Комфорт питомцев зависит от хозяев. Возвращаемся к теме выгула собак в Ушачах

Общество

У нумары 44 ад 5 чэрвеня быў апублікаваны артыкул “Месца сустрэчы трэба змяніць”, прысвечаны тэме захавання правілаў утрымання дамашняй жывёлы, а дакладней – яе выгулу ў непрызначаных месцах. Трэба сказаць, што публікацыя “зачапіла за жывое” многіх уладальнікаў братоў нашых меншых. Так, напрыклад, у рэдакцыю завітаў ушачанін У.Ярмош, гаспадар службовага лабрадора, які выказаў шэраг нараканняў на стан афіцыйнага месца прагулак дамашніх пітомцаў. Па яго меркаванні, за будынкам былой лазні выгульваць жывёлу нязручна, маўляў, зямля там не надта роўная, на паверхні шмат бітага шкла, а галоўнае – адсутнічае агароджа. “Вось у Наваполацку пляцоўка абнесена сеткай!” – адзначаў мужчына і рэзюмаваў, што пакуль месца выгулу не будзе іх задавальняць, ён і яго сябры-сабакаводы туды не пойдуць. “Жыву ў прыватным доме і вострай праблемы з выгулам сабакі ў мяне няма, аднак перыядычна ваджу свайго гадаванца на пляцоўку, каб ён “размяўся”. Не ведаю, як цяпер, а раней там не заўсёды была абкошана трава…”, – паведаміла нам жыхарка райцэнтра.
Каб высветліць сітуацыю, мы яшчэ раз пабывалі на пляцоўцы, а таксама агучылі выказаныя ўладальнікамі жывёлы нараканні намесніку дырэктара УП ЖКГ Дзмітрыю Сяргеевічу Шасцярню.
Афіцыйнае месца выгулу сустрэла нас адпаведнай новенькай шыльдай і гулам мотакасы: работнік камунальнага прадпрыемства якраз заканчваў абкос тэрыторыі. На пытанне, ці праўда, што ў траве шмат шкла, ён заўважыў, што не бачыў ніводнага асколка. Прайшла ўздоўж і ўпоперак усю тэрыторыю і сапраўды нічога падобнага не знайшла – шчыра кажучы, на беразе нашай рэчкі, дзе гуляюць дзеці, куды больш брудна і небяспечна.
– Няроўная зямля? – здзівіўся Д.Шасцярэнь, – Дык гэта ж сабака! Што ж яму, толькі па газончыках бегаць? Што датычыцца наяўнасці агароджы, то, бясспрэчна, гэты элемент пажаданы. Вось толькі нават у сталіцы сетка маецца на лічаных абсталяваных пляцоўках. Зразумела, што пытанне ўпіраецца ў фінансавы аспект. Разам з тым, месца за лазняй усё ж даволі адасобленае, тут захоўваецца галоўнае патрабаванне для такіх аб’ектаў – бліжэй за 40 метраў няма жылых дамоў і офісаў. Дарэчы, ёсць і ў мяне пытанне да тых, хто выказвае скаргі: ці ўсе яны зарэгістравалі сваіх сабак і плацяць на іх падатак? Людзі хочуць мець выгоды, але чамусьці не ўсведамляюць відавочнага, што камфорт іх гадаванцаў якраз і залежыць ад уплаты сродкаў у раённы бюджэт. Мы ініцыіруем пытанне па ўсталяванні агароджы, аднак трэба, каб сабакаводы сумленна выканалі свой акрэслены заканадаўствам абавязак.
Як бачна, атрымліваецца своеасаблівае “замкнёнае кола”, дзе ў кожнага боку ёсць свае слушныя аргументы. Нельга не згадзіцца, што ў практычным увасабленні Правілаў утрымання дамашняй жывёлы існуе шмат спрэчных момантаў – калі ў чытачоў ёсць канструктыўныя меркаванні наконт іх удасканалення, мы з цікавасцю іх выслухаем і апублікуем. Аднак бясспрэчна і тое, што патрабаванні існуючага заканадаўства трэба выконваць.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *