Шанс на спасение. В Дне донора приняли участие 80 ушачан

Общество

Нягледзячы на ўсе дасягненні сучаснай медыцыны, бываюць сітуацыі, калі без донарскай крыві нельга спадзявацца на выратаванне. Яшчэ тысячы людзей застаюцца жывымі дзякуючы прэпаратам, у саставе якіх ёсць яе кампаненты.

Паўдзельнічаць у надзвычай высакароднай справе на бягучым тыдні ўшачане мелі магчымасць у цэнтральнай райбальніцы. Забор крыві тут ажыццяўлялі супрацоўнікі  Полацкай гарадской станцыі пералівання. Трэба адзначыць, што з 80 добраахвотнікаў ажно 30 сталі донарамі на бясплатнай аснове.

– Сама працую ў бальніцы, таму разумею важнасць донарства, – падзялілася з намі ўшачанка, мнагадзетная мама Юлія Крывёнак. – Здаю кроў не ў першы раз. Будзе магчымасць – абавязкова зраблю гэта зноў.

Зрэшты, менавіта медыкі сталі аднымі з самых актыўных удзельнікаў Дня донарства. Амаль поўным саставам прыйшлі на кроваздачу супрацоўнікі аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі. На сабе праверыць, што гэта такое, вырашыла Марыя Корабава, малады работнік кабінета функцыянальнай дыягностыкі. Традыцыйна праявілі актыўнасць супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. “Канкурэнцыю” ім па працэнтным удзеле маглі скласці хіба што прадстаўнікі магазіна “Востраў Чысціні”. Прыходзілі на здачу крыві і цэлымі сем’ямі, у ліку такіх – Ігар і Вікторыя Ананьевы.

Донарамі, між іншым, маглі стаць далёка не ўсе. Перад кроваздачай ушачане прайшлі неабходнае медыцынскае абследаванне – здалі аналізы на наяўнасць захворванняў, змерылі вагу (патрабуецца не менш 55 кг) і ціск (не менш 100 на 80).

Як нам расказаў загадчык кабінета трансфузіялагічнай дапамогі Ушацкай ЦРБ Аляксандр Вусько, дарослы чалавек без небяспекі для свайго жыцця можа страціць да аднаго літра крыві. Доза ж донарскай складае ўсяго 450 гр. Такую колькасць арганізм аднаўляе вельмі хутка. Падобнае кровапусканне нават карыснае для донара. Яно стымулюе работу эндакрыннай і імуннай сістэм чалавека, прафілактуе парушэнні стрававання, атэрасклероз, захворванні печані, падстраўнікавай залозы. Рэгулярная здача крыві садзейнічае прадаўжэнню маладосці, паколькі стымулюе кроватварэнне і самаабнаўленне арганізма.

Хоць Дзень донарства на Ушаччыне завяршыўся, магчымасць здаць кроў у жадаючых ёсць практычна штодня. У Беларусі для гэтага працуе каля 200 станцый і кабінетаў пералівання. Падарыць жыццё – проста!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *