День работы с населением прошёл в Великодолецком сельсовете. Самые острые проблемы — дорожные и утилизации бытовых отходов

Общество

Дзень работы з насельніцтвам, які праводзіўся на тэрыторыі Вяліка­долецкага сельсавета, выявіў праблемы, агульныя для многіх населеных пунктаў. Сярод самых вострых – дарожная і ўтылізацыі бытавых адходаў.

Ямкавы рамонт дарог патрэбны па вуліцы Садовай у Вялікіх Дольцах, у Новым Жыцці і Казімірове. На неабходнасць грэйдзіравання і падсыпкі гравійкі паміж цэнтрам сельсавета і Замошшам указалі мясцовыя жыхары і дачнікі гэтай курортнай вёскі. Таксама на якасць дарожнага палатна скардзіліся ў Садках, Малых Дольцах, Ветчы, чакаюць падсыпкі пад’язныя шляхі да Адворыцы і Заляддзя, участак ля могілак у Заазер’і. Зноў былі агучаны і скаргі наконт нездавальняючага стану ўязных знакаў-указальнікаў – у Пуцілкавічах, Оснаве, Антунове, Лагах, Казімірове. У Старыне прасеў участак дарогі, у выніку чаго труба праз яе зараз нагадвае “спячага паліцэйскага”, для нармальнага вадасцёку яе неабходна апускаць ніжэй.

У пэўным плане “эвалюцыяніруе” і смеццевае пытанне – калі раней нараканні ў асноўным былі на недахоп кантэйнераў (праблема працягвае заставацца актуальнай для Садкоў і Замошша), то зараз людзі хочуць абсталявання менавіта кантэйнерных пляцовак: агароджаных, каб ёмістасці для смецця былі з накрыўкамі. Гэта тэма ўздымалася ў буйных населеных пунктах сельсавета – Вялікіх і Малых Дольцах, Казімірове, Касарах, Царкавішчы. А ў Ветчы прасілі часцей адпраўляць смеццявоз улетку, калі ў вёску прыязджае шмат дачнікаў.

Вялікі блок пытанняў “назбіраўся” наконт выдалення аб’ектаў расліннага свету, добраўпарадкавання. На пагрозу аварыйных дрэў скардзіліся ў Вялікіх Дольцах, Новым Жыцці, Жаўніне, Старыне. У Весніцку і Касарах прасілі правесці высечку на могілках. Таксама ў апошнім населеным пункце, Казімірове і Садках – часткова ліквідаваць кустоўе ў межах вёсак. А ў Пораўне, напрыклад, дрэвы спілаваныя, а неабходна ўбраць вецце пад лініямі электраперадачы. У Касарах жа не падчысцілі за сабой пасля высечкі кустоўя дарожнікі, уздоўж дарогі з Афераўшчыны на Глінішча – работнікі лясной гаспадаркі. Не надаюць прыгажосці населеным пунктам і трухлявыя дамы, іншыя пабудовы. Аб уборцы старых платоў казалі ў Мазуліне, адрыны, якая развалілася, – у Пораўне. У Малых Дольцах, Храмёнках, Антунове, Пуцілкавічах і Мірным у агульнай колькасці вяскоўцы налічылі 13 трухлявых дамоў. Значная іх колькасць, а таксама іншых разваленых гаспадарчых пабудоў і закінутых садоў, у Старыне. Таксама жыхароў сельсавета хвалююць праблемы абкосу нічыйных тэрыторый улетку, барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага. Праблемы ліквідацыі рэшткаў дамоў пасля пажараў уздымаліся ў Малых Дольцах і Касарах.

Узнікалі пытанні і з іншых сфер жыццядзейнасці, абслугоўвання грамадзян, але яны насілі ў асноўным прыватны характар. Напрыклад, у Замошшы прасілі ўстанавіць дадатковыя ліхтары вулічнага асвятлення, рамонт, абслугоўванне і эксплуатацыя водаразборных калонак хвалююць некаторых жыхароў Весніцка і Казімірова. У Мірным была просьба садзейнічання ў працаўладкаванні чалавека. Адзначаны адзінкавыя выпадкі скаргаў на асартымент тавараў у крамах і аўтамагазінах спажывецкай кааперацыі.

У рабоце рэйдавых груп, якія абследавалі вёскі і сустракаліся з жыхарамі, актыўны ўдзел прымалі і члены дэпутацкага корпусу, якія разам са старшынёй раённага Савета Наталляй Мікалаеўнай Марковіч наведалі многія населеныя пункты Вялікадолецкага сельсавета. А на мінулым тыдні правялі маніторынг пытанняў, што ў першую чаргу хвалююць насельніцтва, і ў некаторых вёсках Вяркудскага.

– У цэлым можна адзначыць адсутнасць нараканняў на якасць абслугоўвання з боку медыцынскай, газавай і сацыяльнай службаў, устаноў культуры і адукацыі, – канстатавала Наталля Мікалаеўна. – Абследаванне выявіла, што і ў Вяркудскім сельсавеце на першае месца таксама выходзяць праблемы ўтрымання дарог і добраўпарадкавання, стану пад’ездаў да могілак. Пытанні, узнятыя грамадзянамі падчас Дня работы з насельніцтвам, разгледжаны на вытворчай нарадзе ў старшыні райвыканкама У.Г.Аўдошкі. Зразумела, што пры сціплым бюджэце сельвыканкамаў, слабым тэхнічным узбраенні і недахопе фінансавання на гэтыя мэты ў ДРБУ-105, вырашыць іх усе адразу не атрымаецца, але пачаргова будуць закрывацца найбольш праблемныя месцы, у тым ліку і за сродкі самаабкладання грамадзян, прыцягнення да гэтай справы шэфаў.

Падрыхтаваў Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *