В октябре в Беларуси пройдёт перепись населения. Переписаться можно будет и через интернет

Общество

У кастрычніку ў Беларусі пройдзе перапіс насельніцтва. Падрыхтоўка да яго вядзецца ўжо з 2017 года. Ва ўсіх рэгіёнах краіны створаны часовыя камісіі па садзейнічанні перапісу, якія каардынуюць дзейнасць зацікаўленых службаў. На бягучым тыдні адбылося пасяджэнне Ушацкай раённай часовай камісіі, на якім была прааналізавана работа, праведзеная для арганізацыі перапісу насельніцтва, акрэслены далейшыя задачы ў дадзеным напрамку.
Як паведаміла начальнік аддзела статыстыкі Ушацкага раёна С.П.Ядрэўская, мерапрыемствы каляндарнага плана выкананы. У мінулым годзе спецыялістамі службы праводзілася выбарачная праверка стану адраснай гаспадаркі, значную дапамогу ў гэтай справе аказалі работнікі УП ЖКГ. Новыя тэхналогіі з выкарыстаннем планшэтных камп’ютараў дазволілі значна павысіць якасць і хуткасць работ – поўная праверка адрасоў была скончана ў лістападзе 2018-га.
На цяперашнім этапе галоўнай задачай з’яўляецца падбор кадраў – загадчыка перапіснога ўчастка і яго памочніка, а таксама 19 перапісчыкаў, 6 з якіх будуць працаваць па г.п.Ушачы, астатнія – на сяле. С.П.Ядрэўская звярнула ўвагу на тое, што грамадзяне, якія будуць праводзіць перапіс насельніцтва, на гэты перыяд вызваляюцца ад працы на асноўным месцы з захаваннем сярэдняга заробку за кошт сродкаў наймальнікаў. Загадчык перапіснога ўчастка і яго памочнік прыцягваюцца на 37 дзён (з 17 верасня па 6 лістапада), перапісчыкі – на 28 рабочых дзён (з 27 верасня па 5 лістапада).
У гарпасёлку размесціцца стацыянарны перапісны ўчастак – тут будзе праводзіцца вуснае апытанне рэспандэнтаў, якія пажадаюць прайсці яго па-за межамі свайго месца жыхарства. Важным адрозненнем ад мінулага перапісу, які праводзіўся ў 2009 годзе, з’яўляецца магчымасць самастойнага запаўнення перапісных лістоў з дапамогай спецыяльнай праграмы ў інтэрнэце – гэта значна спросціць работу перапісчыкаў. Перавага інтэрнэт-перапісу, на які адведзены тэрмін з 4 па 18 кастрычніка, відавочная: запоўніць перапісныя лісты можна ў любы зручны час і ў любым месцы, дзе ёсць доступ да сувязі. Пры гэтым персанальныя даныя ўносяцца рэспандэнтам асабіста і нікому не паведамляюцца. У гэтыя ж тэрміны грамадзяне самі могуць прыйсці на стацыянарны ўчастак і паведаміць даныя аб сабе.
19-20 кастрычніка будзе праведзены маніторынг вынікаў запаўнення рэспандэнтамі перапісных лістоў у інтэрнэце і работы стацыянарнага ўчастка для актуалізацыі спісаў адрасоў, неабходных перапісчыкам для правядзення апытання, а з 21 па 30 кастрычніка яны пойдуць па месцах жыхарства грамадзян. На працягу гэтага тэрміну будзе прадаўжацца і вуснае апытанне на стацыянарным участку.
Як зазначыла намеснік старшыні райвыканкама В.Л.Хамёнак, якая старшынствавала на пасяджэнні часовай камісіі, прыняць удзел у перапісе неабходна ўсім грамадзянам. Персанальныя даныя канфідэнцыяльныя і вельмі важныя – сёння яны з’яўляюцца па-сутнасці адзінай крыніцай інфармацыі аб колькасці, структуры насельніцтва, яго характарыстыкай, на падставе якой плануюцца ўсе дзяржаўныя праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны.
Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *