Звено операторов комплекса «Маяк» — победители районного соревнования по выращиванию и откорму крупнорогатого скота

Сельское хозяйство

Працаваць разам Галіна Чульба і Аксана Дзіульская пачалі два гады таму. Амаль у адзін дзень. Тады на комплексе “Маяк” павялічвалі пагалоўе, набіралі новыя секцыі маладняку, а адпаведна і работнікаў. Мікалай Саўчанка ў лістападзе 2018 перайшоў у аператары з санітараў. І хоць не працуюць звычайна з малымі цялятамі мужчыны, і вакансіі на групах адкорму былі, Мікалай Аляксандравіч не здрадзіў свайму жаночаму калектыву, а яны проста наадрэз адмаўляюцца ад іншых напарніц і не аддаюць свайго падменнага.

– Сціплы, спакойны, ураўнаважаны. Ніколі не адмовіць, калі замяніцца трэба. Мяшок з мукой не дасць нам падняць, ды і любую іншую цяжкую работу імкнецца на сябе браць, – гаворыць А.Дзівульская, а Г.Чульба дадае: –Вытрымка патрэбна, каб прывучыць малых малако з вядра піць, не мужчынская справа, а ён цярпліва корпаецца з імі. У нас усе работы ў вызначаным парадку. Выпойванне цялят, раздача камбікармоў, потым сена, калі патрэбна – лекавыя адвары і ўборка. Бывае, толькі хочаш сказаць, маўляў, будзем распачынаць іншую справу, а ён ужо робіць. У нас звяно хуткіх, таму і нагрузка ўдвая большая, што спраўляемся. Ніхто не пагадзіўся ўзяць дадатковыя секцыі, калі паўсталі праблемы з кадрамі, а мы прынялі спачатку тры хлявы, а потым і чацвёрты. Набор праводзім і я, і Аксана, а працуем усе разам. Зразумела, што больш зарабляем.

Іх трыа – фактычна два звяны. Таму па многіх зводках Галіна Іванаўна значыцца адна. Аднак 750 грамаў прываг – гэта не яе асабістая, а іх агульная заслуга. Хаця і гэты немалы паказчык – усярэднены. Пры здачы апошніх цялят на адкорм яны прыраслі на 1200 грамаў(!), уніз пацягнулі малыя, на якіх такіх паказчыкаў не атрымаць, а прывагі дзяліліся на ўсе 500 галоў.

– Ад нас мала што залежыць… Галоўнае, які маладняк паступіць, – тлумачыць Г.Чульба. – Вось апошнія нашы рэкардсмены – з “Вялікадолецкага”. Мала таго, што дагледжаныя, ладныя, загадчыца ледзь не плакала, калі перадавала, дык і разумныя. Іх на вагі перагнаць – без праблем. Нам тады кіраўнік комплексу В.Літвін і ставіў задачу атрымаць больш кілаграма. Другі складнік – гэта кармы, якіх дастаткова і добрай якасці. Камбікорм, замяняльнік малака – па норме і адпаведна ўзросту цялят, ну а сена і сянаж старэйшым – у волю. Браслаўскіх гадаванцаў не маглі ўкарміць першы час, ды і зараз даём зялёнкі, не шкадуючы, хаця запушчаная жывёла і добрай аддачы ад яе не будзе. А трэці фактар – наш выдатны ветурач Антон Муша трымае пад кантролем усіх праблемных цялят. Створаны ўсе ўмовы.

У іх звяне два прафесійных жывёлаводы. М.А.Саўчанка працаваў “кармачом” на ферме ў Матырыне, Аксана Аляксандраўна – даяркай у Селішчы. Хоць і выходжвала цялят малых, кажа, што спецыфіка тут іншая, прывыкала, зараз падабаецца больш. Галіна Іванаўна ж пасля першых двух дзён проста хацела збегчы. Не таму, што работы баіцца, наадварот, думала, што не паспее і не справіцца. І ўсе трое зараз вельмі задаволены як умовамі працы, так і адносінамі кіраўніцтва. “Да нас заходзяць, каб павітацца, пахваліць, ну і ў рэдкіх выпадках пракантраляваць. Мы ж не любім, каб пабочныя людзі на групе былі, таму і водпускі адзін аднаму даём, тады два аператары працуюць без выхадных”, – кажуць абсалютныя раённыя рэкардсмены па вытворчасці ялавічыны.

Давяраюць ім, бо “звяно хуткіх“ даказала сваю сумленную працу. Ну а працэс працягваецца. Перадалі на адкорм шасцімесячных цялят і прымаюць малышоў, некаторыя з іх, як бачыце, ужо ручныя.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *