Что нужно знать, отправляясь отдыхать за границу

Здравоохранение

Зімой многія беларусы спрабуюць злавіць кавалачак лета ў цёплых краінах. Але часта забываюцца, што эпідэміялагічная сітуацыя ў свеце застаецца нестабільнай, захоўваецца рызыка заражэння рознымі інфекцыйнымі захворваннямі. Пра тое, як пазбегнуць непрыемнасцяў падчас адпачынку, расказвае інструктар-валеолаг Ушацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Васільеўна НІКІЦЕНКА:

– Летась рэгістраваліся выпадкі ліхаманкі Эбола ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Зіка – у краінах Амерыканскага кантыненту, чумы – у Кітаі. Нядобранадзейнымі па халеры з’яўляюцца Паўднёвая і Паўднёва-Усходняя Азія, Афрыка, востраў Гаіці, Дамініканская Рэспубліка. Паралітычны поліяміэліт рэгіструецца ў Афганістане, Пакістане і Нігерыі, а ў Еўрапейскім рэгіёне – адзёр. Пры наведванні Індыі, Тайланда, Егіпта і многіх іншых замежных краін узрастае рызыка заражэння вірусным гепатытам А, вострымі кішэчнымі інфекцыямі, гемарагічнымі ліхаманкамі, якія перадаюцца праз укусы насякомых. Не выключаны таксама завоз малярыі і шэрагу паразітарных захворванняў.

Перад падарожжам удакладніце звесткі аб захворваннях, характэрных для абранай для адпачынку краіны, мерах іх прафілактыкі. Зрабіць гэта можна ў тураператара і на інтэрнэт-сайтах Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, тэрытарыяльных органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд. Звярніцеся да ўчастковага тэрапеўта, зрабіце неабходныя прафілактычныя прышчэпкі. Не забудзьцеся ўзяць у падарожжа аптэчку.

Падчас знаходжання за мяжой захоўвайце правілы асабістай гігіены. Не астуджайце напоі з дапамогай лёду – яго паходжанне не заўсёды вядома! Будзьце асцярожныя пры кантакце з жывёламі: у выпадку ўкусу, падрапання старанна прамыйце пашкоджаную частку цела вадой з мылам, апрацуйце рану перакісам вадароду, краі – спіртаўтрымліваючым антысептыкам, накладзіце стэрыльную павязку і неадкладна звярніцеся да ўрача для вырашэння пытання правядзення прышчэпак супраць шаленства. У час знаходжання ў краінах, нядобранадзейных па малярыі, жоўтай ліхаманцы, а таксама дэнге і Зіка, пазбягайце ўкусаў насякомымі, выкарыстоўвайце рэпеленты і супрацьмаскітныя сеткі ў памяшканнях.

Калі падчас вандроўкі вы перанеслі інфекцыйнае захворванне, вазьміце адпаведную выпіску. Пры любым пагаршэнні стану здароўя, павышэнні тэмпературы цела на працягу 21 дня пасля вяртання дамоў неадкладна выклічце ўрача і паведаміце пра факт знаходжання за мяжой.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *