На базе Ушачской детской школы искусств прошла коллегия управления культуры Витебского облисполкома. Подведены итоги конкурсов, отмечены лучшие работники

Культура

За бягучы перыяд года на Віцебшчыне праведзена 65 тысяч культурных мерапрыемстваў, якія наведала больш 180 тысяч чалавек, кінатэатрамі і кінаўстаноўкамі вобласці абслужана звыш 180 тысяч, колькасць наведвальнікаў музеяў перавысіла 320 тысяч, бібліятэк, з удзелам аддаленых карыстальнікаў, – больш 4 мільёнаў, традыцыйна паспяхова прайшоў Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Нягледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю, установы культуры працягваюць працаваць над новымі праектамі – спектаклі, канцэртныя праграмы, выставы па-ранейшаму радуюць гледачоў.

Такія вынікі дзейнасці сферы былі агучаны на выязной калегіі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, якая прайшла ў мінулую пятніцу ва Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў. Год аказаўся няпростым для работнікаў галіны, але культурнае жыццё не спынілася. Не толькі праводзіліся мерапрыемствы, а і ўводзіліся ў строй новыя аб’екты, як тая ж дзіцячая школа мастацтваў ва Ушачах, ідзе мадэрнізацыя існуючых. Напрыклад, сёлета пасля рэканструкцыі здадзены ў эксплуатацыю гарадскі Палац культуры “Орша”, вядзецца рамонт Ушацкага музея народнай славы, Расонскага музея баявой садружнасці, Лепельскага краязнаўчага музея, Беларускага тэатра “Лялька” і дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў у Віцебску. І гэта толькі вялікія аб’екты.

Начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама П.М.Падгурскі шчыра віншаваў калег з прафесійным “святам святаў” – менавіта так ён назваў Дзень работнікаў культуры. “Так атрымліваецца, што мы заўсёды падводзім вынікі крыху пазней, – казаў Пётр Мікалаевіч. – Жадаю ўсім здароўя, дабрабыту і творчых дасягненняў!”

А яны, безумоўна, у культработнікаў Віцебшчыны ёсць. І доказам таму – россып узнагарод, якія атрымалі па выніках дзейнасці спецыялісты з усіх рэгіёнаў. Згодна з распараджэннем Віцебскага аблвыканкама, прэміі за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў памеры 20 базавых велічынь у розных намінацыях прысуджаны 8 работнікам розных устаноў вобласці, шэраг калектываў і спецыялістаў за шматгадовую творчую дзейнасць, значны ўклад у адраджэнне, захаванне і прапаганду беларускай нацыянальнай культуры, актыўны ўдзел у абласных, рэспубліканскіх, міжнародных мерапрыемствах атрымалі Ганаровыя граматы аблвыканкама і Падзякі яго старшыні М.М.Шарснёва. Не засталіся без увагі і гаспадары марапрыемства: Ганаровымі граматамі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны дырэктар Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка Наталля Пятроўна Бугай і загадчык Ушацкай дзіцячай бібліятэкі Галіна Мікалаеўна Іванова.

На калегіі былі агучаны і вынікі абласнога конкурсу на лепшую прэзентацыю брэндавых пляцовак гарадоў і раёнаў вобласці ў рамках фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” – наш раён адзначаны дыпломам за ІІ месца, які П.М.Падгурскі ўручыў начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Пятру Аляксандравічу Алексяёнку. Не засталіся ўбаку ад віншаванняў і прафсаюзы, а сярод адзначаных зноў былі і нашы культработнікі – Граматамі Віцебскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму яго старшыня Алена Аляксандраўна Сабірава ўзнагародзіла бібліятэкара Ушацкай дзіцячай бібліятэкі Святлану Рыгораўну Клачок і метадыста Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяну Уладзіміраўну Сісковіч.

Намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч таксама павіншавала ўдзельнікаў калегіі з прайшоўшым прафесійным святам і ўручыла памятны сувенір заслужанаму дзеячу культуры Рэспублікі Беларусь, начальніку ўпраўлення культуры аблвыканкама з 1990 па 2011 гады Мікалаю Пятровічу Пашынскаму, а навуковы супрацоўнік музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка Святлана Канстанцінаўна Турло ў дзень свайго нараджэння атрымала падзяку старшыні райвыканкама – за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, пошукавую і даследчую работу, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне насельніцтва.

Гаспадары мерапрыемства дастойна падрыхтаваліся да яго правядзення. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання суправаджалася канцэртнымі нумарамі ў выкананні Узорнага аркестра народных інструментаў і Узорнага дзіцячага хору Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Маргарыты Андрэеўны Грынберг і Жанны Віктараўны Савіцкай, лаўрэатаў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў з ліку навучэнцаў школы. У фае размясціліся выстава музея народнай славы, якая адлюстроўвала гісторыю развіцця галіны культуры Ушаччыны, немагчыма было прайсці міма стэндаў, прадстаўленых Ушацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай. А на другім паверсе праходзіла прэзентацыя народных калектываў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія размясцілі свае панадворкі і ярка прадстаўлялі сябе на тэатралізаванай пляцоўцы ў выглядзе беларускай вёскі. Гасцей народнымі спевамі сустракаў вакальны гурт “Ушачаначка”, цудоўную выставу сваіх здабыткаў падрыхтаваў Ушацкі Дом рамёстваў, пры якім працягваюць памнажаць старадаўнія традыцыі ўдзельнікі Народнага клуба майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне”, што аб’ядноўвае зараз 25 умельцаў. У захапленні былі госці і ад выступлення дзіцячага Узорнага фальклорнага калектыву “Спадчына” Матырынскага сельскага клуба, творчай энергіі і запалу ўдзельнікаў хору Народнага аматарскага аб’яднання “Ветэран”. Людміла Якаўлеўна Дунец расказала аб рабоце Народнага клуба творчых сустрэч “Муза”, а гаспадыні Народнага клуба нацыянальных культур “Дружба” частавалі гасцей нацыянальнымі стравамі беларускай, рускай, украінскай і башкірскай кухні. “Ушацкая хата на таленты багата!” – запрашалі вядучыя, а ўсе госці мелі магчымасць упэўніцца, што гэта сапраўды так.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *