Здаецца, зусім нядаўна юныя стралкі Таня Падгола і Даша Мацвеенка “ілюстравалі” нашы аповеды пра паспяховую дзейнасць трэнера аддзялення стральбы Пятра Варатынскага, а зараз і самі сталі цэнтральнымі фігурамі вытворчага здымка, на якім дзеляцца ведамі з уласнымі вучнямі. Абедзьве вярнуліся на малую радзіму, каб распачаць сваю кар’еру ў родный спартыўнай школе.
“Імкліва час ляціць! Памятаю іх зусім маленькімі, ледзь вінтоўку ў руках утрымлівалі, а зараз – калегі! Надзвычай прыемна, калі вучні ідуць па тваіх слядах, – разважае Пётр Юльянавіч. – Асабіста я заўсёды ведаў, што народжаны для трэнерскай справы. Калі пэўны час працаваў у іншай сферы, то скрупулёзна выконваў свае абавязкі, але адчуваў сябе нешчаслівым. Таму хачу сказаць моладзі, якая зараз шукае свой шлях: прыслухоўвайцеся да парад у любых іншых пытаннях, а вось прафесію выбірайце сваім сэрцам!”
Менавіта так зрабілі Таццяна і Дар’я, падаўшы дакументы ў Белдзяржуніверсітэт фізічнай культуры. Зрэшты, статус у іх крыху розны: калі Таня год таму прыйшла ў нашу СДЮШАР у якасці дыпламаванага спецыяліста, то Дар’я скарысталася магчымасцю ўладкавацца на працу ва Ушачах яшчэ да заканчэння ВНУ. Справа ў тым, што для асобных студэнтаў (членаў зборных) ва ўніверсітэце прадугледжана прывілея: на старэйшых курсах яны могуць сумяшчаць вочную вучобу і работу. Наведваць лекцыі дазволена выбарачна, але выконваць заданні, здаваць сесіі, канечне, трэба на роўных з усімі.
“Часта даводзіцца ездзіць у Мінск, вось і заўтра накіруюся туды, каб атрымаць допуск да залікаў: у чэрвені – абарона дыплома. Таму я вельмі ўдзячная адміністрацыі спартшколы, якая заўсёды ідзе насустрач, робіць такі расклад заняткаў, каб і мне было зручна, і вучэбны працэс не цярпеў”, – зазначае дзяўчына.
Дар’я вядзе групы юных снайпераў, якія асвойваюць пісталет. А паколькі сама спецыялізавалася на стральбе з вінтоўкі (мае званне кандыдата ў майстры спорту), давялося набываць шмат новых ведаў: кансультуецца з універсітэцкімі спецыялістамі, чытае адпаведную літаратуру. Але пры гэтым ужо мае і першы гучны трэнерскі поспех: яе вучаніца (а адначасова малодшая сястра) Саша Мацвеенка гэты навучальны год пачала ў Віцебскім вучылішчы алімпійскага рэзерву.
Таццяна ж трэніруе дзяцей, якія страляюць з вінтоўкі. “Паколькі я – майстар спорту па пнеўматычнай зброі, то гэтыя практыкаванні выкладаць зусім нескладана, а вось дробнакаліберную ведаю горш, таму, як і Даша, самаўдасканальваюся, штудзірую дапаможнікі”, – расказвае яна.
Восенню Таццяна набрала групы навічкоў, прычым, на заняткі да яе пачалі хадзіць не толькі маленькія вучні. Ігнат Шыхель і Кірыл Хвошч – сямікласнікі, але вырашылі, што пачаць трэніроўкі ніколі не позна. “Страляць – гэта цікава, мы вучымся вытрымцы, шмат увагі ўдзяляем фізічнай падрыхтоўцы: кожны тыдзень займаемся ў басейне, трэнажорнай зале, а хто з хлопцаў не хоча быць моцным і падцягнутым?” – патлумачылі падлеткі. У дзень нашай размовы ў ціры праходзіла першынство спартыўнай школы, прысвечанае Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту, на якім вучні дэманстравалі свае ўменні.
“Зараз страляе Віка Хвасціёнак, якая таксама вучыцца першы год, але вельмі стараецца, – прадставіла нам Таццяна яшчэ адну сваю выхаванку. – Як бачыце, яна ў спецыяльным касцюме, а мы іх выдаём толькі калі дасягнуты пэўны ўзровень майстэрства”.
“Дзеці звычайна вельмі рухомыя, як утрымаць іх на досыць манатонных стралковых занятках, не прайграць канкурэнцыю дынамічнаму футболу ці дзюдо?”, – цікаўлюся ў трэнераў, пачуўшы зробленую імі заўвагу ў адрас хлопчыка, які ў час падрыхтоўкі да выстралу пераступіў з нагі на нагу.
“А хто сказаў, што яны манатонныя? Мы шукаем розныя спосабы разнастаіць заняткі, дадаём гульнявыя элементы – напрыклад, спрабуем трапіць у мішэнь з заплюшчанымі вачыма, ці страляем… на “распрананне”: кожны промах – адзін расшпілены гузік на касцюме, выйграе той, хто даўжэй застаецца ў форме. Праводзім і міні-спаборніцтвы з салодкімі прызамі – дзецям падабаецца”, – усміхаецца Таццяна.
Яна, да слова, выкладае таксама фізкультуру ў трэцякласнікаў Ушацкай школы. Прызнаецца, што гэта работа больш складаная, але калі згадзілася – нельга адступаць. У самой ёсць сястра і тры малодшыя браты, так што дысцыпліну наладзіць і ўвогуле абыходзіцца з малымі ўмее. З мнагадзетнай сям’і і Дар’я, і відавочна, што абедзвюм было важна раней пачаць матэрыяльна сябе забяспечваць. Апошняя, дарэчы, узяла на сябе і пытанне ўкаранення ў раёне новага віду – практычнай стральбы.
“Мы вучым дзяцей страляць, але гэта не адзіная і нават не асноўная мэта. Галоўнае ж – каб яны раслі здаровымі, таму зусім не разумею трэнераў, якія для дасягнення перамог гатовы “загнаць” вучня, пусціць у ход шкодную фармакалогію. Яшчэ адна важнейшая задача – выхаваць чалавека з годнымі маральнымі якасцямі. І толькі наступны пункт – дасягненне спартыўных вышынь”, – агучвае сваё бачанне трэнерскай місіі Пётр Варатынскі.
Думаецца, что і яго маладыя калегі возьмуць гэта за аснову. Завяршу ж аповед расказам пра яшчэ аднаго вучня, з якім пазнаёмілася ў гэты дзень. Арцём Захарэнка займаецца ў аддзяленні два з паловай гады – асвойвае пісталет, і хоць вучыцца толькі ў пятым класе, ужо гарыць жаданнем звязаць жыццё са спортам. Паказвае годныя вынікі на ўнутраных спаборніцтвах, а вось на выязных пакуль не выступаў. Затое трапіў на наш здымак разам са сваім трэнерам – а гэта, як мы ўжо высветлілі, добрая спартыўная прыкмета!
Наталля БАГДАНОВІЧ.