«Деревня у нас интересная, сами себя обслуживали»: Анатолий Ледник из Слободы о жизни и родных местах

Общество

Праведзены напярэдадні конкурс падпісчыкаў стаў падставай для нашых зімовых маршрутаў. І першай на карце пазначылі вяркудскую Слабодку. Таму што і не прыгадаць, калі апошні раз былі там, а галоўнае, што літаральна ўсе пастаянныя жыхары выпісваюць “Патрыёт” на паўгода! Не верыце – дарэмна, проста ў зімовы час штодня дымяцца коміны толькі ў суседзяў Леднікаў. І калі рэкламаваў вёску Міхаіл Сцяпанавіч, падкрэсліў, што практычна ўсе жыхары маюць такое прозвішча. Вось і Надзея Васільеўна Леднік хутка павінна вярнуцца з горада. Сёння ж мы раскажам пра Анатоля Сямёнавіча, а праз яго крыху і пра гісторыю вёскі.

Паварот на Слабодку адкрыў зімовую казку. Заснежаныя сосны, яркія домікі, кругом светла і ўтульна – здымак, варты навагодняй паштоўкі. Калі ж пад’ехалі да перадапошняга дома – проста ахнулі. Нідзе яшчэ не бачылі такой распісанай сядзібы. Шалёўка зруба ператварылася ў суцэльную карціну.

– Гэта дачка мая Алёнка варожыць, – сустрэў у двары гаспадар. – І не вучылася на мастака, а атрымліваецца і падабаецца. Хутка кутка без малюнка не застанецца. Прычым, так імгненна гэта робіць. Пакуль я ў двары нешта майстрыў, заходжу, а падлога ў трысцене ўжо таксама ў кветках.

Дом А.Ледніка распісаны як звонку, так і знутры. Стол і стулы стварылі гарнітур у стылі ружовага гжэлю, ім у тон печ, услончык, табурэт, бітоны. На брамах гаража, пабудоў – пеўні, ды і пёс Найдзік мог бы прэтэндаваць на перамогу ў конкурсе самай арыгінальнай будкі. Можна было ўявіць, як прыгожа тут летам, паколькі пад кожным акном і вакол веранды і зараз сумуюць без кветак шматлікія кашпо.

Набываў Анатоль Сямёнавіч гэты дом побач з бацькоўскім у дзяцей Сцяпана Восіпавіча Літвіна. Перадаўся ў спадчыну і рытм былога гаспадара. Трактарыст гаспадаркі і пячнік-самавучка ні хвіліны не сядзеў без справы. Да яго ішлі, каб перакласці комін, ну а сястры дапамагчы з сякерай ці касой па некалькі разоў на дзень бегаў.

– Вёска ў нас цікавая, самі сябе абслугоўвалі, – працягвае аповед А.Леднік. – Пачатковая школа ў Слабодцы працавала, і ў ёй два ўласныя настаўнікі – Феадосія Мікалаеўна Бурак, Кацярына Афанасьеўна Літвін і Валянціна Міхайлаўна Леднік. Была кузня і шавецкая майстэрня. Імя каваля не памятаю, яго па рамяству ўсе і клікалі, здаровы дзядзька быў. Жалезную рэч вырабіць, апусціць у вялікі кубак з вадой, каб астудзіць, а ваду тую потым вып’е. Усім раіў, казаў што карысная. А пад вялізнымі драўлянымі калодамі ў яго манеты ляжалі – відаць на ўдачу, дык мы намагаліся перакуліць і дастаць. Вадзіцелем быў Пахом Леднік. Тата мой выдатна цяслярыў – усім рамы ды асады рабіў. Шафы – разныя, з антрэсолямі, заказвалі па ўсёй акрузе, як і валёнкі – трывалыя і вельмі цёплыя яны ў яго атрымліваліся. Таму і я нешта ўмею – веранду, напрыклад, сам прыбудоўваў. Зразумела, як і продкі – рыбачу. У нас з трох бакоў азёры – Оталава, Крывое, Турасы. Бацька начоўкі акунёў прыносіў, таму юшка, сушаная, катлеты ды фаршыраваны шчупак – частыя стравы і зараз. Ну і паляўнічы я са стажам. Лыжы вось гэтыя спецыяльныя, шырокія, яшчэ ў шасцідзясятыя гады куплены. Станаўлюся і напрамкі на сустрэчу з брыгадай, а там і ў лес. Усе трафеі асобна захоўваю.

І гэта не адзінае захапленне Анатоля Сямёнавіча. Ад бацькі навучыўся яшчэ граць на гармоніку. А з першых самастойных заробкаў у калгасе набыў сабе “Фет” – кожнае лета яны з братамі працавалі на конях: ганялі бульбу, вазілі сена, а калі ў школе вывучыўся на трактарыста, нават і сеяў самастойна. Пасля гуртка кінамеханікаў, які ў Дубраўскай школе вёў фізрук А.П.Ляцягін, і ў арміі займеў дадатковае даручэнне – круціў фільмы, а брат Мікалай нават працаваў кінамеханікам – прывозіў стужкі не толькі ў клубы, а і ў якую-небудзь хату, дзе збіраліся вяскоўцы.

Калі ўсё гэта хобі, то прафесійна, на выдатна Анатоль Сямёнавіч умее варыць. Не супы ды кашы, а метал. Хоць і не заканчваў універсітэтаў, але ж наведваць іх даводзілася пастаянна. Адказнасць на прадпрыемстве “Нафтазаводмантаж” была вельмі высокая, штогод праходзілі перанавучанне, слухалі лекцыі. “Нафтан” разрастаўся, і на трэцяй, чацвёртай устаноўках гідраачысткі можна адшукаць персанальнае кляймо Анатоля Ледніка – вышэйшая адзнака для электразваршчыка. Некалькі разоў ездзіў у камандзіроўкі ў Чачню – таксама рамантавалі ўстаноўкі аналагічнага завода.

А вось фотаапарат больш за ўсё спатрэбіўся ў Якуціі на золатаздабычы. На той час ужо ажаніўся на мясцовай дзяўчыне з Цётча і паехаў з земляком за доўгім рублём. Працавалі па дванаццаць гадзін. Рабілі ўсё – і масты за 4 дні будавалі, па якіх праходзіў БелАЗ з 70 тонамі грузу, і на рамонт бурыльных установак маглі пасярод ночы падымаць пасля працоўнай змены.

На рахунку Анатоля Сямёнавіча 3 тоны 150 кілаграмаў золата. Не яго аднаго, канечне – арцелі

Спачатку працавалі бурыльныя ўстаноўкі вымалі з глыбіні пароду на пробу – калі добрая канцэнтрацыя золата – зямлю ўздымалі і машынамі накіроўвалі на золатаздабывальныя станцыі, а на месцы падчышчалася астатняе – грунт ішоў на лафеты, з якіх з дапамогай ртуці “выцягвалася” золата. А колькі ў тайзе бачылі шурфоў – слядоў самавольнай здабычы. Прырода за Алтаем вельмі прыгожая, багатая, ягад і грыбоў процьма. Многа зрабіў спачатку чорна-белых, а потым і каляровых здымкаў Анатоль Сямёнавіч. Ды надакучвае чужая прыгажосць. Грошай за тры гады зарабіў, што не паспеў і патраціць – усё прапала падчас перабудовы. Разжыўся толькі ружжом, гаражом і прыгожыя якуцкія шапкі родным справіў.

У Слабодку ён прыязджаў пастаянна, як і ўсе чацвёра дзяцей ветэрана вайны Сямёна Аляксандравіча Ледніка. Маці Кацярына Мікалаеўна статусу партызана не мела, хаця акопы капала не раз. Прыгадвала, як падчас вайны хаты пераносілі ў глыбокія ўпадзіны паміж Слабодкай і Баброва – там і хаваліся. Тады цясніліся людзі, бо будынкі былі невялікія, а сем’і – наадварот. Ну а зараз разраслася сям’я Леднікаў, а ў Слабодцы любяць адпачываць і дзеці, і ўнукі. Таму і купіў Анатоль Сямёнавіч хату побач. Асобна, ды ўсё роўна разам.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *