Тайный «гибкий» график, или Почему население жалуется на несвоевременный вывоз мусора в населённых пунктах района?

Выясняем ситуацию

Адной з умоў падтрымання парадку на тэрыторыі населеных пунктаў, у тым ліку і сельскіх, недапушчэння стыхійных звалак бытавых адходаў смецця, з’яўляецца належная арганізацыя рэгулярнай ачысткі кантэйнераў. Тую схему, якая існуе зараз у нашым раёне, ідэальнай назваць, канечне, нельга. Доказам таму – пастаянныя скаргі насельніцтва на несвоечасовы вываз смецця, закрыццё сельскіх міні-палігонаў і недастатковую колькасць кантэйнераў.
Аналізуючы прэтэнзіі вяскоўцаў да камунальнікаў, прыходзіш да высновы, што самая распаўсюджаная з іх – кантэйнеры не вывозяцца на працягу значных тэрмінаў. У сувязі з гэтым яны стаяць перапоўненыя і смецце няма куды выкідаць.
Майстар участка цвёрдых бытавых адходаў УП ЖКГ Ушацкага раёна Д.П.Станкевіч, да якога мы звярнуліся з просьбай пракаменціраваць сітуацыю, не абвяргае праблемы, а з закрыццём сельскіх міні-палігонаў яна абвастрылася – кантэйнераў не хапае. Пэўныя захады для яе вырашэння камунгас прымае, будуць набывацца дадатковыя ёмістасці для смецця, магчыма часцей стануць хадзіць смеццявозы. Разам з тым у службе заяўляюць, што не так усё адназначна і “вешаць усіх сабак” на камунальнікаў нельга.
– Для прыкладу прыгадаю паказальную сітуацыю, якая адбылася ў Двор Пліне ўчора, – расказвае Дзмітрый Паўлавіч. – З раніцы ачысцілі перапоўненыя кантэйнеры, а праз некалькі гадзін атрымлівалі тэлефанаванні, што “смецце не вывозіцца тыднямі”. Асабіста выязджаў на месца – кантэйнеры і на самой справе былі загружаны – сукамі, галінамі, мінулагодняй сухой травой з пяском. Між іншым, ёмістасці прызначаны менавіта для цвёрдых бытавых адходаў, да якіх прыгаданае смецце ніяк не адносіцца. І так па ўсім раёне, асабліва вясной. Людзі выкідаюць у кантэйнеры адходы будаўнічых матэрыялаў, сухое вецце пасля абрэзкі садоў, а ля гаражнага масіву ў гарпасёлку – цэлае дрэва… Зразумела, што пасля таго, як у ёмістасць аб’ёмам 0,75 кубічнага метра засунуць старыя дзверы і вокны, а зверху канапу (бывае і такое!), то для бытавых адходаў, для якіх, паўтаруся, і прызначаны кантэйнеры, месца не застаецца. Выкарыстоўваць іх па прызначэнні заклікаю ўсіх грамадзян. Робіце рамонт, не патрэбна вам старая мэбля – закажыце ў нас прычэп або хаця б не выкідайце буйнагабарытныя рэчы ў кантэйнер. Калі сухое сучча не патрэбна ў якасці дроў, яго можна проста спаліць. Некаторыя грамадзяне кажуць, маўляў, “нельга гэтага рабіць, выратавальнікі аштрафуюць”. Так, могуць, але толькі тых, хто не захоўвае правілы пажарнай бяспекі. Знішчаць жа смецце расліннага паходжання, кантралюючы спальванне, можна – інакш ніякіх кантэйнераў не хопіць.
Што датычыцца нараканняў на невыкананне графікаў вывазу, па словах Д.П.Станкевіча, ён захоўваецца – на смеццявозах устаноўлены навігатары, па якіх можна прасачыць, калі аўтамабіль апошні раз заязджаў у той ці іншы населены пункт. Таму па кожным факце трэба разбірацца асобна. Перыядычнасць вывазу смецця розная і залежыць ад колькасці пражываючых на канкрэтнай тэрыторыі людзей. У мікрараёны буйных вуліц Садовай, Дзяржынскага, Віцебскай і некаторых іншых аўтамабіль камунальнікаў заязджае кожны дзень, у тым ліку і ў выхадныя, дзесьці – два разы на тыдзень, на больш аддаленыя ад цэнтра і не так густа населеныя вуліцы – адзін.
У сувязі з гэтым падаецца лагічным узмацніць кантроль за работай спецтранспарту. Перыядычнасць заезду машыны камунгаса не павінна быць для людзей тайнай – вывешаны ж у пад’ездах шматпавярховак графік уборкі. Неабходна і карэкціраваць існуючую схему, у цёплы перыяд года заязджаць у вёскі і аграгарадкі часцей. А ў маленькіх населеных пунктах, магчыма, і графік не патрэбны – туды можна накіроўваць транспарт, скажам, па заяўцы старэйшыны. Праблема існуе, і яе трэба вырашаць.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *