Министр юстиции Республики Беларусь Олег Слижевский с рабочим визитом посетил Ушачский район

Общество

Каб эфектыўна кіраваць галіной, неабходна дакладна ведаць стан спраў у ёй, на свае вочы бачыць, як дзейнічае механізм не толькі на вяршыні структурнай піраміды, а і ў яе аснове, чуць ацэнку сваёй работы з вуснаў простых людзей. Такія магчымасці кіраўнікам міністэрстваў і ведамстваў дае правядзенне прыёмаў грамадзян у рэгіёнах краіны.
На мінулым тыдні ў нашым раёне пабываў міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Леанідавіч Сліжэўскі. Пытанні, якія належаць да кампетэнцыі Міністэрства, на Ушаччыне, як правіла, вырашаюцца ў рабочым парадку і не маюць надзвычайнай вастрыні. Абумоўлена гэта як высокім прафесійным узроўнем супрацоўнікаў мясцовых службаў, так і вялікай увагай, якая надаецца прававой асвеце насельніцтва: ушачане маюць магчымасць абмеркаваць цікавячыя іх пытанні ў “грамадскай прыёмнай”, спецыялісты адпаведных сфер пастаянна даюць публічныя кансультацыі, у тым ліку і на старонках раённай газеты. Таму і нядзіўна, што не знайшлося жадаючых звярнуцца з набалелымі праблемамі непасрэдна да міністра юстыцыі. Аднак сваё прабыванне ва Ушачах Алег Леанідавіч выкарыстаў, каб пабачыць, як арганізавана ў раёне дзейнасць усіх курыруемых Міністэрствам службаў, пазнаёміцца з супрацоўнікамі, вылучыць праблемныя моманты работы. Дапамагалі яму ў гэтым начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Пятровіч Канапелька і памочнік міністра Аляксей Аляксандравіч Клімовіч.
Так, у размове з натарыусам Ж.Л.Каваленкай Алег Леанідавіч паведаміў аб магчымай адмене льгот спагнаннікам выканаўчых надпісаў, з-за якіх натарыят, што функцыянуе на прынцыпе самафінансавання, губляе значную частку даходаў. Да прыкладу, летась Жанна Леанідаўна здзейсніла 427 выканаўчых надпісаў і толькі трэць з іх – на платнай аснове. Па словах міністра, разглядаецца таксама пытанне аб перадачы натарыусам паўнамоцтваў па прастаўленні на дакументы апастылю (міжнародная форма пацвярджэння іх законнасці). У цяперашні час гэтым займаецца галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкама і грамадзянам даводзіцца дзеля названай працэдуры ехаць у абласны цэнтр.
Было што абмеркаваць з кіраўніком Міністэрства і супрацоўнікам аддзела прымусовага выканання. Справа ў тым, што з усіх аддзелаў вобласці ва ўшацкім на аднаго судовага выканаўцу прыпадае самая высокая нагрузка. Алег Леанідавіч пацікавіўся ў начальніка аддзела А.В.Маслюк акалічнасцямі работы, паабяцаў высветліць магчымасць увядзення ў штат яшчэ адной адзінкі.
Зацікаўленая гутарка адбылася ў сектары па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама. Міністр запытаў пра колькасць працэдур, якія выконвае служба “адно акно”, а загадчык сектара І.Л.Літвінава паведаміла пра іх запатрабаванасць, пра тое, што робіцца для зручнасці заяўнікаў. Пабывалі госці і ў аддзеле загса, дзе яго начальнік А.М.Малашчанка правяла кароткую экскурсію, расказала пра правядзенне ўрачыстых цырымоній. Абмеркавалі прысутныя як нюансы дзейнасці аддзела, так і няпростую дэмаграфічную сітуацыю ў раёне.
Увогуле Алег Леанідавіч падаўся чалавекам шчыра зацікаўленым не толькі ва ўдасканаленні дзейнасці падраздзяленняў сваёй сферы, а і ўвогуле ў паляпшэнні ўзроўню жыцця жыхароў раёна. Разам са старшынёй райвыканкама У.Г.Аўдошкам яны абмеркавалі шырокае кола пытанняў – ад напрамкаў і перспектыў развіцця эканомікі рэгіёну да магчымасці правядзення на базе комплексу “Юнацтва-Ушачы” рэспубліканскай спартакіяды работнікаў сістэмы Міністэрства юстыцыі. Адным словам, візіт А.Л.Сліжэўскага на Ушаччыну атрымаўся насычаным і канструктыўным.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *