Память общая — память вечная. Митинг к 75-летию Великой Победы прошел в Витебском районе у обелиска в деревне Шапуры

Общество

Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны працягвае заставацца полем дзейнасці даследчыкаў нягледзячы на тое, што залпы салюту Перамогі адгрымелі амаль 75 год таму. Пакуль застаюцца невядомымі імёны салдат-вызваліцеляў, работы па ўстанаўленні іх прозвішчаў, пошуку невядомых месцаў пахавання і ўшанаванні памяці герояў будуць працягвацца. І зусім не важна, якой нацыянальнасці былі гэтыя людзі – у адзінай вялікай сям’і народаў за вызваленне Савецкага Саюза і краін Еўропы плячом да пляча ваявалі прадстаўнікі больш сотні нацый і народнасцей. Многія з іх загінулі, вызначыліся ў баях далёка ад малой радзімы. 413 тысяч салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі пахаваны на Віцебшчыне. І мы ўдзячны кожнаму з іх.

Такім быў лейтматыў мерапрыемства, якое адбылося 4 лютага ля брацкай магілы ў вёсцы Шапуры пад Віцебскам. Хоць і цікаўлюся гісторыяй вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, да гэтага не ведаў, што менавіта тут, пад не вельмі вялікіх памераў мемарыялам знаходзіцца самае масавае ў Беларусі пахаванне савецкіх воінаў – 17454 байцы і камандзіры. У цырымоніі ўскладання кветак і вянкоў да надмагільных пліт, урачыстым мітынгу прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі Віцебшчыны, духавенства, актывісты грамадскіх аб’яднанняў, а таксама надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Арменія ў Беларусі Армен Гевандян – 84 сыны гэтай сонечнай закаўказскай краіны ляжаць у прыгаданай брацкай магіле.

Вітаючы прысутных, У.У.Цярэнцьеў нагадаў факты з гісторыі вызвалення Пры­дзвінскага краю, выказаў словы ўдзячнасці за плённае супрацоўніцтва ў справе ўшанавання памяці подзвігу савецкага народа пасольствам Малдовы і Украіны, расійскім пошукавікам. Асаблівая пашана за вялікую і сістэмную працу была адрасавана пасольству Арменіі – сумеснымі намаганнямі рэалізаваны многія праекты, напрыклад, у Гарадку ўстаноўлены бюст маршала Івана Хрыстафоравіча Баграмяна, камандуючага 1-ым Прыбалтыйскім фронтам, часці і злучэнні якога вызвалялі многія раёны Віцебшчыны, у тым ліку і наш. Таксама імя гэтага таленавітага военачальніка прысвоена школе №46 абласнога цэнтра.

Гасцям перадалі зямлю з месцаў пахавання паўтары тысячы байцоў з Арменіі, загінуўшых на тэрыторыі Віцебскага раёна. А сапраўдным помнікам савецкім афіцэрам і салдатам стане дакументальная кніга “Воіны-армяне ў баях за Беларусь. 1941-1944гг”. Гэта фундаментальнае выданне, прэзентацыя якога адбылася ў ленінскай бібліятэцы, стала вынікам сямігадовай працы спецыялістаў інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, спецыяльнага фонду армянаведчых даследаванняў і ўпраўлення па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войн Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Цэнтральнае месца ў даследаванні зай­маюць звесткі на амаль 3,5 тысячы воінаў-армян, якія загінулі або прапалі без вестак на тэрыторыі нашай краіны, а таксама аб удзельніках абароны Брэсцкай крэпасці, персаніфікаваныя даныя аб 654 ураджэнцах Арменіі, якія ўдзельнічалі ў партызанскім руху і падпольнай барацьбе, у тым ліку і ў партызанскіх брыгадах ушацкай зоны. Таксама аўтарскім калектывам сабраны звесткі з узнагародных дакументаў на 2228 армян, якія атрымалі ордэны і медалі за подзвігі ў баях за Беларусь. У выданне ўвайшлі кароткія біяграфічныя нарысы аб палкаводцах, камандзірах, Героях Савецкага Саюза і поўных кавалерах ордэна Славы армянскага паходжання, звесткі аб гісторыі 76-ай Армянскай горна-стралковай дывізіі, якая пасля гераічных баёў за Віцебск атрымала назву 51-й гвардзейскай стралковай Віцебскай дывізіі імя К.Варашылава. Асабіста мяне зацікавілі і нататкі з гісторыі танкавай калоны “Давід Сасунскі” – баявыя машыны Т-34 былі выраблены на сродкі армянскай дыяспары з усяго свету. Уваходзіла калона ў склад 119-га асобнага палка 6-ай гвардзейскай арміі, які адыграў значную ролю ў вызваленні Полацка, узаемадзейнічаў з 1-ым танкавым корпусам, што вызваляў Ушацкі раён.

На постсавецкай прасторы няма аналагаў такой кнігі. Гэта ў нейкім сэнсе метадалагічны эталон для тых, хто займаецца пошукавай работай. 45 экзэмпляраў выдання перададзены для бібліятэк і музеяў Віцебшчыны.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *