Сюда стекается золотой поток зерна. На зерносушильном комплексе в Ильюшино «кипит» работа

Сельское хозяйство

Жнівеньскімі днямі тэрыторыя сушыльнага комплексу становіцца сапраўдным цэнтрам вытворчай сістэмы “Ільюшынскага”: сюды сцякаецца залаты паток з навакольных ніў, каб атрымаць недададзенае сквапнаватым сёлетнім сонцам цяпло, а магутныя грузавікі вывозяць гатовае збожжа, якое стане потым духмянымі боханамі.

Зерне дастаецца цяжка, і аграрыі імкнуцца зберагчы кожны кілаграм. Пільна сочыць за тым, каб яно было замецена і падшуфлявана, надзейна закрыта плёнкай, кладаўшчык цэнтральных складоў Сяргей Уладзіміравіч Пліско. Адным з самых адказных работнікаў лічыць яго дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Анатольевіч Халімоненка: “Выдатна праяўляе сябе ў любой даручанай справе: у свой час быў прарабам будаўнічай брыгады, калі спатрэбілася – сеў за руль трактара, апошнія ж гады займаецца складской гаспадаркай, і я цалкам спакойны за гэты ўчастак”.

“А вось і мае старанныя памочнікі”, – у сваю чаргу прадстаўляе Сяргей Уладзіміравіч рабочага Анатоля Францавіча Цара і будучага медыка Крысціну Гваз­дзёву, якая вырашыла ў час канікулаў папрацаваць у роднай гаспадарцы. Не шкадуе добрых эпітэтаў і ў адрас яшчэ адной студэнткі Паліны Коўшаль, якая лоўка спраўляецца з абавязкамі вагаўшчыка, не губляецца ў вядзенні няпростай дакументацыі. Да гэтых працаўнікоў далучаюцца “дзяжурныя” – вечарам прыходзяць на дадатковую змену работнікі бухгалтэрыі, кожную ноч па графіку нясуць вахту спецыялісты гаспадаркі. Пастаянна курсіруе паміж комплексам і палеткамі галоўны аграном Аляксандр Сяргеевіч Селівёнак, ад якога залежыць зладжанасць і рытмічнасць працэсу. І калі ўборку зерня на палях сёлета то і справа прытарможвае непагадзь, то яго прасушка ідзе бесперапынна.

Мясцовыя аграрыі не перастаюць радавацца сваёй дальнабачнасці: набыты ў спрыяльныя па фінансах часы комплекс зараз спраўна апраўдвае ўкладанні і служыць прадметам зай­здрасці іншых гаспадарак раёна, якія даводзяць збожжа да кандыцыі з дапамогай старых ці малапрадукцыйных сушылак. Зараз яго перавагі асабліва адчувальныя: калі летась 30 працэнтаў збожжа пайшло без прасушкі, то сёлета ў загрузныя шахты ўстаноўкі трапляе ўсё, што прывозяць з палёў. Стартавалі з сурэпіцы і рапсу, потым сканцэнтравалі ўвагу на дзяржзаказе: адгрузілі на КХП 500 тон жыта і 150 пшаніцы. Азімыя палеткі апошняй, дарэчы, прынеслі даволі неблагі ўраджай – больш 30 цэнтнераў з гектара. У момант жа нашага візіту ішоў працэс прасушкі жыта, запраўляў якім аператар устаноўкі Алег Анатольевіч Фурманёнак.

Кругласутачныя вахты работніка і яго зменшчыка Аляксея Мікалаевіча Марковіча па напружанасці і інтэнсіўнасці не саступаюць працоўным будням камбайнераў. Магутнасць комплексу дазваляе за адзін прыём давесці да кандыцыі 70-80 тон зерня, працягласць працэсу разам з загрузкай і выгрузкай складае каля 16 гадзін. Дзень нашага візіту ў гаспадарку быў сухім, аднак прыбор, якім замярала вільготнасць паступіўшага збожжа аграном-насеннявод Лілія Мікіцевіч, паказваў больш 16 працэнтаў, у слоту ж яна дасягае 22, тады як на выхадзе ў жыта павінна быць не больш 12. “Калі свеціць сонца, яно дадаткова награвае шахты і скарачае працэс на 3-4 гадзіны, адпаведна, менш патрабуецца і паліва, у сярэднім жа за суткі даводзіцца загружаць у печ каля 5 кубоў дроў, якія яшчэ трэба парэзаць”, – расказвае аператар. У першыя пару год пасля запуску спрабавалі тапіць кацёл дызпалівам: гэта, канечне, зручней для работнікаў, аднак істотна павялічвае сабекошт.

Бесперабойнай рабоце комплексу спрыяе своечасовае ўхіленне непаладак, якія, канечне, здараюцца: вось і нядаўна выйшаў са строю электраблок, спатрэбілася замена датчыкаў. З лакальнымі праблемамі спраўляецца энергетык прадпрыемства Аляксандр Мікалаевіч Кемстач, калі ж паломкі складаныя – аператыўна дапамагаюць спецыялісты з Полацкага КХП.

На комплексе збожжа не толькі сохне, а і праходзіць грубую ачыстку, для таго ж каб закласці яго на насенне, патрабуецца яшчэ адзін этап апрацоўкі. Ажыццяўляюць яго на піктусах – ачышчальных машынах, якія аддзяляюць смецце і дробнае зерне. У адрозненне ад комплексу, абсталяванне, на якім таксама пазменна заняты аператары Сяргей Іванавіч Полазаў і Дзяніс Вячаслававіч Аўсіевіч, самае што ні ёсць рарытэтнае. “Яшчэ ў ГДР зроблена, гадах у 60-х, а бачыце – працуе, як гадзіннік!” – “прэзентуюць” мужчыны піктусовую ўстаноўку. З яе дапамогай ужо ачышчана каля 230 тон зерня для азімай сяўбы, якая хутка пачнецца ў гаспадарцы. Да слова, штогод “Ільюшынскі” набывае і 10-20 тон эліты, каб павысіць рэпрадукцыю насення. Паспяваюць дапамагаць і сябрам-суседзям: на пляцоўцы ля сушылак чакала загрузкі ў піктусы зерне “Маяка-Ушацкага”.

Завяршаецца лета, гарачая ж пара на ільюшынскім комплексе толькі наблізілася да экватара: у гаспадарцы з самым вялікім зерневым клінам убрана пакуль 42 працэнты плошчаў. Хочацца спадзявацца, што на фінішы жніва сонца ўсё ж стане саюзнікам аграрыяў, а зоркі сыдуцца так, каб парадаваць людзей канчатковым вынікам іх карпатлівай працы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

А.Фурманёнак, Л.Мікіцевіч, А.Цар, С.Пліско; С.Полазаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *