Во время республиканской акции по профилактике неинфекционных заболеваний скидкой на отечественные лекарства в Ушачской аптеке воспользовались 1050 покупателей

Общество

Сярэдні беларус траціць на лекі каля 70 долараў у год – лічба не такая ўжо вялікая: асабліва ў параўнанні, напрыклад, з амерыканцамі, якія выдаткоўваюць на гэта больш 700. Зрэшты, пакінуць у аптэцы толькі самы мінімум могуць дазволіць сабе маладыя ды здаровыя. А вось хранічны гіпертонік ці хворы на артрыт павінен выдзяляць у год на неабходныя прэпараты ад 2 да 5 з паловай мільёнаў – у залежнасці ад таго, айчынным ці замежным пілюлям аддае перавагу.

У вялікай сям’і Святланы Байцовай з Лутава Сяльца дамашнюю аптэчку папаўняюць даволі часта – муж хварэе на язву страўніка, сама гаспадыня перыядычна здымае лекамі пякотку, яе пажылой матулі неабходны сасудзістыя прэпараты, ну а калі пачынаюць хварэць дзеці, якіх у сям’і трое – лекаў увогуле “не набярэшся”. Вось чаму, даведаўшыся пра агульнарэспубліканскую акцыю па прафілактыцы неінфекцыйных захворванняў, у рамках якой на мінулым тыдні пакупнікі атрымалі магчымасць набываць айчынныя лекі з 10­-працэнтнай скідкай, гаспадарлівая жанчына паспяшалася ў цэнтральную аптэку. “Карыстаемся пераважна беларускімі прэпаратамі, бо яны і добрай якасці, і адчувальна таннейшыя, – адзначае Святлана. – Да таго ж мы, як мнагадзетная сям’я, маем пастаяннае права 10­працэнтнай скідкі на набыццё некаторых з іх”.

Згодна з ёй і Ніна Пятроўна Хамёнак – як інваліду трэцяй групы ёй таксама не абысціся без пастаяннага ўжывання лекаў, а айчынныя сродкі робяць лячэнне менш дарагім. Дарэчы, у аптэцы Ніна Пятроўна змагла пагутарыць і з урачом­тэрапеўтам Анастасіяй Аляксандраўнай Люцько – ва ўсе дні акцыі спецыялісты ЦРБ давалі кансультацыі для наведвальнікаў. Ушачане ахвотна карысталіся магчымасцю задаць медыкам розныя пытанні – у тым ліку і пра якасць беларускіх аналагаў вядомых імпартных лекаў. “Лічу, напрыклад, што нашы антыагрэганты, антыішэмічныя і гіпатэнзіўныя прэпараты ні ў чым не саступаюць замежным”, – адзначыла Анастасія Аляксандраўна. Ну а кошт некаторых аналагічных беларускіх і імпартных сродкаў параўнала малады спецыяліст, правізар­рэцэптар Марына Міхайлаўна Жынь: “Калі замежны прэпарат экватар каштуе 370 тысяч, то беларускі эквапрыл – больш чым удвая таннейшы. Цікава супаставіць цану на мілдранат прыбалтыйскай вытворчасці і беларускі мельдоній – прэпараты, якія назначаюць для паляпшэння метабалічных працэсаў у сэрцы. Дык вось, апошні абыдзецца пакупніку ў 114 тысяч рублёў, тады як імпартны каштуе 318”.

Вядома ж, кожны чалавек павінен мець права выбару, аднак несумненна, што ўшачане ўсё больш давяраюць айчынным фармаколагам. Сведчыла пра гэта і прыгаданая акцыя, за чатыры дні якой у цэнтральнай аптэцы льготай на набыццё беларускіх лекаў скарысталася 1050 пакупнікоў. Дарэчы, 10­працэнтная скідка на айчынныя прэпараты захаваецца ў дзяржаўных аптэках Віцебскай вобласці да канца чэрвеня.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: А.Люцько, Н.Хамёнак, М.Жынь.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *