Президент Беларуси Александр Лукашенко провёл совещание по вопросу развития АПК Витебской области

Общество

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па развіцці АПК Віцебскай вобласці, дзе цяпер ёсць шэраг істотных праблем. У ёй прынялі ўдзел вышэйшыя службовыя асобы, члены ўрада, кіраўніцтва мясцовай вертыкалі ўлады, уключаючы старшынь гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі інтэграцыйных структур, перапрацоўчых, сельскагаспадарчых і іншых арганізацый.

Прэзідэнт запатрабаваў абавязкова захаваць вёску і ўліч­ваць інтарэсы людзей пры правядзенні любых пераўтварэнняў. Ён уважліва і падрабязна азнаёміўся з тым, як працуюць створаныя раней у вобласці інтэграцыйныя холдынгі, іх праблемамі і эканамічнымі паказчыкамі. Дэталёва паспяховым вопытам работы холдынга падзялілася генеральны дырэктар ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка” Ганна Норкус. На думку кіраўніка дзяржавы, мадэль работы гэтай структуры з’яўляецца эфектыўнай, і яна можа стаць прыкладам для іншых. Асабліва правільным лічыць Прэзідэнт рашэнне ставіць на чале холдынга перапрацоўчыя прадпрыемствы і пад іх патрэбнасці развіваць сыравінную базу, якая фарміруецца з розных гаспадарак.

Для вырашэння праблем у АПК Віцебскай вобласці прапаноўвалася стварыць супербуйны холдынг. А.Лукашэнка адзначыў, што ўжо цяпер у вобласці працуюць некалькі інтэграцыйных структур у АПК у выглядзе холдынгаў, аднак большая іх частка не паказвае чаканых вынікаў. Пры гэтым па праекце ўказа вобласць разлічвае на каласальную суму дзяржаўнай падтрымкі. Прэзідэнт канстатаваў, што па асобных паказчыках работы АПК рэгіёна можна адзначыць невялікую пазітыўную дынаміку. Аднак вынікі ўсебаковага аналізу сітуацыі паказваюць наяўнасць сур’ёзных праблем. За 5 апошніх гадоў аб’ём вытворчасці сельгаспрадукцыі ў Віцебскай вобласці зменшыўся амаль на 2 працэнты. Акрамя таго, стала ўстойлівай тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы, а яе сярэднясутачныя прывагі ніжэйшыя, чым у любым іншым рэгіёне краіны. Віцебская вобласць адзіная, дзе сярэдні ўдой на карову складае менш 4 тысяч кілаграмаў. Нізкая інвестыцыйная актыўнасць, спад экспартнага патэнцыялу і як вынік пагаршэнне фінансавага стану прадпрыемстваў. Доля стратных арганізацый расце, а іх удзельная вага максімальная сярод усіх абласцей у рэспубліцы.

“Абсалютна недапушчальна тое, што ад такой работы пакутуюць людзі. Ад нашай неарганізаванасці, нераспарадлівасці, трэба сумленна сказаць, і ад бязладнасці саміх людзей. Скарачэнне занятых у галіне і іх нізкая заработная плата ўжо нікога не здзіўляюць. Як інфармуе Белстат, 37 % работнікаў вёскі атрымліваюць зарплату ніжэйшую за Br500, а 40 арганізацый нават не могуць забяспечваць яе рэгулярную і самастойную выплату. Тым часам кіраўніцтва вобласці недаравальна доўга (больш як 2 гады) распрацоўвае нейкія прапановы, як выправіць існуючую сітуацыю”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён усумніўся ў неабходнасці стварэння прапанаванага супербуйнога холдынга і строга папярэдзіў усіх кіраўнікоў, што нават калі дзяржава акажа дапамогу гаспадаркам у даўгавой частцы, то гэтыя грошы ў далейшым трэба будзе вярнуць: “Холдынгі, якія вы стварылі, будуць існаваць. Я не супраць, што будзеце пашыраць іх тэрытарыяльна за кошт гаспадарак, але ніякіх надбудоў”. Акрамя таго, Прэзідэнт прапанаваў разгледзець магчымасць прыватызацыі і продажу інвестарам тых гаспадарак, якія не могуць самастойна эфектыўна працаваць. “Падзяліце гэтыя гаспадаркі і стварыце сыравінныя зоны, і не палохайце людзей нейкімі інтэграцыйнымі структурамі”, – заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы пра АПК Віцебскай вобласці, ён адзначыў, што і без яго цяпер можна накарміць краіну і забяспечыць экспарт, і вострай праблемы няма. “Але не хацелася б страціць Віцебскую вобласць, таму што яна для мяне не чужая. Дапрацоўвайце, займайцеся гэтым. Максімум у студзені мы павінны гэта пытанне разгледзець у мяне”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заклікаў пачынаць з зарплаты работнікаў, каб людзі маглі больш-менш нармальна жыць і карміць свае сем’і: “Павернецеся зарплатай да людзей і спецыялістаў – будзе вынік”.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *