Тепло за три копейки. Уже шесть ушачан отапливают свои помещения с помощью электрокотлов

Общество

На сённяшні дзень ужо шэсць чалавек у раёне ацяпляюць свае памяшканні з дапамогай электракатлоў. Літаральна ўсе яны жыхары вёсак, якім “не свяціла”, ва ўсялякім выпадку ў хуткім часе, такая выгода, як правядзенне газу. У лепшым выпадку яны грэлі пакоі і ваду з дапамогай катла на цвёрдым паліве. А зараз! Дарэчы, даведацца, як зімавала год таму і зараз наша чытачка Галіна Васільеўна Сурвіла з Лутава, вы можаце з яе ліста.

“Я – пад пастаянным кантролем, а кантралёры – дзеці. Пытанняў – цэлая анкета. Адно з іх – тэмпература ў доме. Калі на вуліцы моцны мароз, то з ночы – плюс 11. Таму накідвала градусы 3-4 і казала, што цёпла. На нагах заўсёды вязаныя шкарпэткі, а паверх тоўстага світэру насіла нават футравую камізэльку. Так было год таму. Я тады часта прыгадвала дэтэктывы Чэйза, у якіх апісвалася, як людзі пасля доўгага перапынку прыязджалі ў дом, уключалі электрычнасць і хутка станавілася цёпла і ўтульна. Вось бы і ў нас так, марыла я і не ведала, што ўлады прадумалі такі зручны для людзей варыянт абагрэву, прычым усяго за тры капейкі. Прачытаўшы ж у раённай газеце пра ўказ № 492 аб устанаўленні тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі на 2019 год, нават не прыдала гэтаму значэння. Ды і электрычнасці баялася, паколькі былі праблемы – яшчэ ў маладосці ўдарыла токам пры карыстанні электрапліткай.

Дзеці ўпотай ад мяне сталі рыхтавацца да ацяплення. Сын разглядаў у інтэрнэце розныя варыянты катлоў, воданагравальнікаў, труб і батарэй, вёў перамовы з пастаўшчыкамі і падрадчыкамі. Таму з’яўленне ў двары індывідуальнага прадпрымальніка А.І.Атрахімовіча стала поўнай нечаканасцю. Ён і зрабіў мантаж сістэмы, дарэчы, да яго ж звярталася і дачка, калі манціравала абагрэў газавым катлом – добра зарэкамендаваў сябе і тады, і зараз. Электрамантаж правяло прыватнае прадпрыемства “Брыар” з Полацка. Работу яны здавалі ўшацкім энергаарганізацыям. У дзень прыёмкі ў мяне было каля дзесяці маладых “кавалераў”, вельмі прыдзірлівых. Усё фатаграфавалі, апламбавалі.

Пішу ж не таму, каб пахваліцца, а сказаць вялікі дзякуй: спецыялістам раёна электрасетак, што выдзелілі неабходную колькасць энергіі, мантажнікам за якасную работу, прадстаўнікам энерганагляду і збыту за скрупулёзнасць пры прыёмцы.

Зараз у мяне ў доме 22 цяпла. Я не апранаю футравую камізэльку, не трэба купляць брыкет, секчы дровы, выносіць попел. Ды і электрычнасці ўжо не баюся – уся сістэма закрытая, тэмпературу рэгулюю датыканнем да датчыка”.

Ад рэдакцыі. Мы абавязкова вернемся да гэтай тэмы ў наступных нумарах і раскажам пакрокавы алгарытм дзеянняў, каб і ў вашых дамах з’явілася зручнае ацяпленне.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *