Руководит телеэфиром… из Качанов. Как коренная минчанка, настоящая леди и интересная женщина Галина Новосёлова постоянно живёт в живописном уголке Ушаччины

Наш современник

“Тут у нас будзе камін, – паказала рукой на паўразбураную печ. – Тут, асцярожна, не праваліся, бо падлога згніла, зробім лесвіцу на другі паверх, з дрывотніка – вялікую веранду”. Калі Г.А.Навасёлава знаёміла бацьку са сваёй новай нерухомасцю на Ушаччыне, ён падумаў, што дачка звар’яцела. А праз год, калі ажыццявіла ўсе планы, пахваліў і сказаў, што яна “сапраўдны мужык”.

Так нечакана нават для родных на Ушаччыне з’явілася пастаянная жыхарка – карэнная мінчанка не ў адным пакаленні Галіна Анатольеўна Навасёлава.
Рашучым гэты крок быў нават для яе самой. Справа ў тым, што паспяховая жанчына мела добрую работу ў “Белтэлерадыёкампаніі”, кватэру ў Мінску, ды і дачу побач са сталіцай. А тут – яшчэ адну, прычым зусім не ў прэзентабельным стане.
– Каб зразумець, чаму ў Качанах, трэба ведаць маю гісторыю. Ды прычына тут не адна. Мая мінская сяброўка вельмі любіла адпачываць у “Лясных азёрах”, неаднойчы гэта рабіла, заўсёды заахвочвала мяне. І вось падчас аднаго “Славянскага базару”, дзе і я, і муж, і сын былі ў камандзіроўцы, зазірнулі сюды… Потым яшчэ не раз адпачывалі ў здраўніцы. Мы падоўгу гулялі з Жэням па наваколлі, яму падабаліся мясціны. Дзіўна, што мой сталічны хлопец, які ў Мінску нават у магазін ездзіў на аўтамабілі, да возера Вечалля хадзіў разам са мной пешшу. Напэўна, менавіта таму я і набыла тут дом.

“Якая шыр”, – казаў яе бацька, у мінулым вядомы мота- і аўтагоншчык, чэмпіён БССР і СССР Анатоль Лук’янчык, калі сядзеў за вялікім сталом на верандзе, стаўшай зараз па сутнасці кухняй і нават кабінетам. Галіна спецыяльна ўцяпліла яе, каб мець магчымасць пастаянна “быць на прыродзе”. З акна назірае за птушкамі, для якіх павесіла на яблыньцы не адну кармушку. І за аўчаркай Гердай, якая таксама праяўляе цікаўнасць да крылатых гасцей. З-за гэтага адзінага хатняга пітомца і падымаецца Галіна Анатольеўна раніцай, каб пакарміць і абавязкова выгуляць, перш чым сесці за камп’ютар. Штодзень з 10 да 15 яна на працоўным месцы: у адкрытым акцыянерным таварыстве “Рэдакцыя тэлепраграмы ТВ-3”, дзе працуе намеснікам дырэктара па агульных пытаннях.
Камандзіроўка ў Вільнюс, нарада ў Мінску – амаль што тыдзень выдаўся ў раз’ездах. Галіна Анатольеўна хоць і працуе “на аддаленні”, па відэасувязі, аднак не прапускае важных мерапрыемстваў, на якіх трэба бываць асабіста, ёй не складана сесці за руль і за некалькі гадзін даімчаць да сталіцы.
Скончыўшы Інстытут культуры, яна да 2013 года працавала на “Беларускім радыё”. Дарэчы, адна з асноўных умоў, якую паставілі тады яшчэ студэнтцы, размаўляць толькі на беларускай мове. З журналістыкай звязана ўсё працоўнае жыццё і практычна ўсе родныя мужа Сяргея Булацкага – былога намесніка міністра інфармацыі, зараз кіраўніка прадстаўніцтва холдынгу шэрагу папулярных расійскіх каналаў, сына легендарнага Рыгора Васільевіча, заснавальніка і першага дэкана факультэта журналістыкі БДУ, чалавека, які ў Вялікую Айчынную вайну біў ворага на купленым утрох з сябрамі ўласным самалёце. Муж прыязджае ў Качаны практычна кожныя выхадныя, любяць наведаць яе сядзібу шматлікія родныя. Бо хоць рэгістрацыя ў Галіны Навасёлавай застаецца мінскай, пастаянна жыве і працуе яна з мая 2013 года ў нашай курортнай мясцовасці, “адпачывае” ад якой на час водпуску на моры ці ў здраўніцах.
“На аддаленні” працуюць зараз многія, у абсалютна розных галінах, асабліва моладзь. Хаця трэба адзначыць, што на такой адказнай пасадзе гэта рабіць складаней. Каб не паўставала праблем ці было іх меней, першае, што зрабіла Г.Навасёлава, правяла оптыкавалакно, адкрыла ай-пі адрас, лічбавы подпіс. Бухгалтарскія праграмы, як і іншыя патрэбныя, асвоіла намнога раней, калі працавала на радыё з рэкламай.
Ва Ушачы праблемы былі не з сувяззю, а з электрычнасцю, пакуль энергетыкі не замянілі лінію ў наваколлі на сучасную. Што вельмі дарэчы не толькі для пастаянных зносін з Мінскам. У апартаментах Галіны Анатольеўны самая сучасная складана-бытавая тэхніка: абагравальныя катлы, душ і нават пасудамыечная машына. Хоць днямі яна ў доме пераважна сама з сабой, ніколі не дазволіць быць “у халаце”. З макіяжам, манікюрам, педыкюрам, гэтая прыгожая жанчына ў Мінску, Качанах ці за мяжой – заўсёды лэдзі. І заўжды на людзях з адкрытай усмешкай кіназоркі – якую выпрацавала яшчэ падчас заняткаў фігурным катаннем. Паралельна наведвала музычную школу, якой пазней і аддала перавагу.
Разам з тым яна мае мужчынскі характар, а часам і хобі моцнай паловы. Гадзінамі можа лавіць рыбу, плаваць з аквалангам, ну а ў кіраванні аўтамабілем дасць фору многім прафесіяналам, нават курс экстрэмальнага спартыўнага ваджэння прайшла. За рулём яна… з 13 гадоў. Неафіцыйна, канечне, без правоў, але інакш у дачкі гоншчыка і не магло быць. З юнацтва Анатоль Яўгенавіч Лук’янчык працаваў у эксперыментальным цэху мотавелазавода і адначасова быў у складзе беларускай каманды, якая выступала ў гонках па ўсім свеце. Адзін з кутоў у Качанах завешаны яго медалямі. Таму і сына Яўгена свядома аддала ў секцыю картынгу. Ды і любоў выключна да ВМW (Галіна Анатольеўна змяніла ўжо трэцюю машыну гэтай маркі) таксама ад бацькі: “У роддом ён вёз маці на трафейным матацыкле BМW”.
У гэтай жанчыны арганічная еднасць жаноцкага абаяння, душэўнасці, моцнага характару і мацярынскай любові. На вялікі жаль, нерэалізаванай у поўнай меры. Прачынаецца і засынае яна з думкамі пра сына, майстра спорту па картынгу, перспектыўнага каментатара, і пра тое, якія маглі б быць шчаслівыя, каб ён не пайшоў заўчасна з жыцця. Але ўсё гэта глыбока ўнутры, у ёй, бо з людзьмі добразычлівая, заўсёды гатовая дапамагчы. Яна не можа прайсці міма, калі бачыць няладнае, адмовіць у просьбе. Вельмі цёпла ставіцца да пажылых суседзяў, якім, па сутнасці, замяняе дачку. Зусім неабыякавая да агульнавясковых праблем, яна першая ў суботніках і вырашэнні праблем. Пашчасціла Качанам з Галінай Навасёлавай: не “на сяло” прыехала, абсталявалася з уласцівым ёй парадкам, адказнасцю і вернасцю да блізкіх людзей, якія заўсёды побач.

Вольга Караленка.



1 комментарий по теме “Руководит телеэфиром… из Качанов. Как коренная минчанка, настоящая леди и интересная женщина Галина Новосёлова постоянно живёт в живописном уголке Ушаччины

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *