Ушачи присоединились к реализации государственного профилактического проекта «Здоровые города и посёлки»

Общество

Здароўе – гэта не толькі своечасовае наведванне ўрача, выкананне яго рэкамендацый, але і клопат пра месца, у якім жывеш: добраўпарадкаванне тэрыторый, стварэнне і захаванне здаровага асяроддзя ў жылых і службовых памяшканнях, на вытворчасці. Да таго ж гэта правільнае харчаванне, дастатковая фізічная актыўнасць, жаданне ўсебакова палепшыць наша жыццё. Улічваючы ўсе гэтыя нюансы, у краіне актыўна ідзе рэалізацыя дзяржаўнага прафілактычнага праекта “Здаровыя гарады і пасёлкі”. Уключыліся ў працэс і 24 населеныя пункты Віцебшчыны, у тым ліку Ушачы.

Рашэннем раённага выканаўчага камітэта ад 15 студзеня 2020 года №12 створана ініцыятыўная група па кіраванні праектам “Ушачы – здаровы горад”, зацверджаны план адпаведных мерапрыемстваў, для ажыццяўлення якіх мяркуецца задзейнічаць усе прадпрыемствы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні.

– Праект ставіць сваёй мэтай значна палепшыць умовы жыцця, стварыць асяроддзе, дзе прытрымліваюцца канонаў здаровага ладу жыцця, адказна ставяцца да асабістага здароўя з мэтай павелічэння працягласці і павышэння якасці жыцця, – кажа намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч. – Для гэтага трэба сфарміраваць у насельніцтва перакананасць, што быць здаровым – прэстыжна, што трэба імкнуцца да свядомага адмаўлення ад самаразбуральных паводзін.

На шляху да агучанага ў бліжэйшы час плануецца правесці конкурс на эмблему “Ушачы – здаровы горад”, адзіныя дні інфармавання і творчыя конкурсы па пытаннях здаровага ладу жыцця, фотавыставы, лекторыі, розныя спартыўныя мерапрыемствы. Працягнецца рэалізацыя праектаў “Тата-зала” і “Азбука здароўя”. На базе цэнтральнай райбальніцы будзе наладжана работа “Школы здароўя” па пытаннях прафілактыкі неінфекцыйных захворванняў, якія, па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ушацкага раёна П.А.Саўчанкі, з’яўляюцца асноўнай прычынай смерці беларусаў (89 працэнтаў). Штомесяц медыкі будуць праводзіць і акцыю “Лічбы здароўя: артэрыяльны ціск”. Акрамя гэтага пройдуць мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне і ўмацаванне здароўя на працоўных месцах (вытворчая гімнастыка, зарадка для вачэй і г.д.), навучанне валанцёраў аказанню першай медыцынскай дапамогі. Вялікая ўвага будзе нададзена барацьбе з алкагалізмам, курэннем.

Сярод больш “практычных” мерапрыемстваў Алена Васільеўна называе ўладкаванне тратуара па вуліцы Калінінскай, паляпшэнне асфальтавага пакрыцця, абсталяванне з’ездаў з тратуараў на праезную частку па Ленінскай (ад вуліцы Садовай да райвыканкама) і на пешаходных пераходах перакрыжавання Савецкай і Ленінскай. Больш камфортна павінна стаць у зонах адпачынку грамадзян ля возера Вечалле і на рацэ Ушача. Элементы безбар’ернага асяроддзя з’явяцца ў адным з дамоў па вуліцы Садовай, веладарожка – на вуліцы райцэнтра, якая зараз праектуецца. Новыя тэхналогіі будуць укараняцца ў працэсе перапрацоўкі цвёрдых камунальных адходаў, зменшацца аб’ёмы іх захавання.

У канчатковым выніку праект закліканы прывесці да значнага паляпшэння фізічнага, псіхалагічнага, сацыяльнага і экалагічнага дабрабыту нашых людзей. “Ушачы – здаровы горад” – праект для кожнага з нас. Далучайцеся!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *