Не спешите бросать спичку в сухую траву и правильно сжигайте мусор на участке!

Профилактика и безопасность

Бясснежная зіма і цёплае надвор’е – на поўдні краіны ўжо зарэгістраваны дзясяткі выпадкаў палаў сухой расліннасці, якія вельмі часта прыводзяць да буйных пажараў, агонь знішчае дамы, надворныя пабудовы, забірае чалавечыя жыцці.

Пашкадуйце прыроду

Некаторыя людзі памылкова лічаць, што выпальванне травы прыносіць пэўную карысць: “прагравае” і ўгнойвае глебу, знішчае насенне пустазелля, стымулюе рост новай травы. Насамрэч, палы зніжаюць урадлівасць і павышаюць кіслотнасць глебы, забруджваюць паветра вуглякіслым газам, шкодзяць расліннасці, знішчаюць карысных насякомых, гняздоўі птушак, а падчас моцнага пажару гінуць нават звяры. Пры спальванні травы ўздоўж дарог у паветра разам з дымам трапляюць солі цяжкіх металаў, у сельскай мясцовасці ў агні разам з травой згараюць рэшткі ўгнаенняў і ядахімікатаў, утвараючы лятучыя таксічныя злучэнні.

Удараць па кішэні!

У Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам, парушаючы які, можна “прагарэць” на суму ад 270 да 1080 рублёў. Летась ва Ушацкім раёне за палы травы штрафы атрымалі 11 чалавек. На тэрыторыі, прылягаючай да жылых і гаспадарчых будынкаў, гаражоў, адкрытых стаянак, не дапускаецца выпальванне сухой расліннасці, развядзенне вогнішчаў, спальванне смецця і адходаў. Пры выяўленні такіх фактаў, а таксама за выпальванне ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў на зямельных участках на вінаватых асоб накладаецца штраф у памеры ад 10 да 40 базавых велічынь. За распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь.

Як пазбавіцца ад смецця?

Як адзначыў намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Д.К.Лёля, спаліць смецце на сваім участку можна, але выконваючы правілы бяспекі. Трэба кантраляваць развядзенне вогнішчаў на спецыяльна падрыхтаваных пляцоўках, якія трэба абраміць ачышчанай ад мінеральнага слою паласой глебы шырынёй не менш 25 сантыметраў. Паліць адходы неабходна ў бязветранае надвор’е, пры абавязковай наяўнасці пярвічных сродкаў пажаратушэння (ёмістасць з вадой аб’ёмам не менш 10 літраў і рыдлёўка) і на адлегласці не менш 10 метраў ад будынкаў і збудаванняў, 25 – ад ляснога масіву, 30 – ад месцаў, дзе складзіруецца сена або салома. Мангал або грыль устанаўлівайце ў чатырох метрах ад пабудоў. Падпаленыя матэрыялы павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення. Ні ў якім разе нельга пры спальванні смецця выкарыстоўваць гаручыя вадкасці.

Не парушайце правілы і ў лесе

Летась на Віцебшчыне было зарэгістравана 32 пажары ў лясным фондзе, у тым ліку 2 узгаранні на Ушаччыне. Работнікі лясгаса ўдзяляюць вялікую ўвагу прафілактыцы, у зонах масавага адпачынку абсталёўваюцца спецыяльныя месцы для развядзення вогнішчаў, робяцца мінералізаваныя палосы ў лясных масівах. “Настойліва просім грамадзян быць уважлівымі і асцярожнымі з агнём, строга выконваць правілы пажарнай бяспекі: не кідаць падпаленыя запалкі і акуркі, не разводзіць вогнішча ў лясных масівах, на тарфяніках і ў месцах з падсохлай травой, не выпальваць сухую расліннасць на палянах, не пакідаць у лесе прамаслены або прамочаны гаручымі рэчывамі матэрыял, бутэлькі або шкло – яны здольныя спрацаваць як запальныя лінзы”, – гаворыць інжынер па ахове і абароне лесу Ушацкага лясгаса І.С.Шугалей.

За парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках, якія не нанеслі ўрону, вы можаце атрымаць папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 25 базавых велічынь. Калі ж з-за пажару па вашай віне адбылося знішчэнне або пашкоджанне лесу або тарфянікаў, штрафу не пазбегнуць і складзе ён ад 25 да 50 базавых велічынь. Калі вы ўбачылі ўзгаранне ў лесе, паспрабуйце ліквідаваць ачаг уласнымі сіламі. Калі гэта немагчыма, хутка пакіньце небяспечную зону, абавязкова паведаміце пра месца пажару ў лясгас або МНС па нумары 101 ці 112.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *