Домашний подворок

Общество

Сапраўды, з каровамі ў вёсцы Ваўчо апошнія гады сітуацыя такая, што замест статка ў сорак галоў дзесятак гадоў таму – сёння засталося ўсяго шэсць рагуль. А вось козамі раней мясцовыя жыхары амаль не цікавіліся, затое цяпер некаторыя трымаюць. І яно зразумела. Нават у васьмідзесятыя-дзевяностыя сем’і былі большыя, таму трымаць кароў было лягчэй і больш выгадна. Хаця і цяпер не могуць адмовіцца ад іх Каваленкі, Птушкі, Фядосавы, Люцько, Надзея Басуй, Анастасія Дзегцярова. Лягчэй жа стала з сенакосам. А тое, што выгода трымаць карову, калі ёсць для гэтага ў гаспадароў час і больш-менш дазваляе здароўе, дык гэта вядома здаўна. Некалі мая бабуля, якая жыла ў гэтай вёсцы, казала, што пасля вайны нават вялікія сем’і выжывалі, дзякуючы каровам. Усё ж гэтая жывёліна харчуецца ў асноўным травой, сенам, якіх у вёсцы хапае.

– Трымаць карову я ўцягнулася даўно, – расказвае Надзея Мікалаеўна Басуй. – Раней з мужам былі, а як яго не стала, трэці год адна гэта раблю. Проста не магу развітацца з ёю. Сапраўды, яна мяне радуе штодня. Да нядаўняга часу, пакуль сем кароў у вёсцы было, у статку пасвілася, дык увечары нікуды не заходзіць, бяжыць у свой двор. І я з нецярплівасцю яе чакаю. Канечне, папрацаваць даводзіцца, звычайна летам і ўвосень цяжэй, затое зімой не так. Гэта сёлетнія маразы шкодзілі, трэба было падаграваць ваду ў хаце. А так нічога. Мне падабаецца займацца асабістай гаспадаркай. Штогод і парсюка трымаю. Вось і цяпер, у хуткім часе куплю, буду даглядаць.

– А як удаецца накошваць сена?

– На сваім участку нарыхтоўваю, на суседскіх: у тых, хто не трымае жывёлу.

Надзея Мікалаеўна гаворыць, што вельмі радуе яе вырашчанае сваімі рукамі. Малака, мяса і сабе хапае, і дачцэ, якая жыве ў Полацку. Таксама прадае людзям. Што значыць, калі і дыетычнае мяса ёсць: маюцца трынаццаць курэй.

А маладзейшая вясковая сям’я Панічавых збыла карову, затое развялі коз, індакачак, гусей, курэй. Гаспадар Уладзімір Васільевіч, яго жонка і дзеці лічаць, што здабытае сваімі рукамі мае асаблівую каштоўнасць і, канечне, з’яўляецца надзейнай матэрыяльнай падтрымкай.

Сапраўднай працаўніцай з’яўляецца ў вёсцы Франя Эдуардаўна Шчэрбік. На працягу многіх гадоў трымала яна карову, быкоў, свінаматку. Канечне, і сям’я дачкі дапамагала па гаспадарцы, але нядаўна маладзейшыя пераехалі ў Полацк. Цяпер, праўда, менш ужо жывёлы стала. І ўсё ж парсюка, курэй Франя Эдуардаўна трымае.

А Ганна Фёдараўна Барышава, хоць ужо і сілы не тыя, а ўсё водзіць пяць коз.

– А як жа, – гаворыць жанчына, – малако ж каштоўнае. Нават з Ушачы прасілі ў мяне прадаць. Я сама ўвесь час ужываю тварог, малако. Мы з сястрой, якая жыве ў райцэнтры, спраўляемся, сын таксама там, наведваецца, дапамагае. Сена хапае, толькі вось летам мне хужэй, што навязваць іх трэба, а суставы падводзяць ужо. У той жа час не хочацца змяншаць колькасць сваіх козачак. Хоць мне некаторыя гавораць: няхай бы пакінула адну. А я кажу: якая мне розніца, адна ці пяць, я ж адну вяду, астатнія следам бягуць.

– А ці ёсць сэнс Вам трымаць іх наогул?

– Канечне ж, – адказвае яна. – Асабліва калі ў каго ёсць сіла, то абавязкова трэба трымаць хоць каго-небудзь з жывёлы.

Муж і жонка Гаўрылавы цяпер ужо адной казой абыходзяцца. Як там ні было, а каштоўнае малако на месцы, толькі ў хлявок зайдзі.

Нястомная гаспадыня – Ала Васільеўна Лемеш. У вёсцы ў яе хата, якая засталася ад маці. Сама ж ва Ушачах жыве. І колькі ўжо год, нават і знаходзячыся на пенсіі, ходзіць у Ваўчо спраўляцца па гаспадарцы. Нават каня разам з іншымі суседзямі трымала. Цяпер цяжэй, бо мужу патрабуецца больш догляду. І ўсё роўна курэй, трусоў мае, брала парсюка ў зіму. Як і Таццяна Цімафееўна Варанько.

У пенсіянераў-братоў Люцькоў таксама гаспадарка маецца, хаця ў аднаго жонкі ўжо няма, у другога хворая.

Вось так і жывуць гэтыя руплівыя людзі, не песцяць сябе, не лянуюцца, а захоўваюць вясковыя традыцыі, сярод якіх працавітасць – адна з найпершых.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *