўжо здавалася, што лёс матча вырашаны, за справу ўзяўся Андрэй Лодзіс – два яго трапныя пападанні з-за шасціметровай дугі выраўнялі лік і таксама перавялі паядынак у фармат дадатковага часу, дзе ўдача была на баку каманды сектара спорту.

Усе ўдзельнікі турніру атрымалі дыпломы, а прызёры – падарункі ад БРСМ. “Упершыню назірала за стрытбольнымі гульнямі – і ведаеце, гэта вельмі цікава!” – падзялілася ўражаннямі Р.Хрыпель. – Увогуле разглядаем у якасці напрамку нашай работы арганізацыю спаборніцтваў па папулярных у моладзі відах “вулічнага” спорту”. “Мы рады, што наша прапанова знайшла такое ўвасабленне! – адзначыў ігрок “Нордаў” Арцём Маслоўскі. – Баскетбол – вельмі папулярная гульня і хацелася б, каб на ўроках фізкультуры ў нашай школе ёй надавалі больш увагі”. “Цікава было паспрабаваць свае сілы побач з дарослымі мужчынамі і мусім падзякаваць ім за тое, што гулялі супраць нас азартна, але без залішняй жорсткасці, – дадаў ігрок “Ірбіса” Павел Андрэйчык. – Пасля гэтых матчаў узнікла яшчэ большая цікавасць да трэніровак”. Сярод гледачоў былі маленькія хлопчыкі-футбалісты, якія перажывалі за свайго трэнера Рамана Фядосенку, выступаўшага за сектар спорту. Па яго меркаванні, элементы стрытболу карысна выкарыстоўваць і ў падрыхтоўцы спартсменаў па іншых гульнявых відах, бо яны выдатна развіваюць каардынацыю, мысленне. Пацвердзіў гэту думку і наш прызнаны футбаліст А.Лодзіс, прыгадаўшы, што баскетбольныя навыкі набыў на занятках у вучылішчы алімпійскага рэзерву.

Ну а гульню сапраўдных прафесіяналаў мы маем магчымасць убачыць на свае вочы: спаборніцтвы па стрытболе ў праграме Еўрагульняў пройдуць у Мінску з 21 па 24 чэрвеня. Дарэчы, сектар фізічнай культуры, спорту і турызму плануе арганізоўваць калектыўныя паездкі на турніры спартыўнага форуму.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *