За рулём и в праздники и в будни. Водитель автобуса Виталий Пятница старается, чтобы каждая поездка для пассажиров была комфортной и безопасной

Экономика и малый бизнес

Пасля вяртання з Полацка ў вадзіцеля аўтобуса ўчастка ­г.п.Ушачы філіяла “АТП №6 г.Наваполацка” Віталія Мікалаевіча Пятніцы было некалькі гадзін да наступнага рэйса. Але за гэты час ён накіраваўся не вырашаць нейкія асабістыя справы, а спяшаўся падрыхтавацца да чарговага маршруту.

– Без перабольшвання скажу, што тэхніка Віталія Пятніцы заўсёды ў ідэальным стане! Ніколі не падводзіў у яго руках стары аўтобус, у ліку першых, нягледзячы на невялікі стаж, мы даверылі яму адзін з новенькіх МАЗаў. Ён вылучаецца высокай кваліфікацыяй, дысцыплінаванасцю, ніколі не дапускае зрываў рэйсаў, заўсёды тактоўны і стрыманы, – расказвае пра свайго падначаленага  начальнік участка Кацярына Аркадзьеўна Марачкіна.

За рулём грамадскага транспарту Віталій Мікалаевіч працуе пяць гадоў. Яго аўтобус штодня выязджае на розныя маршруты як па раёне, так і ў гарады. Ездзіць усюды, акрамя сталіцы. “Пэўна, сярод такой разнастайнасці ёсць любімы маршрут і дарога?” – пытаюся ў мужчыны. Ён жа сцвярджае, што няма розніцы, куды ехаць, галоўнае – каб спраўнай была тэхніка. “Вялікая адказнасць, калі ад цябе залежыць жыццё і здароўе людзей, – разважае В.М.Пятніца. – На дарозе ж можа здарыцца ўсялякае, а аўтобус – не маленькая машына, таму трэба быць максімальна ўважлівым і сабраным. На шчасце, за час маёй работы аварый не было, хіба што дробныя паломкі, напрыклад, неяк у аўтобусе “выстраліла” кола”.

Вадзіцель адзначае, што прыходзіцца сутыкацца з рознымі пасажырамі, колькі людзей – столькі характараў: адны дзякуюць, іншыя абураюцца, што іх дрэнна вязуць ці высаджваюць не там, дзе ім захочацца. А вось моладзь, бачачы, што на платформу пад’язджае Віталь Мікалаевіч, радуецца, бо яго аўтобус адзіны з ушацкага аўтапарка, які абсталяваны бясплатным “WI-FI”. Няпроста вадзіцелям аўтобусаў і таму, што трэба не толькі “круціць баранку”, а і мець справу з грашыма, выдаваць білеты. Бывае на адным прыпынку прыходзіцца абілечваць і больш 10 пасажыраў, пры гэтым трэба строга прытрымлівацца графікаў руху.

Да прыходу на аўтатранспартнае прадпрыемства ўраджэнец вёскі Лабані працаваў вадзіцелем ў аддзеле па адукацыі райвыканкама, з тэхнікай сябраваў і ў час армейскай службы, якую праходзіў у Печах. Зрэшты, у яго працоўнай кніжцы ёсць запіс, зусім не звязаны з вадзіцельскай сферай: пяць гадоў В.М.Пятніца шчыраваў у Віцебскай друкарні. “Паспрабаваць сябе ў гэтай справе мяне паклікаў брат, які там працаваў. Прайшоў на месцы абучэнне і стаў друкаром. Тады якраз пераходзілі на “колер”, у друкарні ўстанаўлівалі і абкатвалі новае індыйскае абсталяванне. Першым браў у рукі свежыя нумары рэспубліканскіх і абласных газет, некаторых “раёнак”, ведаю многія нюансы нараджэння выданняў – так што ў маім жыцці былі не толькі дарожныя палосы, а і друкарскія. Зрэшты, хоць і блізка знаёмы з працэсам выпуску газеты, а вось непасрэдна героем публікацыі станаўлюся ўпершыню”, – сціпла адзначыў мужчына.

Друкарская работа была па душы, але ён вярнуўся ў родныя мясціны – ва Ушачах засталася сям’я. Менавіта з блізкімі стараецца правесці вольны ад работы час. Яны ж у сваю чаргу з разуменнем адносяцца да занятасці галавы сямейства – як вядома, вадзіцелі аўтобусаў не ведаюць стандартных рабочых рамак з 8 да 17. Часцей за ўсё яго дзень пачынаецца на золку, а, напрыклад, з вячэрняга рэйсу на Віцебск дамоў даводзіцца вяртацца ўжо пасля 22 гадзін. Ды і нярэдка святы вадзіцелю таксама прыходзіцца праводзіць за рулём. Так, і заўтрашняе прафесійнае Віталій Мікалаевіч сустрэне на працоўным месцы – у дарозе.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *