«Первый блин не комом!» В Ореховском СДК прошёл районный праздник блинов

Культура

Няма такой гаспадыні, якая б ніколі не пякла бліны, і чалавека, які б не ведаў смак гэтай стравы. А вы ведаеце, што яна з’явілася яшчэ ў 9 стагоддзі? Калі верыць легендам, то адна гаспадыня, разаграваючы кісель з аўса, зазявалася і замест салодкага напітку атрымаўся румяны кругляш. Ацаніўшы яго смак, яна назвала яго сапраўдным кулінарным шэдэўрам. З таго часу мінула не адно стагоддзе, а без бліноў мы зараз не ўяўляем свайго стала. Менавіта гэтай страве прысвячалася раённае свята “Першы блін не камяком”, якое днямі ладзілася ў Арэхаўскім сельскім Доме культуры.

У даўніну блін сімвалізаваў сонца, а згодна з традыцыямі яго трэба было есці рукамі. Лічылася, што калі пратыкнуць яго вілкай ці парэзаць нажом, то наклічаш бяду. Інфармацыю пра падобныя цікавыя факты можна было “пачарпнуць” на адпаведнай выставе, дзе таксама прапаноўвалася і мноства рэцэптаў – заварныя бліны на малацэ і вадзе, ажурныя на малацэ і дражджах, бульбяныя на малацэ, мучныя на згушчонцы – кожная гаспадыня магла ўбачыць штосьці новае і ўзяць на заметку. Зрэшты, наладжана была не толькі інфармацыйная выстава, а і ядомая, а таму яе пах быў чутны яшчэ з парога. Чаго тут толькі не было: аладкі, блінныя канверцікі, рулецікі, бліны з тварагом, грыбамі, мясам, варэннем, капустай і іншымі начынкамі. Трэба сказаць, што на “экспанаты”, якія гатавалі Вольга Мацулевіч, Людміла Мядзведзева, Тамара Чабоха, Тамара Крыскевіч, Кацярына Каўрыжонак, Галіна Карабань, Тамара Клопава, Ганна Троцкая, можна было не толькі паглядзець, а і з’есці.

А яшчэ ўсім прысутным прапанавалі ацаніць майстэрства мясцовых гаспадынь – удзельніц конкурсу “Самы смачны блін”. “Усе выдатныя, не ведаю, які і выбраць!” – справядліва зазначалі арэхаўцы. Напрыклад, Вольга Жукава гатавала аладкі з яблыкамі, а Алена Асепёнак печаныя бліны. Перамогу ж падчас “выбараў” з невялікім адрывам заваявала маладая гаспадыня Кацярына Шчэрбік. “У нашай сям’і гэта адна з любімых страў, асабліва ў сыночка Ягора”, – адзначыла жанчына, а ў якасці сімвалічнага падарунка ёй быў уручаны пачак мукі для новых смачных бліноў.

Выдатным дапаўненнем бліннага фэсту стаў і тэатралізаваны канцэрт “Бліны, аладкі, песні ды загадкі”, за правільныя адказы на апошнія прысутныя атрымлівалі салодкі прэзент. Шчырымі апладысментамі гледачы сустракалі кожны нумар у выкананні вакальнага гурта “Дубравушка”, самадзейных артыстаў, а таксама школьнікаў, актыўных удзельнікаў вакальных і тэатральных гурткоў, што дзейнічаюць пры СДК – Пашу Пацэйка, Ульяну Шчэрбік, Насцю Танана, Насцю Мятла. Падчас лялечнай пастаноўкі высока былі ацэнены і старанні выхаванцаў нядзельнай школы Лізы і Леры Каўрыжонак, Міланы Ісаевай.

Шмат эмоцый выклікалі і гульнявыя конкурсы. Напрыклад, не было адбою ад жадаючых паспрабаваць з закрытымі вачыма пры дапамозе чапялы паставіць патэльню ў печ (на здымку).

“У нашых калег з іншых сельскіх культустаноў ужо прайшлі адмысловыя святы малака, бульбы, беларускай хаты. І мы, рыхтуючыся да свайго мерапрыемства, хваляваліся і стараліся, каб яно атрымалася не менш цікавым. Вельмі прыемна было бачыць поў­ную залу, а пасля яшчэ пару дзён чуць шмат станоўчых водгукаў і падзяк!” – падзялілася дырэктар Арэхаўскага СДК В.Мацулевіч.

Смачнае свята бліноў, сапраўды, праляцела на адным дыханні. І хоць праходзіла яно ўпершыню, атрымалася зусім не камяком. Заключным жа яго акордам стала дыскатэка.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *