Возвращают земле силу, аграриям — ниву. 2 июня — День мелиоратора

К профессиональному празднику

З выказваннем, што землі зараз ужо не асушваюцца, а меліяратары сядзяць без справы, можна смела паспрачацца: меліярацыя ўключае ў сябе не толькі будаўніцтва, а і рэканструкцыю, тэхнічны догляд за існуючымі сістэмамі: на Ушаччыне іх 51, а гэта больш 13,2 тысячы гектараў асушаных зямель, пад зямлёй пракладзена 7 тысяч кіламетраў дрэнажных труб, ніхто не адмяняў і догляд за каналамі агульнай працягласцю 655 кіламетраў.

“У хуткім часе будзем адзначаць не толькі дзень меліяратара, а і свята аграрыяў”, – гаворыць дырэктар ПМС Васіль Станіслававіч Спірчонак. І хоць іх дзейнасць цесна звязана з сельскагаспадарчай, тлумачыць сэнс сваіх слоў: прадпрыемства перажывае часы рэарганізацыі – на аснове рашэння Віцебскага аблвыканкама яно будзе далучана да ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў”. Такая мера вымушаная і закранула многія іншыя ПМС у структуры “Віцебскмеліявадгаса” ў першую чаргу з-за змяншэння фінансавання на меліярацыйныя работы. Прадпрыемства працягне выконваць звыклыя функцыі, а таксама будзе аказваць дапамогу сельгасарганізацыям. Пры гэтым не ідзе гаворкі пра скарачэнне калектыву, які сёння налічвае 55 чалавек.
Нягледзячы на надыходзячыя перамены, меліяратары ў звыклым рэжыме шчыруюць на запланаваных аб’ектах. Нядаўна скончаны рамонт сістэмы “Вацлавова” на землях ААТ “Ільюшынскі” плошчай 79 гектараў: пачышчаны каналы, прамыты закрытыя калектары, дадаткова пакладзена 3 кіламетры дрэнажных ліній, у месцах вымачак пабудаваны фільтруючыя калонкі, убрана амаль 90 метраў кубічных камянёў. “Меліярацыйную сістэму можна параўнаць з арганізмам чалавека: калі нейкі орган дае збой, то хвароба пачынае ўплываць на агульны стан. Так і тут: пад зямлёй цякуць нябачныя воку “крыватокі”, за якімі патрэбны догляд, інакш са строю выйдзе ўся сістэма. Так што можна ўпэўнена сказаць, што мы сваёй справай вяртаем зямлі сілу, а аграрыям – ніву”, – разважае В.С.Спірчонак.
Зараз вядуцца работы па рэканструкцыі сістэмы “Судзілавічы”, плошчай 85 гектараў. На гэтых землях з-за непрацуючай дрэнажнай сістэмы былі шматлікія вымачкі, засмеціліся каналы, а значную частку плошчаў “захапіла” кустоўе. Зараз яно выкарчавана, пракладзены новы дрэнаж, пачышчаны каналы.
“Вучонымі даказана, што меліярацыя стварае неабходныя ўмовы для вядзення земляробства – прадукцыйнасць сельгасугоддзяў пасля рэканструкцыі павялічваецца практычна ўдвая!” – расказвае галоўны інжынер прадпрыемства Мікалай Леанідавіч Фядосенка. На гэтым тыдні брыгада пад кіраўніцтвам майстра Яўгена Бурылава займаліся рамонтам трубапераезда паміж двума ўчасткамі сістэмы. Стары выйшаў са строю, і сельгастэхніка пускалася па вялізным крузе, затрачваючы дадатковыя час і паліва. Каб уявіць маштаб работ, адзначу, што дыяметр кожнай з дзвюх укладваемых труб складае амаль паўтара метра, а даўжыня – 12.
Штогод застаём на пляцоўках пад адкрытым небам старанных работнікаў, да якіх можна смела аднесці прадстаўніка працоўнай дынастыі замершчыка Сяргея Васільевіча Сарокіна, машыніста бульдозера Аляксандра Васільевіча Чэвідаева, экскаватаршчыка Сяргея Леанідавіча Гарбаценку і іншых. Апошні, дарэчы, да прафесійнага свята ўзнагароджаны граматай абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. А яшчэ сёлета Ганаровай граматай “Віцебскмеліявадгаса” адзначаны вадзіцель аўтамабіля Сяргей Васільевіч Гіраўка і трактарыст Віктар Уладзіміравіч Маковіч. На ўзроўні прадпрыемства ўшанаваны і іншыя руплівыя меліяратары, справа якіх не заўсёды прыкметная, але вельмі патрэбная.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *