Сельхозпредприятия Ушачского района завершают сев озимых зерновых культур

Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

Механізатараў КУСГП “Арэхаўна, задзейнічаных на сяўбе, я застаў, ля Ліпавак, дзе прыгожымі роўнымі радамі засявалісь меліярацыйныя палі з не менш прыгожымі назвамі “Вербачкі” і “Домікі”.

— Гэтыя палі знаходзяцца ля трасы, можна сказаць “паказальныя”, – адзначае галоўны аграном КУСГП “Арэхаўна” Юрый Цімафеевіч Пуцыковіч, – але якасці сяўбы мы патрабуем ад механізатараў незалежна ад таго, дзе знаходзяцца ўчасткі.

50 гектараў азімай пшаніцы ва ўрочышчы “Домікі” пры спрыяльных умовах механізатар КУСГП “Арэхаўна” Аляксандр Гусёнак, па яго словах, засее за два дні. 15 гадоў працуе трактарыстам у сельгаспрадпрыемстве, з невялікім перапынкам, калі працаўладкаваўся ў райпаліўзбыт, але хутка вярнуўся назад у гаспадарку і зноў сеў за руль трактара.

— Маці “пасадзейнічала”, – кажа механізатар. – Тады яна яшчэ працавала ў гаспадарцы, вось і пераманіла мяне назад.

Дарэчы, бацькоў хлопца, начальніка ўчастка Зінаіду Арсенцьеўну і механізатара Мікалая Іванавіча Гусёнкаў добра памятаюць і паважаюць у “Арэхаўне”, якому яны аддалі не адзін дзясятак гадоў працы.

Зараз Аляксандр Гусёнак кіруе магутным МТЗ-3022, да якога прычэплены пасяўны агрэгат АПП-6Д. Трактар разам з сеялкай паступіў у гаспадарку 4 гады назад і быў перададзены яму як аднаму з лепшых трактарыстаў. З пачатку сяўбы механізатар пасеяў 92 гектары рапсу, 37 — трыцікале і 229 — пшаніцы з 520 гектараў засеяных азімых культур.

У гэтым годзе для гаспадаркі значна павялічаны план сяўбы азімых зерневых. Ён складае 920 гектараў замест 750 мінулагодніх. Дапамагае Аляксандру Гусёнку прадстаўнік УП ЖКГ Ушацкага раёна Мікалай Прашкевіч, які калісьці сам працаваў у гэтай гаспадарцы. Яго КЗР з трохметровым пасяўным агрэгатам “LEMKEN” працуе на меншых участках. Іван Іванавіч Долгі з ПУП “Сарочына”, які таксама як і А.Гусёнак кіруе МТЗ-3022, рыхтуе глебу да сяўбы. На работу прыходзіць у 6 гадзін, наладжвае тэхніку і дыскатар, працуе старанна і якасна.

Ад 20 да 30 гектараў за дзень паспявае засеяць А.Гусёнак. Гэта залежыць ад даўжыні гоняў, ад таго, як паводзіць сябе тэхніка і, канечне, ад надвор’я.

– Учора пасеяў 24 гектары, гэта звыш нормы, – трактарыст дастае з кабіны расцэнкі палявых работ, якія эканаміст гаспадаркі выдае ўсім механізатарам. – Зараз падлічым… Дзесьці каля 130 тысяч рублёў зарабіў. Прыемна працаваць на такіх участках як тут – праезды доўгія, паспяваю больш сеяць.

За светлавы дзень, улічваючы перагоны, трактар “з’ядае” каля 300 літраў паліва. Саміх жа механізатараў, задзейнічаных на сяўбе, кормяць у полі два разы ў дзень. У абед прывозяць адразу і гарачае, і падвячорак. Расцэнкі для работнікаў гаспадаркі за гэта сімвалічныя – яны аплачваюць толькі 10 працэнтаў сабекошту харчавання.

– Вось, самі паглядзіце, – працягвае мне разліковы лісток за мінулы месяц А.Гусёнак, – усяго 50 тысяч набегла.

Другі МТЗ-3022 гаспадаркі, якім кіруе Мікалай Коўшаль, задзейнічаны на ўзворванні глебы. Араць у “Арэхаўне” яшчэ шмат, таму на гэтым відзе работ працуюць яшчэ Мікалай Балотнік і Артур Прашкевіч на МТЗ-1221 з 4-корпуснымі плугамі.

– Пшаніцу сеялі першай рэпрадукцыі, насенне трыцікале абмянялі ў “Глыбачанах” на фураж – наша зерне ўжо неяк было сеяць, – расказвае Ю.Пуцыковіч. – Набываем у “Альгоўскім” 10 тон эліты трыцікале, засеем каля 40 гектараў – у наступным годзе гэта будзе насенне першай рэпрадукцыі. Будзем яшчэ закупляць эліту. Дарэчы, ужо на 90 працэнтаў забяспечылі сябе насеннем і да яравой сяўбы.

Падвозам зерня на поле займаецца вопытны механізатар Віктар Башун на МТЗ-1221 з бункерам ад КЗР – за лічаныя хвіліны насенне перасыпаецца ў пасяўныя агрэгаты.

– Не стойце блізка, – папярэджваюць мяне механізатар і аграном. – Зерне пратраўленае, калі хімікат трапіць з ветрам у вока, будзеце суткі плакаць…

Калі я назіраў з пагорка за механізатарамі, міжволі падумаў аб тым, што як бы далёка ні крочыў чалавек, якую б магутную энергію ні ўтаймаваў, усё роўна праца сялян з’яўляецца цяжкім і манатонным заняткам. Але такім неабходным.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *