Работники коммунального хозяйства Ушаччины отметили профессиональный праздник

Общество

Ні адна з прафесійных дат не аб’ядноўвае столькі сфер нашага жыцця. Каб яно было камфортным, прадпрыемствы працавалі без перабояў, а вуліцы выглядалі прыгожымі, штодня стараюцца яны – работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Урачыстасць з нагоды свята прайшла на мінулым тыдні ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.
– Свой лёс вы звязалі з нялёгкай, неспакойнай, адказнай, але вельмі неабходнай усім людзям справай, – заўважыў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, вітаючы прысутных. – Вынік плённай працы вялікай кагорты работнікаў – чысціня і парадак на Ушаччыне, высокая якасць паслуг, цяпло і гарачая вада ў дамах у гарпасёлку і сельскіх населеных пунктах.
Са словамі ўдзячнасці ў адрас прысутных Уладзімір Генадзьевіч уручыў перадавікам УП ЖКГ Ганаровыя граматы і Падзякі старшыні райвыканкама. Прыемны сюрпрыз чакаў у гэты дзень бухгалтара Таццяну Сяргееўну Гулевіч, якая ўдастоена Ганаровай граматы Віцебскага аблвыканкама. Падзякі старшыні аблвыканкама аб’яўлены вальшчыку лесу ўчастка па нарыхтоўцы драўніны Аляксандру Пятровічу Сурвілу і машыністу кацельні Сяргею Генадзьевічу Філімонаву, Ганаровымі граматамі Галоўнага ўпраўлення ЖКГ аблвыканкама ўзнагароджаны машыніст кацельні Андрэй Віктаравіч Броўка і слесар участка жылфонду Аляксей Вячаслававіч Карабань.
Шмат цёплых слоў у адрас прадстаўнікоў УП ЖКГ, якое адзначае сёлета 75-гадовы юбілей, прагучала ад намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Вітальевіча Галяковіча. Тое, што старшы майстар па абслугоўванні і эксплуатацыі жылфонду Ніна Мікалаеўна Маковіч удастоена ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”, а дыспетчар Надзея Леанідаўна Барадулька адзначана нагрудным знакам “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі”, гаворыць аб поспехах ушацкага прадпрыемства. І чарговае таму пацверджанне – Падзяка Прэзідыума Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў, аб’яўленая спецыялісту па кадрах, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Таццяне Мікалаеўне Міцкевіч.
Віншуючы віноўнікаў урачыстасці, старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч падкрэсліла, што практычна ніводная “прамая лінія” ці прыём грамадзян не абыходзяцца без пытанняў, якія датычацца іх дзейнасці. Праца асобных спецыялістаў ацэнена Ганаровымі граматамі райсавета. А ўвесь калектыў за значны ўклад у навядзенне парадку на зямлі, выкананне мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні атрымаў Ліст падзякі ад раённай арганізацыі “Белая Русь”.
– Наша прадпрыемства – адно з самых буйных на Ушаччыне, зараз тут працуе 228 чалавек, – зазначыў у сваім выступленні галоўны інжынер УП ЖКГ Мікалай Уладзіміравіч Свірко. – Летась выручка ад рэалізацыі жыллёва-камунальных паслуг склала 4 мільёны 200 тысяч рублёў. Мы завяршылі 2018 год без страт, а з 13 даведзеных паказчыкаў выканалі 10.
Такія дасягненні – вынік штодзённай работы вялікага дружнага калектыву. У ліку перадавікоў сёлета аказаліся таксама машыніст кацельні ўчастка “Арэхаўна” Андрэй Лявонцьевіч Барысавец, дыспетчар Таццяна Рыгораўна Жукава, слесар-сантэхнік участка жылфонду Сяргей Анатольевіч Курбака, майстар участка “Вяркуды” Аляксандр Міхайлавіч Сурынаў, машыністы кацельняў участкаў “Арэхаўна” і “Глыбачаны” Артур Аляксандравіч Ігнатовіч і Антон Андрэевіч Павукоў – усім ім уручаны Ганаровыя граматы УП ЖКГ Ушацкага раёна.
Без ушацкіх камунальнікаў не праходзіць амаль ніводнае мерапрыемства, што ладзіцца ў раёне. І да кожнага яны падыходзяць творча, з ініцыятывай. За ўсё гэта, а таксама актыўны ўдзел у грамадскім жыцці прадпрыемства Ганаровай граматай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі УП ЖКГ узнагароджаны рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў Юрый Міхайлавіч Лаюшка.
Не засталіся без увагі і віншаванняў ветэраны службы. Тыя ж з іх, хто мае нагрудны знак “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі”, атрымалі кветкамі і грашовыя прэміі.
Яркіх эмоцый удзельнікам урачыстасці дабавіў канцэрт, падрыхтаваны работнікамі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, артыстамі мастацкай самадзейнасці Ушаччыны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *