Международное благотворительное объединение «София» оказало спонсорскую помощь отделению круглосуточного пребывания для пожилых и инвалидов в Веркудах

Общество

Аб Міжнародным дабрачынным грамадскім аб’яднанні “Сафія” ў нашай краіне вядома даўно. Яно дзейнічае пад дэвізам “Дапамагаць людзям, каб яны змаглі ў наступным дапамагчы сабе самі”. Прыемна, што сябруе “Сафія” і з ТЦСАН Ушацкага раёна. У ранейшыя гады яму аказана бязвыплатная дапамога ў адкрыцці сацыяльнай пральні, набыцці мотакасы для аказання сацпаслуг насельніцтву. Сёлета ж прыемны сюрпрыз чакаў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у аграгарадку Вяркуды – памяшканні сталовай і харчаблока сталі тут не толькі больш утульнымі, але і функцыянальнымі.

На бягучым тыдні валанцёры Уэслі і Руфь Джоунс, выканаўчы дырэктар аб’яднання “Сафія” Сяргей Станіслававіч Зубовіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Пятроўна Васілеўская і дырэктар ТЦСАН Ушацкага раёна Ірына Анатольеўна Ціханава наведалі прыгаданую сацустанову. Загадчыца аддзялення Алена Леанідаўна Ігнатовіч правяла для гасцей невялікую экскурсію па будынку, расказала, як выкарыстоўваецца набытая за спонсарскія сродкі тэхніка.

– Шматлікія плюсы ў такім пераўвасабленні адчулі як пастаяльцы, так і персанал, – зазначыла яна. – Дагэтуль, каб паспець прыгатаваць да 8 гадзін раніцы сняданак, неабходна было ўключаць старэнькую пліту ўжо ў 6. Цяпер на поўны разагрэў абсталявання хапае хвілін 20. Гэта, дарэчы, спрыяе эканоміі электраэнергіі: адпаведны сутачны паказчык зменшыўся ў сярэднім на 20 кілават. Якасць жа прыгатаваных страў па-ранейшаму застаецца на высокім узроўні.

– Вы толькі гляньце, якія шыкоўныя бляхі ў новай духоўцы – вялізныя, з глыбокімі борцікамі, – не хавае эмоцый повар Таццяна Мікалаеўна Кладніцкая. – Хопіць і на каравай да Вялікадня, і на любімую многімі запяканку. Такому абсталяванню пазайздросціць любая гаспадыня!

Парадавалі і новыя абедзенныя сталы, стулы. Пры іх выбары ўлічана ўсё, што трэба для эксплуатацыі пажылымі людзьмі і інвалідамі: надзейнае мацаванне, наяўнасць закругленых бакоў і спінак. Дарэчы, не забыліся спонсары і пра эстэтыку: мэблю падабралі ў колеравым сугуччы са сценамі, шторамі. Атрымалася, сапраўды, як ва ўтульным кафэ.

Амерыканцы з задавальненнем пагутарылі з персаналам аддзялення і яго жыхарамі. Як растлумачыў Уэслі Джоунс, разам з жонкай яны пражываюць у штаце Юта ў ЗША. Валанцёрства ажыццяўляюць за ахвяраванні прыхаджан Царквы Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён. У нашу краіну сямейная пара прыехала 1,5 года таму. За гэты час паспелі наведаць самыя розныя куточкі Беларусі, актыўна аказваючы дапамогу.

– Не трэба перабольшваць нашай ролі ў лёсах вашых падапечных, – зазначылі Уэслі і Руфь. – Гэта невялікі праект, які па прапанове Віцебскага аблвыканкама падтрымала “Сафія”. Усяго ж на дабрачынныя мэты Царквой праз названае аб’яднанне рэспубліцы сёлета выдзелена звыш 332 тысяч беларускіх рублёў, з іх больш 57 тысяч – установам Віцебскай вобласці.

Па словах Джоунсаў, іх візіт у Беларусь падыходзіць да заканчэння – дома іх чакаюць пяцёра дзяцей, на свет хутка з’явіцца і першы ўнучак. Сваё ж знаёмства з нашай краінай – надзвычай гасціннай, прыгожай – Уэслі і Руфь запомняць на ўсё жыццё. Як і аддзяленне Ушацкага ТЦСАН у Вяркудах, якое стала завяршальным пунктам іх валанцёрскай дзейнасці ў Беларусі.

– У нас у Амерыцы падобныя ўстановы з’яўляюцца прыватнымі. Каб трапіць у іх, патрэбны немалыя сродкі! – падзяліліся госці. – У вас жа дзяржава ўсяляк падтрымлівае неабароненую катэгорыю грамадзян. На схіле гадоў аказацца ў такім аддзяленні, калі б так склаўся лёс, былі б не прэч. Прыемна, што “Сафія” таксама не засталася ўбаку.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *