Сделают сувенир на заказ или покажут мастер-класс! В Доме ремёсел идёт подготовка к Пасхе и 9 Мая

Общество

Напярэдадні знакавых для вернікаў і ўсіх беларусаў дат ва Ушацкім Доме рамёстваў кіпіць работа – майстры “чаруюць” над вырабам адмысловай сувенірнай прадукцыі, вучаць гэтаму гурткоўцаў ды ўсіх жадаючых.

Зусім хутка – Вялікдзень. У светлае хрысціянскае свята прынята фарбаваць яйкі і пячы кулічы. Творчыя людзі робяць гэта па-свойму: распісваюць ці аздабляюць каляровымі стужкамі розныя загатоўкі, шыюць для іх адмысловыя падстаўкі, ручнікі.

– Усё выканана ў народным стылі, – дэманструючы міні-калекцыю вырабаў з лёну, мешкавіны, расказвае майстар Валянціна Мугака. – Упэўнена: у любым доме такія рэчы будуць дарэчы – дбаем і аб прыгажосці, і аб зручным выкарыстанні. Паралельна рыхтуемся і да 9 Мая – вось якую прыгажуню ў ваеннай форме вырабілі!

Усім канонам народнай творчасці адпавядаюць лялькі Святланы Півульскай “Вялікодная галубка” і “Вербніца”. Перад тым, як узяцца за справу, майстар уважліва вывучыла літаратуру па тэме, пазнаёмілася з вырабамі іншых творцаў. Велікоднай тэматыкай зацікавіла жанчына і юных гурткоўцаў – прыгожыя выцінанкі, арыгінальныя паштоўкі ў іх выкананні ўпрыгожваюць зараз не толькі сцены Дома рамёстваў, але і дамы многіх ушачан.

Не менш карпатлівай работай заняты падапечныя Крысціны Кляшчонак. Пад рукой у дзяўчат – горы каляровых стужак, пацерак, гузікаў, якія ў напрактыкаваных руках хутка ператвараюцца ў цікавыя сувеніры.

Творчых ідэй і планаў у работнікаў Дома рамёстваў хоць адбаўляй! Даўно палюбіліся ўшачанам і гасцям раёна розныя абярэгі, дыванкі са шкарпэтак, драўляныя кухонныя прыналежнасці, магніцікі з адлюстраванымі адметнасцямі нашага краю, роспісы па дрэве, кераміцы, тканіне і нават шкле… Набываюць усё гэта і многае іншае ўшачане непасрэдна ў сценах установы, а таксама на адмысловых выставах, што ладзяцца падчас правядзення ва Ушачах розных святаў. Адметныя рэчы – сабе ці ў падарунак блізкім – заказваюць па ўласным “праекце”. Таксама за сімвалічную плату майстры арганізуюць для ўсіх жадаючых цікавыя майстар-класы па шыцці, раскройванні.

Прыходзьце, натхняйцеся, тварыце!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *