Люди и птицы: две точки зрения на ситуацию

Выясняем ситуацию

Нашы людзі ў большасці сваёй неабыякавыя да прыроды. Аб гэтым сведчыў званок у рэдакцыю. Узрушаная жанчына апісала карціну, якую назірала на полі непадалёк ад Кубліч. Трактар узворваў глебу, праводзячы перазалужэнне, і літаральна з-пад яго колаў выпырхвалі птушкі – кнігаўкі, жаваранкі, – з пранізлівымі крыкамі кружыліся вакол машыны і нават біліся ў шкло. Тут жа лёталі буслы і вароны. Як падалося жанчыне, трактар бурыў птушыныя гнёзды, і птушкі такім чынам адчайна імкнуліся абараніць сваё патомства. 

Наш карэспандэнт выехаў на поле, каб на свае вочы пабачыць гэты “птушыны вэрхал”. Птушкі сапраўды лёталі тут у вялікай колькасці.
– Яны мітусяцца ля трактара ў пошуках ежы, падбіраюць з узаранай глебы чарвякоў, – выказаў свае меркаванні работнік мясцовага сельгаспрадпрыемства. – Я і сам іх адганяю, як магу, ды ўсё ж самыя апантаныя часам трапляюць пад колы. Птушак сёлета на полі шмат, як ніколі. Колькі год працую – такога “наступства” яшчэ не бачыў…
З чым гэта звязана? І чый пункт гледжання бліжэйшы да ісціны? Ці існуюць пэўныя абмежаванні пры правядзенні сельгасработ у перыяд гнездавання? За тлумачэннем гэтых пытанняў мы звярнуліся да спецыяліста – намесніка дырэктара па навукова-даследчай рабоце Бярэзінскага біясфернага запаведніка Валерыя Сямёнавіча Іўковіча.
– Хутчэй за ўсё, кнігаўкі і жаваранкі сапраўды адстойвалі свае гнёзды, бо яны робяць іх на зямлі і менавіта ў пачатку мая. А буслы і вароны, птушкі драпежныя, зляцеліся туды па ежу. Трактарысту трэба было паведаміць пра гэтую непрыемную сітуацыю кіраўніку сельгаспрадпрыемства, а той павінен быў пракансультавацца з інспекцыяй па ахове расліннага і жывёльнага свету. Перазалужэнне на гэтым полі трэба было зрабіць раней ці крыху пазней – праз два тыдні птушаняты ўжо змаглі б лятаць. Кнігаўкі і жаваранкі не з’яўляюцца ў нас рэдкімі птушкамі, але ж любая істота павінна мець права на жыццё.
На жаль, умяшанне чалавека ў прыроду не можа праходзіць бясследна. Але хацелася б, каб яно было максімальна карэктным – як у добрых суседзяў, якімі мы з’яўляемся на гэтай зямлі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *