Секрет долголетия от Анны Кирпичёнок: постоянно быть в движении

Ветераны с нами

Галоўнае – не сядзець без справы

Такога прынцыпу прытрымліваюцца многія ўшачане сталага ўзросту, асабліва вяскоўцы. Менавіта ў працы яны бачаць асноўны сакрэт свайго даўгалецця, бадзёрасці і жыццёвай сілы. У штодзённых клопатах па гаспадарцы, якіх у сельскіх жыхароў заўсёды хапае, проста няма часу прыслухоўвацца, дзе што баліць – праца ж чакаць не будзе! Так лічыць і Г.І.Кірпічонак, якой ужо 90 гадоў.

Пачнем з таго, што Ганну Іванаўну мы засталі практычна на “месцы злачынства”. Калі прыехалі ў вёску Баброва, дзе яна пражывае, убачылі свежаскошаны газон ля дома і адкрытую цяплічку з нядаўна праполатымі саджанцамі таматаў.

– Зноў травы нарасло – вяду з ёй бой. Гэта для мяне найлепшая зарадка, – патлумачыла жанчына.

Разлічваць на іншых яна не прывыкла. Колькі ўжо казалі ёй блізкія: не чапай, самі ўсё зробім, сядзь лепей на лаўцы пасядзі, адпачні! Не слухаецца. Адказвае, што так можна і памерці – калі не ад ляноты, то ад суму.

Убачыўшы на парозе гасцей, гаспадыня запрашае зайсці ў хату. У добрых шэра-блакітных вачах – мудрасць і спакой, а яшчэ асаблівая іскрынка, якую пражытыя гады не змаглі патушыць. Яна шмат чаго перажыла, столькім падзеям давялося стаць сведкай. Вялікая Айчынная, пасляваенны цяжкі, галодны час, разруха, потым развал СССР… Адыйшла ў гісторыю цэлая эпоха.

Нарадзілася і вырасла Ганна Іванаўна ў Баброве. Тут прайшло ўсё яе жыццё. Працаваць пайшла рана, не да вучобы, гаворыць, было. 15 гадоў шчыравала ў мясцовым калгасе, потым яшчэ 20 – у саўгасе. Ну а калі атрымала сур’ёзную траўму рукі, разносіла па ваколіцах пошту.

Замуж Ганна Іванаўна пайшла за аднавяскоўца, такога ж працавітага, як яна сама. Вось толькі доўга радавацца сямейнаму шчасцю не атрымалася – спадарожніка не стала, калі ёй было ўсяго 30, а іх дзеткам – чатыры гады і шэсць месяцаў.

– Дачушкі ў Мосары і Наваполацку жывуць, – расказвае жанчына. – Ёсць у мяне ўжо чацвёра ўнукаў, шасцёра праўнукаў і нават маленькі прапраўнук. Прыязджаюць яны часта, глядзяць мяне, шкадуюць. Але ж, бывае, лаяцца, што ў зямлі многа корпаюся, прычым, не толькі ля дома – і на мясцовым прыпынку грамадскага транспарту не так даўно кветкі садзіла. Інакш не ўмею: для мяне парадак і прыгажосць многае значаць!

І ў гэтых словах уся яна – простая вясковая жанчына, якая ні дня не ўся­дзіць без справы. Можа сама і дровы скласці, і ломам старую жэрдачку адар­ваць. Калі ж выдаецца вольная хвілінка, прысвячае яе творчасці: піша вершы, складае песні. Дарэчы, мае таксама добрыя вакальныя здольнасці – падчас нядаўняга свята вёскі, якое ладзілі ў Баброве культработнікі і прадстаўнікі сельвыканкама, выканала некалькі ўласных музычных твораў. Давялося Ганне Іванаўне наладзіць зносіны і з навукоўцамі са сталіцы, якія некалькі год таму запісвалі ў адзначанай мясцовасці фальклор.

Пражыць столькі гадоў, на думку знаёмых, акрамя плённай працы жанчыне дапамог добры характар. Яна ніколі нікому не зайздросціла, не рабіла зла, заўсёды прыходзіла на дапамогу аднавяскоўцам, дзялілася апошнім. За гэта Ганну Іванаўну любяць і паважаюць. А сярод блізкіх людзей і любыя хваробы пераносіць лягчэй.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *