Из кардиологов в инфекционисты. На что приходится идти медикам в условиях пандемии

Здравоохранение Общество

Інфекцыйны кабінет, абсталяваны на другім паверсе ўшацкай паліклінікі, з’яўляецца зараз тым сакральным месцам, дзе людзі, што заўважылі ў сябе трывожныя сімптомы, атрымліваюць папярэдні “прысуд” і, у залежнасці ад рашэння ўрача, альбо ідуць дамой падлечваць прастуду, альбо накіроўваюцца на больш глыбокае абследаванне. Для пацыентаў з павышанай тэмпературай у кабінет нават прадугледжаны асобны ўваход: па лесвіцы з боку РайЦГЭ, каб мінімізаваць кантакты з іншымі наведвальнікамі. Вядома ж, весці тут прыём асабліва адказна: упэўніліся ў гэтым, паназіраўшы за работай урача Марыі Сяргееўны Тулей.

Па сваёй асноўнай спецыялізацыі яна кардыёлаг, аднак у свеце апошніх падзей вялікая частка яе пацыентаў – а яны належаць да групы рызыкі па COVID-19 – стараюцца без надзвычайнай патрэбы не прыходзіць у паліклініку. А таму малады доктар трапіла ў лік тых калег, хто экстранна асвоіў актуальны зараз інфекцыйны профіль.

– Гэта было нескладана, – тлумачыць Марыя Сяргееўна. – У Віцебскім медуніверсітэце, які скончыла тры гады таму, курс інфекцыйных хвароб мы вывучалі два семестры і веды набылі даволі грунтоўныя. Прынамсі, гэтая “спадчына” савецкай медыцыны, як і захаванне ў Беларусі сістэмы санстанцый, аказалася дальнабачным і правільным рашэннем – што зараз прызнаюць не толькі ў нас, а і ва ўсім свеце.

Увогуле ж ужо напачатку эпідэміі ў райбальніцы пачалі перапрафіліраваць урачоў і навучаць неабходным навыкам. У прыватнасці, загадчык інфекцыйнага аддзялення Вольга Пятроўна Ярмош паказвала калегам, як правільна карыстацца сродкамі індывідуальнай аховы, апранаць супрацьчумныя касцюмы. Да слова, прыём у інфекцыйным кабінеце ўрачы і медсёстры вядуць ва “ўзмоцненай” экіпіроўцы: абавязковым атрыбутам з’яўляюцца не толькі пальчаткі і маска, але і шчыток для аховы твару. Для папаўнення ведаў новаспечаных інфекцыяністаў праводзяцца відэаканферэнцыі, парады пра больш эфектыўныя прэпараты і методыку лячэння атрымліваюць ад куратараў з Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Прайшлі спецыяльнае навучанне і медработнікі, якія ажыццяўляюць забор мазкоў. Займаюцца медыкі і дадатковай самаадукацыяй.

– Вы знаходзіцеся фактычна на перадавой барацьбы з каварным і малавывучаным вірусам. Як спраўляецеся з бояззю? – пытаемся ў дзяўчыны і атрымліваем у адказ бачную нават праз ахоўныя сродкі ўсмешку.

– Вядома ж, усім людзям уласцівы інстынкт самазахавання, а таму стараемся строга прытрымлівацца правіл бяспекі. Маю добрыя адносіны з многімі ўрачамі райбальніцы і магу сказаць, што панічнага настрою ні ў каго няма. Кожны стараецца выконваць сваю справу з максімальнай канцэнтрацыяй і адказнасцю, падтрымліваць адзін аднаго. Хвалюемся больш не за сябе, а за блізкіх. Нам прапаноўвалі варыянт ізаляванага пражывання на час эпідэміі, аднак усе самастойна прадумалі такія ўмовы, каб можна было заставацца дома, але максімальна засцерагчы ад небяспекі сваіх блізкіх. Мне ж у гэтым сэнсе ўвогуле проста, бо пакуль што жыву адна.

– А ці ёсць цяпер вольны час? Ці паспяваеце, напрыклад, глядзець тэлевізар?

– Зараз ва ўсіх медыкаў гарачая пара, да таго ж не з’яўляюся прыхільнікам блакітнага экрана. Ды і ўшачанам хачу параіць не пагружацца занадта глыбока ў вір інфармацыі, не зацыклівацца на пужаючых лічбах каранавіруснай статыстыкі. Многія факты падаюцца праз “крывую” прызму і спрыяюць таму, што людзі акумулююць у сабе паніку і негатыў – а гэта рэальна перашкаджае арганізму супрацьстаяць інфекцыям. І яшчэ: усе мы, канечне, зараз асабліва ўважліва прыслухоўваемся да свайго стану, але ж не варта пры ўзнікненні насмарку ці іншага лёгкага недамагання спешна кіравацца на прыём да інфекцыяніста – асабліва гэта датычыцца людзей ва ўзросце. Якія б меры дэзінфекцыі ні прымаліся, але канцэнтрацыя мікробаў у паліклініцы застаецца высокай, таму лепш патэлефануйце ў рэгістратуру, раскажыце пра свае сімптомы і пры неабходнасці доктар наведае вас на доме.

Наталля БАГДАНОВІЧ, Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *