В коллекции нумизмата Леонида Шахновского почти 10 тысяч монет со 186 стран мира

Общество

“Прынёс столькі, колькі памясцілася ў багажнік аўтамабіля, але гэта толькі частка маёй калекцыі, – адзначаў Леанід Пятровіч Шахноўскі, завітаўшы на пасяджэнне клуба цікавых сустрэч “Ушачане” ў раённай бібліятэцы. Ад расказу, які атрымаўся надзвычай цікавым, ніхто з прысутных не застаўся раўнадушным. Яно і не дзіўна: на сённяшні дзень у калекцыі начальніка адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў каля 10 тысяч манет са 186 краін свету!

“Пачыналася ж усё 30 гадоў таму, калі ў 1980-м запускалі ў неба алімпійскага мішку і я, уражаны спартыўнымі падзеямі, пачаў збіраць тэматычныя значкі, а ў хуткім часе і манеты, тады якраз ад дзеда дасталася некалькі паўрублёў 20-х гадоў. Паступова гэта пачало перарастаць у захапленне. Калі пайшоў вучыцца, знаёміўся з іншымі нумізматамі, уступаў у адпаведныя клубы, абменьваўся ці купляў манеты. Так, у студэнцкія гады, калі трапляўся рэдкі экзэмпляр, часам заставаўся без абеду. Са з’яўленнем спецыяльных інтэрнэт-сайтаў стала яшчэ прасцей знайсці аднадумцаў. Пастаянна перапісваемся, сустракаемся з калекцыянерамі не толькі Беларусі, а і іншых краін свету. Напрыклад, днямі перапісваліся з іспанцам, але часам перасылка бандэролі за мяжу каштуе ледзь не ў 10 разоў больш самой манеты. А былі і іншыя моманты: падчас вучобы ў медвучылішчы бачу, хлопец рыхтуецца да рыбалкі і свідруе сярэбраны паўрубель – рэдкі і ў выдатным стане. Кажу, я б табе лепш тры блясны купіў, чым сапсаваць манету”, – расказвае Леанід Пятровіч.

Чаго толькі няма ў яго калекцыі, пра якую сапраўды можа гаварыць гадзінамі і вельмі цікава. Самая старэйшая манета, напрыклад, датуецца часамі Вялікага княства Літоўскага – 1573 годам, ёсць медныя царскага перыяду, а адны з апошніх, што з’явіліся ў альбомах, прыслалі з Кітая і Йемена. Канечне, у такога апантанага нумізмата маецца калекцыя беларускіх памятных манет, сярэбраных і медна-нікелевых. У ёй сабраны, напрыклад, розныя серыі – святы і абрады беларусаў, знакі задыяка. Маюцца манеты часоў Вялікай Айчыннай вайны, але яны рабіліся з цынку, а таму на сённяшні дзень цяжка знайсці іх у выдатным стане. Значную частку калекцыі займае серыя старажытных расійскіх гарадоў і гарадоў воінскай славы. Ёсць нават экзэмпляры, прысвечаныя савецкім мультфільмам – “Ну, пачакай!”, “Брэменскія музыканты”, “Віні-Пух”. Выпускаюць у Расіі манеты і да многіх значных святаў і падзей, як напрыклад, Алімпіяда ў Сочы, да 75-годдзя Вялікай Перамогі – 9 ужо пабачылі свет, яшчэ некалькі з’явяцца ў маі.

Цікава, што манеты бываюць не толькі круглымі. Да прыкладу, серыі з Багамскіх астравоў і Усходніх Карыбаў прыцягваюць увагу сваёй нестандартнай формай.

Падабаецца літаральна ўсім кветкавая серыя ў спецыяльнай вокладцы, з інфармацыяй, у цэнтры манеты каляровы выгляд кветкі. А вось Казахстан выпусціў серыю з прадстаўнікамі фаўны.

“А гэта амерыканскія манеты, – дэманструе яшчэ адзін важкі альбом Л.П.Шахноўскі. – Ёсць у ім серыя “Прэзідэнты”, але цікавы факт: у ЗША манеты, прысвечаныя кіраўнікам краіны, выпускаюцца не раней, чым праз 2 гады пасля іх смерці. Таму тут пакуль і незапоўненыя месцы Буша і Барака Абамы. Зрэшты, кожная краіна вырабляе калекцыі, каб здзівіць іншую. Напрыклад, ёсць манета, якая выканана ў форме пясочнага гадзінніка ці ў форме сэрца і складаецца з дзвюх палавінак. Партугалія ў гэтым годзе выпусціла залатую манету з выявай Эйнштэйна ў камплекце з лупай тыражом 999 штук і кошт яе даходзіць да 600 еўра. Такое, канечне, дазволіць сабе могуць нямногія, ды і немэтазгодна гэта”.

Дарэчы, на заўвагу, што нумізматыка – дарагое захапленне, Леанід Пятровіч прывёў наглядны прыклад: сярэднестатыстычны курыльшчык траціць у месяц на шкодную звычку каля 20 долараў і яму не шкада гэтых грошай. Можна ж іх накіраваць якраз на захапленне. Тым больш што ніхто не скуплівае манеты адразу, цікава збіраць іх паступова. Ну а на пытанне, калі паспявае адводзіць на гэта час, з усмешкай адзначыў: “Ночы ў нас не кароткія! Ды і любы чалавек, які чымсьці захапляецца, заўсёды знойдзе для любімай справы хвілінку”.

З задавальненнем Л.П.Шахноўскі зазначае, што трое сыноў ужо таксама акунаюцца ў цікавы свет манет. Нават малодшыя, якім яшчэ толькі 6 і 8 гадоў. “Трапяць мне аднолькавыя экзэмпляры, тады і даю аднаму, напрыклад, аргенцінскую, а другому – кубінскую. Так, і нараджаецца інтарэс, каб у абодвух з’явілася такая ж. Шмат ім паказваю і расказваю. Будзе каму перадаць калекцыю!” Да слова сказаць, зараз у ёй “закрыты” амаль усе краіны свету, не хапае толькі некалькіх з Заходняй Афрыкі і Паўднёвага Судана.

Збірае Леанід Пятровіч і банкноты, але бліжэй яму ўсё ж менавіта манеты. Лічыць сваё захапленне і захаваннем гісторыі, а з гадамі яго энтузіязм не знікае, таму калекцыя будзе яшчэ папаўняцца.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *