Ситуация с коронавирусом в Ушачском районе под контролем. 11 человек уже вылечены

Здравоохранение

У Беларусі на 12 мая зафіксавана 24873 выпадкаў заражэння CОVID-19. Як абстаяць справы з захворваннем на Ушаччыне, мы папрасілі расказаць галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Сяргея Анатольевіча МАІСЕЕВА.

– Ахарактарызуйце эпідсітуацыю ў нашым раёне.

– Біялагічны матэрыял для лабараторнага даследавання на каранавірус браўся ў нас амаль 1000 разоў. Станоўчымі аказаліся звыш двух дзясяткаў тэстаў, 11 чалавек ужо вылечыліся. Астатнія знаходзяцца зараз у інфекцыйным аддзяленні райбальніцы ці на ўмовах самаізаляцыі дома (пры лёгкім працяканні захворвання). У апошнім выпадку медыкі штодня наведваюць грамадзян, сочаць за іх самаадчуваннем, кантралююць захаванне вызначаных патрабаванняў. Адзначу таксама, што ў цяперашні час стан усіх пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй стабільны, выкарыстанне апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх не патрабуецца.

Кантакты першага і другога ўзроўню таксама пад назіраннем?

– Канечне. У большасці выпадкаў вядзенне такіх асоб ажыццяўляецца таксама на доме. Для тых жа, у каго няма магчымасці самаізалявацца, прадугледзелі ложкі ў стацыянары райбальніцы і ў Вялікадолецкай БСД.

 Якая абстаноўка з пнеўманіямі?

– Колькасць тых, хто звяртаецца з такой паталогіяй у паліклініку і каго шпіталізуем, паступова змяншаецца. З 5 мая да нас паступае ў сярэднім за суткі па 1-2 пацыенты (максімум – 4), што некрытычна. Прыкладна столькі ж штодня выпісваюцца.

Хачу асобна падкрэсліць, што з пачатку эпідпад’ёму па пнеўманіях праблем са шпіталізацыяй такіх пацыентаў ва Ушацкай ЦРБ не было. Тэрапеўтычнае аддзяленне мы перапрафілявалі ў пульманалагічнае, выдзелілі сумарна 96 ложкаў для лячэння такіх хворых. Дарэчы, многія, а гэта звыш 30, аказаліся незапатрабаванымі – максімальная колькасць пацыентаў з пнеўманіяй у красавіку склала 68, цяпер іх значна менш. Прадугледзелі і “чыстую зону” для грамадзян з іншымі агульнасаматычнымі захворваннямі – хірургічнае аддзяленне.

Некаторыя ўшачане лечацца ад пнеўманіі дома…

– Такое, сапраўды, магчыма – пры ўмове віруснай пнеўманіі. У большасці выпадкаў апошняя паводзіць сябе як звычайны грып ці ВРВІ і не патрабуе інтэнсіўнага лячэння. Дастаткова бывае самаізаляцыі, абільнага піцця і прыёму вітамінаў. Пры бактэрыяльнай жа без сур’ёзнай тэрапіі і пастаяннага нагляду медыкаў не абысціся.

Якія прафілактычныя меры параіце грамадзянам?

– Сітуацыя з распаўсюджаннем каранавіруса кантралюецца, аднак застаецца сур’ёзнай. Мінімізуйце наведанне месцаў масавага знаходжання людзей. Усюды – у магазінах, аптэках, банках – захоўвайце дыстанцыю ў 1,5-2 метра. Не забывайцеся рэгулярна мыць рукі з мылам, выкарыстоўваць антысептычныя сродкі. Пазбягайце блізкага кантакту з людзьмі, у якіх маюцца сімптомы, падобныя на прастуду ці грып. Калі ж такія з’явяцца ў вас, звяртайцеся ў “хуткую дапамогу” па нумары 103 ці рэгістратуру – 5-21-57.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *