На Ушаччине осталось всего 9 ветеранов. Накануне Дня Победы расскажем обо всех

Общество

Час няўмольны, на жаль, усё менш застаецца з намі ветэранаў. На Ушаччыне іх зараз усяго дзевяць – і ў гэтым святочным нумары мы прыгадаем пра кожнага з іх.

Кажуць, што па творах мастака можна вызначыць яго жыццёвы вопыт, філасофію поглядаў. У праўдзівасці меркавання ўпэўнены ўсе, хто знаёмы з творчасцю Дзям’яна Уладзіміравіча КРУПЕНІ. Матэрыял для напісання многіх карцін ураджэнец Судзілавіч браў з уласных успамінаў. Калі пачалася вайна, яму споўнілася 13 гадоў. Хлопец жа ўступіў у атрад імя Суворава брыгады Панамарэнкі. Разам з іншымі ён хадзіў у разведку, быў сувязным пры штабе. Маладыя мсціўцы распаўсюджвалі лістоўкі, якія дастаўлялі з Вялікай зямлі на самалётах. У час блакады давялося ўзяць у рукі вінтоўку. Даверылі Д.Крупеню і штабныя дакументы, якія трэба было захаваць, з чым юнак паспяхова справіўся. “Падчас прарыву нават чаку ад гранаты выдзернуў, – прыгадвае ветэран. – Заставалася толькі кулак расціснуць… У вырашальную ноч цудам падмануў смерць”. У мірныя гады Д.У.Крупеня працаваў, займаўся творчасцю, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці. Ён кожны год імкнецца прысутнічаць на ўрачыстасцях на “Прарыве”. А летась яго расказ пра партызанскую зону ўважліва слухала расіянка, якая спецыяльна прыехала на Ушаччыну, дзе змагаўся і яе бацька.

З першых дзён вайны Валянціну Станіславаўну ІЛЛЮШЭВІЧ чакалі суровыя выпрабаванні – гібель бацькі-падпольшчыка, турэмнае зняволенне, як члена сям’і “бандыта”. Пасля ўцёкаў ад захопнікаў, яшчэ падлеткам яна ўступіла ў атрад імя К.Варашылава партызанскай брыгады імя Суворава. Аказвала пасільную дапамогу народным мсціўцам – расклейвала лістоўкі, дастаўляла прадукты, а паўналецце ў лютым 1944 года сустрэла работніцай брыгаднага шпіталя. “Пачыналася блакада, немцы бамбілі запальнымі бомбамі, – успамінае Валянціна Станіславаўна. – Раненыя ляжалі па двое на ложках, катастрафічна не хапала бінтоў і я адмывала іх ад крыві ў першых красавіцкіх лужынах. Помню, нахіляешся, а ў вадзе ад вошай ажно шэра! Пры эвакуацыі шпіталя падчас прарыву не пакінулі ніводнага байца…” За ўратаванне жыццяў партызан дзяўчыне перад строем народных мсціўцаў намеснік камандзіра брыгады зачытаў падзяку. І хоць не лічыць яна, што ваявала па-сапраўднаму, але той факт, што праз дзесяцігоддзі на адкрыццё помніка ля возера Шо, дзе дыслацыравалася брыгада імя Суворава, яе адшукаў і запрасіў асабіста камісар брыгады, сведчыць аб многім. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, юбілейнымі медалямі.

У партызаны, куды раней пайшлі два яго браты, Сямёна Сцяпанавіча КЛЯПЦА прынялі ў пачатку 1944-га, калі яму споўнілася 18 год. За непрацяглы час знаходжання ў атрадзе Чапаева брыгады імя Кароткіна юнак прайшоў шлях ад сувязнога да кулямётчыка, два разы хадзіў на чыгунку з падрыўнікамі. У самы разгар блакадных баёў 27 красавіка 1944 года, прыкрываючы адыход таварышаў, быў двойчы паранены. “Па кулямётчыках заўсёды б’юць ў першую чаргу – стараюцца падавіць кропку, – прыгадвае ветэран. – Да блізкіх разрываў мін я нават прывык: і зараз памятаю свіст і плёскат, калі яна падае ў балота, а параніла ўсё ж кулямі”. Сямёну Сцяпанавічу пашчасціла выжыць. Са снежня 1944-га аж па сакавік 1951-га ён быў у Чырвонай Арміі. Пасля працаваў у Кубліцкім сельвыканкаме, выхоўваў дзяцей. З’яўляючыся інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, яшчэ і зараз займаецца пасільнымі справамі ў бацькоўскім доме ў родных Прудах: “Столькі гадоў зброю трымаў у руках, а так хацелася за плуг узяцца!”, – дзяліўся ў размове з намі партызанскі кулямётчык. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, юбілейнымі медалямі.

Свята Перамогі для Марыі Іванаўны ДВОРКА заўсёды было асаблівым і двайным, бо якраз 8 мая яна адзначае свой дзень нараджэння – сёння ёй спаўняецца 95 гадоў!

У пачатку вайны маладая дзяўчына трапіла ў нямецкі лагер пад Лепелем, але ёй пашчасціла ўцячы. Вярнуўшыся дадому, яна цвёрда вырашыла пайсці ў партызаны. “Дапамога нам лішняй не будзе – казалі мне, прымаючы ў сваю “партызанскую сям’ю”. Маёй асноўнай задачай было шыццё абмундзіравання, а калі-небудзь мне даручалі і больш сур’ёзныя заданні – схадзіць у разведку. У Бароўцы жыла адна з маіх сясцёр і я накіроўвалася туды, высвятляла абстаноўку ў населеным пункце, акупіраваным ворагам”,  – прыгадвае Марыя Іванаўна. Некаторы час яна была і ў добра вядомай брыгадзе Дубава, створанай у 1942-м годзе ва ўрочышчы Істопішча непадалёк ад яе роднага Старога Сяла. Пасля вайны жанчына не стварыла сям’ю, але сваю нерастрачаную пяшчоту і любоў яна дарыла вучням, выкладаючы ў Жарах і Старым Сяле фізічную культуру.

Васіля Мікалаевіча КАЗАЧОНКА проста неяк уявіць без гармоніка ў руках. Для ўсіх, хто завітае ў яго дом у Завыдрыне, ён з задавальненнем сыграе на інструменце, якому больш за сотню гадоў. Нярэдка гучыць тут і песня “Дзень Перамогі”. Калі ж пачыналася вайна, хлопцу было толькі 15. Бацьку прызвалі на фронт, а юнак вырашыў далучыцца да партызан. Васілю хацелася здзяйсняць подзвігі, узрываць эшалоны, але яму давяралі больш простую справу: стаяць на пасту і сачыць за тым, каб чужыя не пераходзілі межы іх мясцовасці. У асноўным нёс службу на роднай Віцебшчыне – у Лепелі, Бешанковічах, Чашніках, пад Віцебскам. “Часта ў атрадзе не было чаго есці і з намі дзяліліся жыхары вёсак, праз якія праходзілі, а бывала і наадварот – мы аддавалі апошняе людзям з абрабаваных і спаленых населеных пунктаў”, – прыгадвае ветэран. Пасля вайны Васіль Мікалаевіч вывучыўся на трактарыста і адправіўся на асваенне цалінных зямель, але ўсё роўна цягнула ў родную вёску. І ўвесь астатні яго прафесійны шлях прайшоў ужо на Ушаччыне ў дарожнай арганізацыі. Некалькі дзён таму ветэран сустрэў свой 94-ы дзень нараджэння, і хоць няўмольныя гады, але ў душы ён усё ж такі малады, з запалам актыўнасці і аптымізму.

Усяго 13 год было Кацярыне Рыгораўне КЛЫПА, калі ў яе родную вёску Бабовішча прыйшла вайна. А ў хуткім часе яны з братам сталі “варашылаўцамі” – так называлі партызан аднайменнага атрада брыгады імя Суворава. Справы хапала ўсім: хлопцы хадзілі на заданні, дзяўчаты даглядалі параненых і хворых, гатавалі ежу. Вайна бязлітаснымі жорнамі прайшлася па лёсах яе сваякоў: фашысты спалілі Бабовішча разам з жыхарамі. “На помніку на брацкай магіле значыцца, што там пахавана каля 500 чалавек, аднак ахвяр гэтай расправы значна больш, бо людзей, якія былі расстраляны пры спробах збегчы, хавалі ў іншых месцах”, – расказвае былая партызанка. Пакуль ставала сіл, яна часта наведвала пахаванне, дзе ляжаць сваякі, знаёмыя, аднавяскоўцы…

Усё яе пасляваеннае жыццё было напоўнена цяжкой сялянскай працай, аднак Кацярына Рыгораўна ўдзячная лёсу, бо ёй пашчасціла перажыць ваенную навалу, стварыць сям’ю, нарадзіць чатырох дзяцей. І зараз яе невялікі ўтульны дом у Заляддзі, які калісці будавалі разам з мужам, па-ранейшаму поўніцца галасамі блізкіх людзей.

Міхаіл Сцяпанавіч ІВАНОЎ не паспеў здаць усе экзамены ў педвучылішчы. Калі пешшу прыйшоў у вызначаны дзень з Рагуцкіх – Лепель ужо бамбілі. Дыпламаваным гісторыкам ён усё ж стаў – праўда, толькі пасля вайны, ну а тады, як і многія прадстаўнікі яго вялікай сям’і, пайшоў у партызаны. Разведчык атрада імя Дзідзенкі брыгады “Дубава” меў яшчэ і грамадскую нагрузку – як сакратар камсамольскай арганізацыі (а моладзі ў атрадах было шмат), праводзіў тлумачальную работу, арганізоўвалі нават святы. Неаднойчы выходзіў падрыўнік на чыгунку, і пакуль гарэў бікфордаў шнур… паўзком дабіраўся да выратавальнага лесу.

Вайна забрала яго братоў, пляменнікаў, і многіх сяброў. Ён з цеплынёй прыгадвае іх на старонках сваіх аўтабіяграфічных кніг, як і аднаўленне сельскай гаспадаркі – пэўны час узначальваў калгас на Дубровеншчыне. Аднак амаль усё працоўнае жыццё ён прысвяціў педагогіцы: працяглы час быў дырэктарам адной са школ у Оршы. Варты пераймання і яго сённяшні лад жыцця – самы старэйшы з ветэранаў Ушаччыны – у чэрвені Міхаіл Сцяпанавіч сустрэне свой 98 дзень нараджэння – ён многа чытае, піша і абавязкова робіць зарадку.

Жорсткія ваенныя выпрабаванні для Ефрасінні Нікіфараўны ХАДАН пачаліся зімой 44-га, калі яе, пятнаццацігадовую, разам з іншымі жыхарамі Есяновікаў схапілі карнікі і адправілі ў лагер пад Баранавічамі. Дзяўчыне ўдалося збегчы і трапіць да партызан легендарнай украінскай дывізіі Каўпака. Справа для яе знайшлася ў санчасці. “Плакала часта, бо немагчыма было трываць, калі ў цябе на вачах паміраюць маладыя хлопцы, – узгадвае жанчына. – Брыгада наша конная, часта перамяшчаліся. Вязеш на падводзе параненага, размаўляеш. Змоўкне, адразу да яго нахіляешся – праверыць, жывы ці не. А памрэ хто – хавалі, бывала, проста ля дарогі…” Служба Ефрасінні Нікіфараўны скончылася пасля вызвалення Заходняй Украіны ў лістападзе 1944 года – менавіта ў тых мясцінах дзейнічалі партызаны Каўпака. А яе ўклад у перамогу ацэнены ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, юбілейнымі медалямі.

Пасля вайны дзяўчына выйшла замуж за франтавіка, працавалі ва Ушачах і Лепелі, потым пасяліліся ў Вялікіх Дольцах, куды мужа накіравалі парторгам. Былі ў яе жыцці і страты, і дасягненні. Галоўнай жа каштоўнасцю яна лічыць мір і спакой: “Я б усё, што ў мяне ёсць, аддала за тое, каб цяперашнія людзі не зведалі выпрабаванняў, што выпалі на наш лёс”.

Кацярына Мікалаеўна ВАСІЛЕЎ­СКАЯ выдатна памятае першыя дні вайны, хаця ёй было дванаццаць. Супрацоўнікі ваенкамата, дзе працавала яе маці, трапілі пад абстрэл немцаў… і праз дзень Каця засталася сіратой. Помніць і партызанскія зямлянкі брыгады імя Чапаева, куды яе прывёў даваенны дырэктар школы Макар Кузьміч Усцінаў. Першы час яна дапамагала па кухні, дзе нават просты суп хударлявай дзяўчынцы здаваўся самым смачным. Паступова пайшлі больш складаныя заданні. Яна іграла ролю ўнучкі, калі разам з разведчыкам накіроўваліся на заданні ў Улу. А пасля вызвалення раёна паехала на ваенны завод на Урале, дзе яны, камсамольцы, што па закліку Радзімы сталі добраахвотнікамі, выраблялі дэталі для абаронкі. А потым былі блуканні ў пошуках заробкаў і даху над галавой – ёй не было на каго спадзявацца. Свой першы год у спажывецкай кааперацыі яна пачынала афіцыянткай… пастаянна ля ежы, а катлету магла дазволіць сабе раз на тыдзень. І вельмі радавалася пакою ў доме на некалькі сямей, без выгод і вады.

Кацярына Мікалаеўна стаяла ля вытокаў развіцця раённай кааперацыі, адкрывала харчовыя магазіны па ўсім раёне. І на працягу дзесяцігоддзяў саліравала ў хоры народнага клуба “Ветэран”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *