Как в Ушачском районе ведётся работа по созданию безбарьерной среды для инвалидов и лиц с ограниченными возможностями

Общество

Летась у рэдакцыю завітаў жыхар мікрараёна Еўдакіі Лось і выказаў такую думку: “Канечне, вельмі прыемна, што па нашай вуліцы паклалі новы асфальт. Аднак асабіста мяне, чалавека з парушэннем функцый апорна­рухальнага апарату, і некаторых пажылых грамадзян засмучае наяўнасць ля ўваходу ў магазін “Прыазёрны” занадта высокага бардзюра. Пераадолець яго нам няпроста, таму, каб трапіць у гандлёвую кропку, даводзіцца абыходзіць перашкоду”.

Між тым, мэтанакіраваную работу па стварэнні безбар’ернага асяроддзя жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб ніхто не адмяняў. Пра тое, як з гэтым абстаяць справы ва Ушацкім раёне, мы папрасілі расказаць спецыяліста па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Наталлю Віктараўну КЛЯПЕЦ.

– Зараз на тэрыторыі раёна рэалізуецца падпраграма па папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў на 2011-­2015 гады. Гэтым важным пытанням традыцыйна ўдзяляецца значная ўвага. Напрыклад, на аўтавакзале для людзей з абмежаванымі магчымасцямі зроблены пандусы і спецыяльныя бардзюры, аб’ект абсталяваны візуальным інфарматарам руху транспарту з павялічаным шрыфтам назваў маршрутаў, што, безумоўна, важна для тых, хто пакутуе ад захворванняў зроку. Работнікамі жыллёва­камунальнай гаспадаркі ажыццяўляецца кантрастная афарбоўка першай і апошняй ступеняў лесвічных маршаў шматпавярховых жылых дамоў і сацыяльна­значных аб’ектаў. У 2014 годзе райспажыўтаварыства пазапланава абсталявала пандус да кафетэрыя “Спадарожнік” у Сарочыне. А падчас апошняга рэспубліканскага суботніка “мадэрнізаваны” бардзюры ля пешаходных пераходаў у райцэнтры – пакатыя элементы, напэўна, ужо паспелі ацаніць фізічна аслабленыя людзі. Мы ж у сваю чаргу рэгулярна ажыццяўляем маніторынг па стварэнні безбар’ернага асяроддзя на тэрыторыі раёна, наладжваем кантакты з зацікаўленымі службамі.

Так, з­за недахопу матэрыяльных сродкаў пакуль не ўсё ўдаецца на сто працэнтаў. Напрыклад, зараз патрабуецца правядзенне работ па стварэнні безбар’ернага асяроддзя ля магазіна па вуліцы Савецкай у гарпасёлку (у народзе больш вядомага як “Тройка”) і на некаторых іншых аб’ектах. Аднак ёсць падставы меркаваць, што праблемныя пытанні з бесперашкодным доступам маламабільных груп насельніцтва да аб’ектаў сацыяльнай і іншай інфраструктуры паступова будуць здымацца. Так, напрыклад, як гэта было зроблена ля прыгаданага магазіна “Прыазёрны” – там высокі бардзюр ужо відазмяніўся і стаў пакатым.

Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *