Усадьба семьи Клындюк — одно из лучших ветеранских подворий в Кубличском сельсовете

Общество

Капылоўшчынскі майстар Макар Кандратавіч Клындзюк у даваенны час славіўся на ўсю акругу. Звярталіся да яго не толькі мясцовыя – нават “у заходнюю” хадзіў употай хаты рубіць, мяжа ж тады была непадалёк. Прыклаў ён свае залатыя рукі і да будаўніцтва ў канцы 40-х леспрамгасаўскага пасёлка Мірны. З дзяцінства любіў назіраць за работай Макара Кандратавіча яго ўнук Рыгор, ды не толькі глядзеў, а і вучыўся цяслярскай справе, а, скончыўшы школу, нават колькі часу папрацаваў разам з дзедам.

Але так сталася, што пасля арміі хлопец звязаў свой працоўны лёс з сельскай гаспадаркай: кіраваў паляводчай брыгадай, быў загадчыкам фермы, завочна скончыў зааветтэхнікум. Прыгадвае, што ў пачатку 70-х саўгас “Кублічы” займаўся свінагадоўляй, і на аб’екце ў Скачыхах, за які ён адказваў, утрымлівалася больш дзвюх тысяч галоў гэтай жывёлы. У той жа гаспадарцы працавала і яго жонка Надзея – займалася бухгалтарскай справай. Неўзабаве ў маладой сям’і нарадзілася трое дачок і ў 1978-м было прынята рашэнне пераехаць з Капылоўшчыны ў Кублічы, дзе побач была і школа, і работа.

Вось тут Рыгору Мікалаевічу і давялося прыгадаць дзядулеву навуку: будаўніцтвам уласнай хаты ён запраўляў сам. Атрымаўся ж дом утульным і прыгожым – зрэшты, такім ён застаўся і дагэтуль: па выніках сёлетняга раённага конкурсу па добраўпарадкаванні сядзіба Клындзюкоў прызнана лепшым ветэранскім падворкам Кубліцкага сельсавета.

“Нават не ведаю, чаму абралі менавіта нас – вакол столькі годных сядзіб, – сціпла зазначае Надзея Іванаўна. – У нас жа няма нічога звышнатуральнага”. У пэўным сэнсе гэта так: вакол хаты не ўбачыш, напрыклад, мудрагелістых архітэктурных формаў, модных навінак ландшафтнага дызайну, дарагой агароджы. Затое прыгажосць падворку надаюць шматлікія кветкі на клумбах і ў вазонах, дагледжаныя дрэвы і кусты, акуратны газон, бездакорны агарод, свежыя фарбы пабудоў – менавіта гэтую натуральную гармонію ацаніла камісія конкурсу.

Гаспадары ўжо немаладыя, абаім далёка за 70, таму большасць клопатаў па падтрыманні парадку ляжыць на плячах дзяцей. Штораз вязуць з Наваполацка новыя сарты ружаў і астраў, півоняў і вяргіняў дочкі Валянціна і Наталля, дапамагае і Людміла, якая жыве ў Кублічах, а абкошванне ўчастка – клопат унукаў. Усе разам шчыруюць і на ўчастку. “Зямелька ў нас урадлівая: летась, напрыклад, са сваіх сямі сотак накапалі столькі бульбы, што і ўсім родным хапіла, і нават людзям раздавалі. І агародніна сёлета парадавала: давялося майстраваць новыя паліцы ў істопцы, каб хапіла месца для шклянак з закаткамі”, – расказваюць гаспадары пра свае няхітрыя клопаты.

Так што будзе чым частаваць блізкіх, якія часта наведваюцца ў Кублічы. Сёлета ў Клындзюкоў з’явіўся першы праўнук – і ўжо пабываў у іх у гасцях. “А хутка на канікулы прыедзе наш дзесяцігадовы ўнучак Мікітка, вельмі яго чакаем. Давядзецца бабулі гатаваць яго любімыя клёцкі!” – з цеплынёй у голасе расказвае Рыгор Мікалаевіч. Тым жа цяплом, дабрынёй і ўтульнасцю прасякнута і ўся атмасфера звычайнага вясковага дома. Хай шчасціць гэтым простым людзям, якія любяць і шануюць сваю вотчыну – цудоўны куточак кубліцкай зямлі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *