Повестку вручили на свадьбе. В памяти Алины Андреевой немало моментов военного времени

Общество

Зусім нямнога застаецца не толькі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, але і тых, хто сустрэў яе падлеткам. Сярод іх – Аліна Цімафееўна Андрэева, якая ў снежні адзначыла 90-гадовы юбілей, але нягледзячы на шаноўны ўзрост і выглядае бадзёра, і памяць захавала добрую. 22 чэрвеня 1941 года яна прыгадвае выдатна. Як жа забыцца, калі ў стрыечнага брата было вяселле, за якім яны з сяброўкай назіралі з прыпечка. У разгар застолля маладому і ўручылі павестку, а на наступны дзень забралі на фронт. Гэта і быў адзіны дзень яго абарванага сямейнага шчасця. Як і для практычна кожнай сям’і – пачатак страт блізкіх і каханых.

Яе бацька Цімафей Мікалаевіч Волкаў памёр за два тыдні да гэтай даты, пакінуўшы ўдаву і сямёра дзяцей. Брата Рыгора ў армію не забралі, толькі сямнаццаць было, і ён пайшоў у партызаны, атрымаўшы персанальнае заданне ла­віць рыбу. Яшчэ ў самым пачатку партызанскага руху маці хадзіла ў Глыбачку. Аліна не ведала чаму, гэта потым пачула пра брыгаду Цябута і заданні, якія мела маці. Ды і Аліна як магла таксама дапамагала мсціўцам. Усёй сям’ёй вязалі шкарпэткі, а таксама шылі белыя маскіровачныя халаты, спачатку выткаўшы з лёну палатно і адбяліўшы яго. Ёй, як малой, давяралі тады толькі зрэб’е – хужэйшы лён, каб не сапсавала. Садзілі і невялікі агарод, для чаго жанчыны па тры ўпрагаліся ў бароны. Зерневыя ды бульбу захоўвалі ў ямах на агародзе. Ну а ў канцы 1943-га, калі пачаліся частыя бамбёжкі, хавалі за хатай і іншы скарб – яйкі, сала, адзенне.

Іх вёска Ваўкі Полацкага раёна згарэла амаль поўнасцю на Пакроў. Заўсёды перад налётам яны паспявалі адагнаць да кустоў карову, маці ж заставалася ля дома, каб адкідваць бутэлькі з гаручай сумессю, што скідвалі з самалётаў. Толькі на гэты раз не ўдалося, ад суседскага хлява агонь хутка перакінуўся на іх саламяны дах, і жанчына махала Аліне, клікала на дапамогу, каб вынесці астатнія прадукты. Малая схапіла кошык з яйкамі, а потым хавалася пад сліўняком ды вярбой, не разумеючы, чаму кулі ляцяць так блізка – думала, што яе не бачна. Сала ў той вечар маці смажыла ім на папялішчы роднай хаты…

Засталася толькі лазня, ды калгасны свіран, які накрылі лапнікам, змайстраваўшы жыллё для вялікай сям’і. А паколькі ўсё роўна было цесна, пабудавалі як і іншыя вяскоўцы яшчэ і зямлянку. Аднойчы маці з сястрой панесла ў лес ежу. Толькі натрапілі на немцаў. “Да партызан?” На іх накіравалі зброю, трымалі за кратамі. Неяк удалося пераканаць, што адводзілі каня. Доўга чакалі тады дзеці, карову згубілі, хаваючыся, але так радаваліся, што маці вярнулася жывой. А вось калі 4 мая 1944 яны разам з іншымі рушылі ў напрамку Паперына, зноў аказаліся спыненымі фашыстамі, якія зачынілі людзей у хляве. Падпёртыя, яны баяліся, што спаляць, маці прасіла дзяцей быць побач, каб і ў апошнюю хвіліну засталіся разам. Але выпусцілі, адсартаваўшы на адпраўку ў Нямеччыну. Малых і старых не чапалі, больш таго, пакуль тыдзень сядзелі ў чужой хаце, немец кінуў ім курыцу, якая знесла з дзясятак яек, якія маці потым абмяняла на соль.

Брата Рыгора мабілізавалі ў армію адразу пасля вызвалення раёна на 1-ы Прыбалтыйскі фронт. А 27 кастрычніка ён загінуў, на пахавальнай, што атрымалі, стаяў перакрэслены надпіс “прапаў без вестак”, а ніжэй пазначана месца пахавання – Прыекулеўскія ваенныя могілкі ля сяла Сілу ў Латвіі. А вось дзе магіла дзядзькі Міхея Антонавіча Жданко і яго сям’і Аліна Цімафееўна не ведае і да гэтага часу. Тады жыхароў Крукоўшчыны, Пагоста расстралялі, пад завалам мёртвых целаў аказаўся Васіль Первянёнак, які апрытомнеўшы, выпаўз. Моцны стрэс атрымаў, і калі ўжо ў мірны час ішоў у калоне навабранцаў на адпраўку ў армію, у юнака пачаўся прыступ, напэўна ўспомніў, калі вось так калонай іх вялі на смерць – яго камісавалі.

У канцы 44-га па раёне каціў тыф і не толькі – сёстры Волкавы хварэлі на малярыю, адзёр… і Аліна прапусціла больш чвэрці, перш чым пайшла ў чацвёрты клас. А вось Новы год 1945-га запомніла. Для правядзення свята школе выдалі пуд зерня, якое настаўнікі змалолі, напяклі зорачак ды кольцаў, якімі частавалі малых і ўпрыгожылі ёлку. Памятны мірны Новы год, хоць яшчэ ішла вайна.

Цікава, што Аліна Цімафееўна сведка многіх такіх вось знакавых дат. Пасля заканчэння Глыбоцкай сельскагаспадарчай школы працавала ў нарыхтоўчым таварыстве Ушач, ваенкамаце, Ушацкай школе. А калі ў 1966-м аднавіўся раён, яна друкавала вынікі першай канферэнцыі Ушацкага райкама КПБ. Першая на той час сакратар-машыністка з адзінай пячатнай машынкай, ёй прыносілі дакументы і з райкама партыі, і з выканкама, і з райкама камсамола. Да 1984 года так і адпрацавала на адным месцы і можа расказаць пра рысы тагачасных кіраўнікоў раёна ад М.Дземянцея да Н.Гірсы.

Вольга Караленка.



1 комментарий по теме “Повестку вручили на свадьбе. В памяти Алины Андреевой немало моментов военного времени

  1. Спасибо Ольге Короленко за интересную публикацию про мою мамочку! Желаю Вам, Ольга, творческих успехов; мамочке — крепкого здоровья!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *