В Ушачах теперь на постоянной основе работает этнографическая выставка «Жизнь и быт ушачан 19-20 столетия»

Общество

Як толькі не афармляе свой інтэр’ер сучаснае пакаленне, нават прыбягаючы да дапамогі дызайнераў. У нашых жа продкаў усё было проста і аднастайна. У кожнай хаце абавязкова быў чырвоны вугал, які ўпрыгожвалі ручнікамі і іконай, а размяшчаўся ён строга па дыяганалі ад печы. Частку кухоннага памяшкання называлі бабін кут, а печ лічылася ганаровым спальным месцам і начавалі на ёй пажылыя і дзеці. Даведацца ж пра гэтыя і іншыя цікавыя факты, дакрануцца да гісторыі можна, наведаўшы этнаграфічную выставу “Жыццё і быт ушачан 19-20 стагоддзя”, якая цяпер на пастаяннай аснове працуе ў будынку былога Дома рамёстваў.

Да гэтага работнікі музея ішлі не адзін год. Як вядома, наша ўстанова спецыялізуецца на ваеннай тэматыцы, а этнаграфічны накірунак заставаўся па-за ўвагай. Цяпер жа памяшканне Дома рамёстваў “перакваліфікавалася” ў сапраўдную беларускую хату. І калі на першы погляд можа падацца, што рэчы тут проста расстаўлены, насамрэч усё мае свой гістарычны сэнс. Быў перавернуты вялікі пласт літаратуры, вывучаліся розныя тонкасці абсталявання жылля сялян.

З парога тут пануе незвычайная атмасфера. У сенцах, ці па-сучаснаму – у калідоры, можна ўбачыць шматлікія цяслярныя інструменты, каромыслы, дзежкі, бочкі і многія іншыя рэчы, патрэбныя ў гаспадарцы.

Далей трапляем у кухоннае памяшканне, у якім справа стаяла печ, а каля яе – качарэжнік. Справа ад печы – бабін кут – каля вакна прылады, якімі карысталіся выключна жанчыны, у прыватнасці, кросны. Тут адвялі месца і калекцыі посуду – глінянага і драўлянага. У жылым памяшканні, ці як яго яшчэ называлі “светлы пакой”, уздоўж сцен размяшчаліся лавы, з паляпшэннем дабрабыту іх замянялі на ложкі, а злева ад уваходу стаяла вялікая скрыня. Тут быў прыгаданы чырвоны кут і стол, за якім тры разы ў дзень збіралася ўся сям’я. Зрэшты, размяшчэнне яе членаў было строга рэгламентавана: на покуце сядзеў гаспадар, далей ад яго па ўзросце размяшчаліся ўсе астатнія. Каля акна стаяў і калаўрот. Дзяўчынак вучылі прасці ўжо з пяцігадовага ўзросту, да замужжа яна павінна была наткаць столькі палатна, колькі патрэбна ўсёй сям’і. Да вяселля ткалі і вышывалі 30-40 ручнікоў. Гэтая рэч займала асаблівае месца ў культурна-побытавых традыцыях нашых продкаў. У гэтым жа пакоі падвешвалі калыску: “голай” яна не была, першыя 40 дзён немаўля аберагалі – накрывалі накідкай, у гэты ж тэрмін варта было паспець і з хрышчэннем. У “інтэр’еры” выставы адвялі месца і паказу касцюмаў ушацкага строю.

Усё, што прадстаўлена на выставе – аўтэнтыка – сапраўдныя рэчы. Вялікая колькасць экспанатаў была перададзена з зачыненых Касарской, Плінскай, Кубліцкай школ, дзе меліся свае міні-музеі этнаграфічнага накірунку. Некаторыя рэчы набылі другое жыццё ўжо ў працэсе падрыхтоўкі выставы. “Вось гэтая скрыня “прыехала” з Царкавішча, яе пасля вайны зрабіў мой дзед Васіль Тарасавіч Бугай. Яму ж належалі шматлікія дзежкі, бочкі, слясарныя інструменты, – расказвае дырэктар музея народнай славы Наталля Пятроўна Бугай. – Было і такое, што пасля смерці адной бабулі дзеці прадавалі дом, а ручнікі, палавікі збіраліся выкінуць. Таксама знаёмыя набылі дом, а там знайшлося нямала непатрэбных у сучасным жыцці рэчаў, але вельмі каштоўных для нашай выставы”.

Дарэчы, яна будзе папаўняцца і калі ў вас таксама ёсць рэчы, якія расказваюць пра жыццё і быт ушачан, вы можаце перадаць іх у музей. У будучым яго супрацоўнікі мараць пра пашырэнне плошчаў экспазіцыі, што дазволіць “дарасці” да паўнацэннага этнаграфічнага музея. Ну а пакуль яны запрашаюць усіх жадаючых наведаць адмысловую выставу. Падчас 40-хвіліннай экскурсіі вы зможаце зазірнуць у гісторыю Беларусі, адчуць самабытнасць культуры нашага народа і ўбачыць, як жылі ўшачане ў даўніну.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *