В ОАО «Ильюшинский» готовятся к посевной кампании-2020

Сельское хозяйство

Неаднаразовыя пераможцы раённых спаборніцтваў сярод трактарыстаў-машыністаў цёзкі Аляксандры – Майсеенка і Селезень з ААТ “Ільюшынскі” – расказвалі нам у мінулыя гады, што самым любімым для іх відам работ з’яўляецца ворыва. Але ва ўмовах цяперашняй пераўвільготненасці глебы наўрад ці прыносіць такая праца задавальненне. Тым больш што  неба зноў падкінула дажджу.

З-за высокага прыдарожнага ўзгорка пад Сержанамі трактароў не было відаць, іх месцазнаходжанне выдаваў толькі далёкі натужны гул рухавікоў. Узняўшыся вышэй, заўважыў, што “жалезныя коні” штурмуюць схіл: нават заглыбіўшыся плугамі, шматтонны К-744 і меншы МТЗ-1221 так і імкнула ссунуць па гліністай глебе ўніз, таму вытрымаць зададзены напрамак насамрэч было няпроста.

“Кіравец” на сёлетнім узворванні асвойвае А.Майсеенка.

– Добрая машына – магутная і ў кіраванні нескладаная, але ўсё ж да свайго былога трактара я больш прывычны, столькі год на ім адпрацаваў, – кажа Аляксандр Пятровіч і паказвае на сінюю кабіну, якая паступова набліжалася з-за пагорка. – А вось, дарэчы, і ён, Саша Селезень на ім зараз працуе – пара наша трывалая!

І сапраўды, практычна кожны сезон вясной ці ўвосень яны шчыруюць на ўзворванні побач. У МТЗ-1221 А.Селезня выйшла са строю каробка перадач, таму і давялося яму перасесці на трактар калегі – свой адрамантаваць няма ні часу, ні запчастак. На другім участку вялікага поля таксама віднелася шырокая паласа свежаўзнятай глебы: “Там Дзмітрый Бурак, а Анатоль Усовік сёння арэ бліжэй да дому – на старасельскім участку”, – паведамілі аб дыслакацыі тэхнікі механізатары.

Іх у “Ільюшынскім” не так і многа, таму прыходзіцца працаваць адразу на некалькі франтоў – і арганіку адвозіць, і на пагрузчык садзіцца. Раней звычайнай пары распачалося ворыва, ды з улікам аб’ёмаў веснавых работ яно мабыць і лепш – з восені, зноў жа з-за макраты, у гаспадарцы не выканалі заданне па ўздыме зябліва, таму плошчы ворыва пад яравую сяўбу яшчэ больш узраслі і нагрузка на кожную адзінку тэхнікі вялікая. Па словах галоўнага агранома гаспадаркі Аляксандра Сяргеевіча Селівёнка, даведзены план толькі зерневых і зернебабовых складае 1625 гектараў. Калі дабавіць сюды рапс і 100 гектараў кукурузы на насенне, іншыя культуры, то лічбы атрымліваюцца вельмі ўнушальныя. Зрэшты, у гаспадарцы глядзяць на рэчы рэальна: “Без пабочнай дапамогі такія аб’ёмы не выканаем нават пры ўсім жаданні”.

Глядзячы, як тры трактары працуюць “у адзін кацёл”, зацікавіўся, якім чынам механізатары вызначаюць аб’ёмы зробленага за дзень, бо шырыня захопу плугоў у іх розная. “На ўсіх пароўну падзелім!” – без ценю ўсмешкі кажа А.Селезень, у якога колькасць карпусоў на прычапным агрэгаце якраз найменшая і які, зразумела, быў бы зусім не супраць такога метаду. На самой жа справе на энерганасычаных “Кіраўцы” А.Майсеенкі і МТЗ-3022 Д.Бурака ўстаноўлены навігатары і камп’ютарная сістэма аўтаматычна падлічвае запрацаваныя гектары, што ў астатку – А.Селезня.

Пажартаваўшы і адпачыўшы пару хвілін, механізатары зноў схаваліся ад дажджу ды золкага ветру ў зацішных кабінах. Цеплыня адчуваецца і ў паважлівых адносінах гэтых простых і нешматслоўных мужчын паміж сабой, і ў стаўленні да работы, чаго ні ў якім разе не скажаш пра іх працоўнае месца.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *