У нядзелю на ўшацкія палі выйшла зернеўборачная тэхніка – у бункеры камбайнаў гулка пасыпалася першае збожжа новага ўраджаю.
Апошнім часам жніво не чакае надыходу названага ў яго гонар месяца і распачынаецца на некалькі тыдняў раней. Быў перыяд, што стартавалі з рапсавых участкаў, зараз жа ролю першапраходца перахапіла новая культура – азімы ячмень. Выспявае ён хутчэй за іншых, а сярод аргументаў на яго карысць – магчымасць расцягнуць жніво ў часе і, адпаведна, больш эфектыўна размеркаваць кадры і тэхніку.
Яны ж ва ўшацкіх гаспадарках у дэфіцыце – таму вельмі прыемнай весткай для ільюшынскіх аграрыяў стала папаўненне аўтапарку новенькім КЗС-1218. Месца за штурвалам заняў вопытны Васіль Калітуха – і канечне, адразу ацаніў выгоды сучаснага “Палесся”.
“У кабіне не тое што кандыцыянер, а нават і невялічкі халадзільнік маецца – вось, падвячорак у яго можна пакласці ці ліманад астудзіць”, – механізатар ахвотна дэманстраваў нам сваё ўтульнае працоўнае месца.
А тым часам, на ўскрайку жніўнага поля ля Дудчыны работніца “Ільюшынскага” Вольга Міхейка разлівала па талерках наварысты суп і раскладвала катлеты, прагатаваныя ўшацкімі кааператарамі.
Даставіў абеды на палеткі вадзіцель Вадзім Рыкцер – незаменны працаўнік, які гатовы быць карысным на любым вытворчым участку: і ў будаўніцтве, і на ўладкаванні сянажных траншэй, і за рулём, як у той дзень. У “Ільюшынскім” ён чацвёрты год і за гэты час заслужыў аўтарытэт у калег не толькі сваёй працавітасцю, а і годнымі рысамі характару.
А вось вадзіцель Сяргей Іваноў у штаце гаспадаркі не значыцца – разам са сваім МАЗам прыбыў на дапамогу ільюшынцам з ДРБУ-105. На жніве ён неўпершыню і да такіх камандзіровак ставіцца з разуменнем.
Тым часам кароткая абедзенная паўза скончылася, і пакуль камбайн і МАЗ пераязджалі на суседні ўчастак, яшчэ адзін ветэран гаспадаркі Віктар Буйніцкі завяршаў прасаванне саломы на толькі што зжатых палетках. “Хочам адразу падрыхтаваць глебу да новай сяўбы, бо азімы ячмень сваім раннім выспяваннем дае магчымасць весці работу без аўралу”, – прыгадаў яшчэ адну вартасць культуры вопытны аграрый.
На пытанне ж, ці годны ўраджай на старасельскіх ячменных палетках, начальнік участка Віктар Шэршань патлумачыў, што абмалот пачалі не з самых лепшых участкаў, таму ўраджайнасць пакуль складае 23 цэнтнеры з гектара, з тых жа, дзе сеялі “эліту”, разлічваюць узяць прыкметна больш.
У “Ільюшынскім” клін самай ранняй зерневай культуры складае 181 гектар, больш толькі ў “Сафійскіх дарах” (432), а ўсяго па раёне яна займае сёлета 750 гектараў. У пачатку тыдня да ўборкі збожжа прыступілі ўсе гаспадаркі апроч “Глыбачан”. Раённы паказчык ураджайнасці азімага ячменю – 24,3 ц/га, што на парадак вышэй чым летась. У панядзелак на ўшацкіх палях працавала пяць камбайнаў, але ў бліжэйшыя дні работы разгорнуцца больш масава. У тым жа “Ільюшынскім” свае “Палессі” да жніўнага марафону рыхтуюць нязменныя перадавікі Анатоль Спірыдзёнак і Аляксандр Майсеенка. Ну а афіцыйны старт сёлетняй уборачнай хутка будзе дадзены на традыцыйных “Зажынках”.
Наталля БАГДАНОВІЧ.