ХХХIV віцебскі фестываль стаў гісторыяй. І як заўсёды не абышоўся міжнародны форум без удзелу нашых землякоў, пра іх уражанні раскажам у гэтай падборцы.
Танчыў нават “Салавей”
У рамках фестывалю ўжо каторы раз праходзіў і міжнародны турнір “Танчым разам” – вельмі важкі для гуртоў нават сваім удзелам. Слабых танцораў там не бывае, а прабіцца ў тройку ў самай прадстаўнічай катэгорыі 16-30 гадоў – архі-складана: у ёй выступала 24 пары.
На конкурс накіраваліся дзве пары з Узорнага калектыву “Спадчына”: вопытныя Ірына Карабань і Ягор Літвін, а таксама дэбютанты Вікторыя Качан і Іван Дубёнак (на здымку). І прывезлі дыпломы “За зберажэнне і захаванне беларускай танцавальнай спадчыны”.
Яны рыхтавалі дзесяць розных танцаў, сярод якіх былі цікавыя навінкі – вальс “Салавей” і імправізаваная “Полька”.
“Абавязкова прадставім іх ушацкім гледачам, апошнюю – вельмі хутка – на раённых “Зажынках”, – расказвае кіраўнік калектыву Галіна Рудзёнак. – А выступленнем пар я вельмі задаволена, як заўсёды паказалі дастойны ўзровень, хоць і не атрымалі званне лаўрэатаў. Разумеем, як складана журы не толькі выбраць, а нават сканцэнтравацца на парах, калі ўсе разам кружаць на пляцоўцы”.
Васільковыя матывы, папяровыя карункі
“Горад майстроў” даўно стаў адным з галоўных брэндаў фестывальнага Віцебска – у сваю чаргу, нязменным на працягу многіх год з’яўляецца і ўдзел ушачан у гэтым парадзе народных умельцаў.
“Вядома ж, кожны раз напярэдадні форуму прыдумваем і рыхтуем новыя вырабы, – расказалі нам майстры Ушацкага Дома рамёстваў Крысціна Кляшчонак і Крысціна Дзярабіна. – Сёлета, напрыклад, змайстравалі крэатыўныя гадзіннікі з малюнкамі васількоў, корпус якіх выкананы з фанеры і эпаксіднай смалы, а вось у кулоны і бірулькі змясцілі натуральныя пялёсткі гэтых кветак. Запатрабаванымі аказаліся саламяныя мяцёлачкі-абярэгі, многім спадабаліся карціны з бяросты, кошыкі з лазы, іншыя ўшацкія сувеніры”.
Яшчэ адной традыцыяй фэсту сталі конкурсы, падчас якіх народныя ўмельцы ствараюць работы ў старажытных тэхніках. У гэты раз свае таленты дэманстравалі майстры выцінанкі: творчае спаборніцтва “Ажурныя мары” сабрала 25 удзельнікаў з усёй краіны. У гэтай кагорце была і прадстаўніца нашага Дома рамёстваў Ірына Шахава (на здымку), якая спрабавала сябе ў намінацыі “Манументальнасць папяровых выразак”. Пра яе складанасць сведчыць нават назва: работы рукадзельніцы распачыналі загадзя, а ў два конкурсныя дні завяршалі іх на пляцоўцы. “Мая выцінанка перадае традыцыйны для сялянскай хаты чырвоны кут з іконамі і ручнікамі, а ў карунках выкарыстаны матывы купальскіх паданняў, – патлумачыла нам Ірына. – Конкурс спадабаўся сяброўскай атмасферай: не адчувалася канкурэнцыі, усе дапамагалі адзін аднаму, дзяліліся сакрэтамі майстэрства”.
Ушачанка зусім нядаўна пачала асвойваць мастацтва выцінанкі, але дастойна выглядала сярод майстроў. Журы ацаніла яе старанні спецыяльным дыпломам “Творчы дэбют”.
Рэкламавалі Ушаччыну
Традыцыйна падчас “Славянскага базару у Віцебску” кожны раён рэкламаваў свой край. Не хацелася б нікога пакрыўдзіць, але менавіта на ўшацкай пляцоўцы ў нядзелю быў асаблівы ажыятаж.
“Гэтаму паспрыялі многія фактары, – кажа дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Валянціна Грыневіч. – Размясціцца пашанцавала не на самой плошчы Свабоды, дзе вельмі спякотна, а ў зацішным, зацененым парку ля фантана, дзе шмат лавачак для зручнага знаходжання гледачоў. Зацікавіла ўсіх і наша праграма: Ушацкі раён стаў адзіным з вобласці, які зрабіў акцэнт на тэму 80-годдзя Вялікай Перамогі. Прадумалі, здаецца, усё: ад касцюмаў, устаноўкі тэматычных банераў, карцін да арганізацыі партызанскага прывалу, правядзення інтэрактыўных гульняў”.
Ажно чатыры разы выходзілі ўшацкія культработнікі да гледачоў з канцэртнымі нумарамі – і кожны раз як упершыню. Пад “Майскі вальс” танцавалі і старыя, і маладыя. Авацыямі сустракалі песню “Прарыў” ад аўтара і выканаўцы Аляксандра Грыневіча. Дарэчы, адбылася ў гэты дзень і яго чарговая прэм’ера – кампазіцыю “Хатынь” наш зямляк стварыў у памяць пра жыхароў спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны вёсак.
Ледзь паспявалі ўшацкія гаспадынькі – на салдацкай кухні гатавалі не толькі прывычную грэчку з тушонкай, але і халаднік, дамашні квас. Першая разыходзілася на “ўра” нават у самых маленькіх – давялося хуценька другі кацёл ставіць. “У чым сакрэт такога смаку?” – цікавілася жанчына з Латвіі. “Не толькі душы, але і сметанковага масла не шкадуем”, – усміхаліся кулінары.
Многія пасля знаёмства з ушачанамі – работнікамі цэнтра культуры, раённай бібліятэкі – паабяцалі наведацца ў госці. У нашым краі, сапраўды, ёсць што паглядзець.
У крузе песень і сяброў
Культурны праект пад такой назвай ужо трэці год запар сабраў на “Славянскім базары” ў Віцебску творчыя калектывы з усёй Беларусі, краін блізкага замежжа.
На працягу чатырох дзён фестывальны горад слухаў карагодныя, вясельныя, лірычныя і паходныя песні, назіраў за прыгожымі танцавальнымі нумарамі.
Насычаную канцэртную праграму падрыхтавалі для жыхароў, гасцей абласнога цэнтра і ўдзельнікі вакальнага калектыву “Ушачаначка” раённага цэнтра культуры і народнай творчасці (на здымку). Дарэчы, з ёй у бліжэйшыя выхадныя выступяць і на “Вішнёвым фестывалі” ў Глыбокім, калі будзеце там – не прапусціце.
Уражанні – самыя яркія!
Пасля кожнага форуму мы чуем маляўнічыя аповеды нашых землякоў, што пабывалі ў Віцебску. Сёлета раскажам пра ўражанні ўшацкіх медработнікаў, для якіх прафкам ЦРБ падрыхтаваў падарунак – паездку на выступленне народнага артыста Расіі Стаса Міхайлава.
“Было вельмі цікава ўжывую пачуць такую зорку, – падзялілася з намі Наталля Лісічонак. – На канцэртах “Славянскага базару” бываем пастаянна, але гэты быў асаблівы, бо ладзіўся на новай пляцоўцы – у Цэнтральным спартыўным комплексе. Лакацыя спадабалася: стадыён прыгожы, прасторны. Ну а пра спевака і казаць залішне: ведалі, што шоу будзе яркім, але рэчаіснасць пераўзышла ўсе чаканні!”. “Стас Міхайлаў адкрыўся нам не толькі як класны выканаўца, а і як артыст, што шчыра кантактуе з гледачамі, – далучаюцца да размовы Ірына Мошкіна і Жанна Рыбчынская. – Ён не так часта расказвае пра асабістае жыццё, але для нас зрабіў выключэнне. Распавёў, напрыклад, што ўгаварыў дачок запісаць вакальныя партыі для сваёй новай песні – і якраз у гэты дзень адбылася яе прэм’ера. У час выканання шлягераў ніхто не мог уседзець на месцы: танцавалі нават мужчыны, хоць і лічыцца спявак жаночым любімцам”.
“У праграму нашых калектыўных паездак заўсёды ўваходзяць і прагулкі па святочным горадзе, – дадае Наталля Кляпец. – Хоць фестываль праводзіцца столькі год, яго атмасфера ўсё такая ж непараўнальная, бо арганізатары імкнуцца падрыхтаваць новыя сюрпрызы і відовішчы”.
Падрыхтавалі Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Вольга КАРАЛЕНКА, Наталля БАГДАНОВІЧ.