Что волнует жителей деревни Косари? Руководство района провело приём граждан в населённом пункте

Зваротная сувязь

На мінулым тыдні старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка ў рамках Дня работы з насельніцтвам праводзіў выязны прыём грамадзян у Касарах. Былы цэнтр аднайменнай гаспадаркі хоць і страціў ранейшую веліч, але застаецца другім населеным пунктам Вялікадолецкага сельсавета па колькасці пражываючых. Сустрэча праходзіла ў мясцовым лясніцтве. І цікава, што менавіта лясная гаспадарка аказалася напэўна адзінай сферай, да работы якой не паступіла заўваг.

Затое яны меліся ў галоўнага ляснічага Мікалая Алегавіча Рахманенкі. І ў сваёй праблеме ён быў сугучны з Надзеяй Уладзіміраўнай Азаронак, якая ад імя ўсіх вяскоўцаў прасіла садзейнічання ў вырашэнні пытання ўтылізацыі бытавых адходаў. Міні-палігон, які размяшчаўся непадалёк ад Касароў, у мінулым годзе зачынены, а існуючых кантэйнераў на вялікі населены пункт, дзе маецца некалькі вуліц, яўна недастаткова. Вось і ўзніклі ў вёсцы стыхійныя сметнікі, з-за якіх “успыхваюць” канфлікты не толькі з санітарна- эпідэміялагічнай службай, а і паміж суседзямі. Звалкі ўтварыліся таксама на грамадскіх тэрыторыях, на ўскрайках лясоў. А ў гэтай сітуацыі церпяць ужо работнікі лясніцтва, якіх прыродаахоўная інспекцыя застаўляе наводзіць парадак у сваіх угоддзях.

Праблема ўтылізацыі адходаў вядомая і, на жаль, характэрная для многіх населеных пунктаў. У.Г.Аўдошка паведаміў вяскоўцам, што закрыццё сельскіх міні-палігонаў было звязана з тым, што збор смецця і яго вываз з пачатку года планавалася ад камунальнай службы аддаць на водкуп Наваполацкаму біямехзаводу, аднак яго магутнасцяў пакуль не хапае, каб прыняць наш раён на абслугоўванне. Значыць будзе весціся работа па ўдасканаленні існуючай сістэмы збору, кантролю за адпаведнасцю графікаў вывазу. Грамадзяне павінны разумець і тое, што гэта зусім не танная справа, таму трэба па максімальнаму заключаць дагаворы на кантэйнернае абслугоўванне з УП ЖКГ. Як адзначыла галоўны інжынер прадпрыемства Анжаліка Джонаўна Хахлова, якая таксама прысутнічала на прыёме, ужо зараз у Касарах замест трох кантэйнераў устаноўлена пяць, хаця і не вытрымліваецца існуючая норма 1 кантэйнер на 10 дагавораў – іх заключана менш. Але нават нягледзячы на гэта, магчыма ўстаноўка вясной дадатковых ля могілак.

Пагадзіліся вяскоўцы з меркаваннем старшыні сельвыканкама Алега Леанідавіча Сыса аб тым, што неабходна ладзіць суботнікі па навядзенні парадку як на месцы апошняга прытулку, так на грамадскіх тэрыторыях. А вось з нахіленымі дрэвамі, якія пагражаюць помнікам, самі людзі не справяцца. Раней падобныя праблемы вырашалі з дапамогай тых жа работнікаў лясніцтва, але зараз у аварыйны стан прыйшлі дрэвы, якія немагчыма зваліць з пня, не пашкодзіўшы агароджы і помнікі, трэба выкарыстоўваць вышку. У.Г.Аўдошка даручыў разгледзець магчымасць выканання работ спецыялістам камунгаса. Заадно заедуць яны і да Алы Мікалаеўны Парахонькі, якая звярталася да старшыні райвыканкама з просьбай спілаваць дуб у яе на двары.

Дрэвы ж абапал вуліцы Цэнтральнай, якая з’яўляецца і аўтадарогай, абразалі работнікі Ушацкай лінейна-дарожнай дыстанцыі ДЭУ №37 г.Лепеля, а вось за сабой не ўсё ўбралі, таму гэта ўзята на кантроль. Не ўпрыгожваюць галоўную вуліцу і рэшкі дома пасля пажару. Па словах А.Л.Сыса, знесці іх нельга, тут прапісаны чалавек, які зараз не мае пастаяннага месца жыхарства. Старшыня райвыканкама даручыў правесці работу з роднымі мужчыны наконт яго прапіскі ў іх, калі не атрымаецца – шукаць іншыя шляхі вырашэння пытання.

Як гэта часта бывае, на прыём да кіраўніцтва райвыканкама прыязджаюць і жыхары суседніх вёсак. Вось і на гэты раз да У.Г.Аўдошкі звяртаўся Аляксандр Пятровіч Пасканенкаў з Садкоў. Мужчына скардзіўся на “франтавы” стан дарогі, якая праходзіць ад Весніцка праз іх населены пункт, ды і наогул многіх іншых трас. Аляксандр Пятровіч на сваёй сядзібе і вакол яе трымае ідэальны парадак і яго, як чалавека неабыякавага, таксама турбуе праблема адсутнасці кантэйнера для смецця ў Садках. Жыхароў тут засталося зусім нямнога, але, па словах мужчыны, ён і адзін згодны аплачваць паслугі камунгаса. Таксама А.П.Пасканенкаў прасіў звярнуць увагу на неабходнасць высечкі кустоўя уздоўж дарогі ў іх населеным пункце, уборкі выдаленай расліннасці пад лініямі электраперадачы, навядзенне парадку ля сіласных траншэй, рамонту ФАПа ў Касарах і некаторыя іншыя пытанні.

Як адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Пётр Аляксандравіч Алексяёнак, заўвагі, просьбы і пажаданні як жыхароў Касароў, так і астатніх вёсак сельсавета, якія ў рамках Дня работы з насельніцтвам наведалі члены рабочых груп, будуць абагульнены, пасля іх аналізу складзены пратакол даручэнняў адпаведным службам па ўхіленні выяўленых недахопаў.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *