Высокие технологии с поправкой на глубинку, или Почему в Ушачах неделю не работает банкомат «Белагропромбанка»?

Общество

Убачыўшы, што ля банкамата “Белаграпрамбанка” няма чаргі, паскорыла крок, каб ніхто не апярэдзіў. З загадзя падрыхтаванай карткай працягваю руку… Аднак замест прывычнага выгляду экрана мяне сустракае вялізная аб’ява на ўвесь яго памер: “З 19 ліпеня банкамат не працуе”. “Нічога, ёсць яшчэ адзін, здыму ў “Беларусбанку”, – суцяшаю сябе, хоць у планы не ўваходзіла наразаць кругі па гарпасёлку. Аднак ля апарата чую абурэнне мужчыны: “І тут няма”.

Зноў вяртаюся ў свой банк, каб зняць праз аператара, зразумела, трапіўшы ў пастаянную ля двух акенцаў чаргу. А пакуль мармычу нараканні на ўсю банкаўскую супольнасць, прыгадваю слоган “Плаці карткай”. Як адразу не здагадалася, што гэта прадуманы маркетынгавы ход. Навошта рэкламаваць праз газеты, з экранаў тэлевізараў пра зручнасць карыстання карткамі. Павесіў аб’явы… і як міленькія знойдзеце варыянты, як вярнуць доўг суседзям, а кавун купіце не на рынку, а ў магазіне.

Падзівілася я вынаходлівасці і была практычна ўпэўнена, што наступны семінар мінімум абласнога ўзроўню ў нашым раёне будзе прысвечаны практыцы ўкаранення картак. Працэнт безнаяўных разлікаў па Ушаччыне годны, за першы квартал – 34,6. Не самы вялікі, гарады не апераджаем, а вось сельскія раёны вобласці – амаль усе. І завітала да начальніка аддзела рознічнага продажу цэнтра банкаўскіх паслуг №237 “Белаграпрамбанка” М.П.Ганчаронка, каб пацікавіцца, ці не зацягнуўся эксперымент з непрацуючымі банкаматамі.

Мікалаю Пятровічу, праўда, было не да жартаў. Нараканні, аказваецца, супрацоўнікі банка выслухваюць раней, чым прыходзяць на работу, а паўплываць на сітуацыю не могуць.

– Калі мы абслугоўвалі банкаматы самастойна, а было гэта да сакавіка 2018 года, аператыўна ліквідавалі прастоі, калі не здаралася сур’ёзнай паломкі. Хвілін дзесяць займала і загрузка грошай. Асобны спецыяліст адбіраў новыя, непакамечаныя і непарваныя купюры, каб не зажавала, як здарылася апошні раз. Цяпер “Белаграпрамбанк” абслугоўваюць асобныя арганізацыі: “Белінкасгруп” (інкасацыя) і ААТ “Туссон” (рамонт абсталявання). У пятніцу, 19 ліпеня, здарылася паломка, мы ў гэты ж дзень накіравалі заяўку, якая выконваецца на працягу двух наступных рабочых дзён. Да нас прыехалі ў аўторак, 23-га, выгрузілі банкамат, уставілі касеты – працуюць, 24 супрацоўнік правёў тэхнічнае абслугоўванне, але банкамат так і не пачаў выдаваць грошы. Наступны прыезд запланаваны на пятніцу. Вось і атрымаўся тыдзень прастою, ад якога мы нясём прамыя страты. Да таго ж літаральна па кожным факце пішам тлумачэнні, паколькі работа банкаматаў і інфакіёскаў знаходзіцца на асобным кантролі.

Паломкі – толькі адна з прычын, па якіх летась і сёлета ўшачане неаднойчы аказваліся з пустымі кашалькамі. Другая – адсутнасць грошай у касетах. “Выгаднае” размяшчэнне аддзялення менавіта “Белаграпрамбанка” – ля рынка, аўтавакзала, у цэнтры гарпасёлка – спрыяе таму, што ён пусцее першым. І, як сцвярджае М.П.Ганчаронак, прадбачыць усе сітуацыі немагчыма. “Мы ведаем дні зарплат і пенсій, наогул запаўняем банкамат па максімуме склаўшыхся сум, аднак аднойчы, запраўлены ў пятніцу вечарам, ён аказаўся пустым ужо апоўдні ў суботу: звычайная дзённая сума была перавышана ў тры разы. Хаця практыка апошніх месяцаў паказвае, што суму заказваем правільную. Калі раней рабілі і па 13 заправак у месяц, то зараз толькі восем. Пустым банкамат звычайна бывае па пятніцах, у рыначны дзень, калі раніцай знялі астаткі, а інкасатары яшчэ не прыехалі”.

Дырэктар ЦБУ №221 г.п.Ушачы “Беларусбанка” Ж.В.Шаўчэнка, канечне, не можа не ведаць пра дні прастою банкамата калег: тады натоўп ля іх будынка. І добра, калі паспяваюць папярэ­дзіць: заказваецца больш грошай. Калі не – пустыя абодва апараты. Паломкі таксама здараюцца, але паколькі абслугоўваюцца структурамі свайго банка, то і выконваюцца заяўкі ў гэты ці на наступны працоўны дзень.

Для гарадоў, дзе банкаматы на кожным вугле, сапсаваны адзін ці пусты другі – не праблема. А для ўшачан, дзе на раён іх наогул толькі два і абодва не працуюць некалькі дзён запар – калі не трагедыя, то вялікая нязручнасць. Вельмі рознымі бываюць сітуацыі, калі патрэбны менавіта наяўныя. Нехта здымае і тут жа кладзе праз інфакіёск на другую карту, паколькі без працэнтаў, нехта, каб выпісаць у паштальёна газету ці разлічыцца з суседам за малако. Наталля Васьковіч, напрыклад, вяла ўнука на прагляд фільма ў перасоўны павільён. Ну а большасць – каб купіць прадукты і рэчы на рынку ці проста трымаць на ўсялякі выпадак, напрыклад, калі не працуе з-за дрэннай сувязі тэрмінал.

Для апошніх мэт і ехалі ў райцэнтр пасля работы цэлай брыгадай касаране – ні многа, ні мала – трыццаць кіламетраў. Машыну нанялі, каб абналічыць частку сваіх картак ды прыкупіць дзецям абновак. У былым цэнтры сельгаспрадпрыемства няма ўжо ні аддзялення банка, ні пошты. А вярталіся… ні з чым, плюс з доўгам за аўтамабіль.

Далёкая гэтая рэчаіснасць глыбінкі ад высокіх тэхналогій. Аднак вельмі хочацца, каб пры іх укараненні рабілася “папраўка” на сельскія раёны і не цярпелі інтарэсы кліентаў. Каб пры замене банкаматаў (якая запланавана на 2019 год), зношаныя ў першую чаргу мяняліся там, дзе няма выбару. Ды і наогул пры пераводзе на новыя метады абслугоўвання не атрымлівалася, як у сатыры Райкіна: адзін адказвае за гузікі, другі – за рукавы.., а ў выніку банкамат ЦБУ № 237 ужо тыдзень сустракае аб’явай: “Банкамат не працуе”.

Вольга Караленка.



1 комментарий по теме “Высокие технологии с поправкой на глубинку, или Почему в Ушачах неделю не работает банкомат «Белагропромбанка»?

  1. Здравствуйте. Уважаемая редакция газеты «Патриот», меня зовут Наталья Васькевич. Я прочитала вашу статью с моим участием. Есть несколько замечаний, которые вводят в заблуждение население нашего городка. Фамилия у меня ВАСЬКЕВИЧ. И я была со своим СЫНОМ. Если вы пишите и используете информацию обо мне будьте квалифицированнее. НЕ приятно, когда мои знакомые моего сына называют внуком. С уважением, ваш читатель Н.В.Васькевич.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *